Вы тут

Пад патранатам Святога Губерта


Да кожнага прадмета ў музеі можна дакрануцца

Узяць у свае рукі экспанат і разгледзець яго больш дэталёва можна ў незвычайным музеі ў Гродне. У пяці пакоях прыватнага жылога дома сабраны самыя неверагодныя рэчы: ад старых паштовак, царскіх аптэчных рэцэптаў, карцін, бюстаў вядомых асоб да сякер часоў Грунвальдскай бітвы, посуду, мэблі, фотаапаратаў, кавалкаў Берлінскай сцяны... Усе экспанаты музея нейкім чынам звязаны з гісторыяй Гродна ці распавядаюць пра яго стваральніка — адметнага гродзенца Януша Паруліса.

У цагляным доме па дарозе да Каложы пяць пакояў займаюць экспанаты, якія знаходзяцца ў цесным суседстве адзін з адным. Іх назбіралася столькі, што хапіла б на некалькі музеяў. «Мне дасталася добрая спадчына, — распавядае пра ўласны музей побыту Януш Паруліс. — Мой дзед заўсёды збіраў рэчы. Было шмат кніжак, фотаздымкаў, паштовак, карт. Ён казаў, што ўсё можа спатрэбіцца. А ў мяне было дзе гэта паставіць і захаваць».

22-8

Пры ўваходзе ў музей натыкаешся на станок чыгуналіцейнага завода, які ў свой час існаваў у
г. Гродне. Януш Паруліс кажа, што горад калісьці быў вялікім прамысловым цэнтрам. Другі экспанат, які трапляецца на маім шляху, — гэта шыльда абутковай крамы, у якой прадаваўся тэнісны абутак. Па словах Януша Стэфанавіча,
г. Гродна быў і вялікім спартыўным цэнтрам, таму што ніхто не прадаваў бы тут тэнісны абутак, каб у горадзе не было кортаў... «У маіх кнігах па даваеннай гісторыі горада сказана, што тут былі два корты, — дадаў Януш Паруліс. — Але гэта толькі афіцыйныя картклубы, прыватных было значна больш».

Сярод іншых экспанатаў — станок, які рабіў фірменныя цісненні, «баташаўскі» самавар, медны балон ад вады з Друскінінкая, які да стварэння музея Паруліса захоўваўся ў аптэцы-музеі Гродна, частка каміна з завода Станіслава ІІ Аўгуста Панятоўскага.

Нетрадыцыйныя экспанаты для музея — кавалкі Берлінскай сцяны. «У свой час я там быў, — успамінае Януш Стэфанавіч. — Паўсвету прыязджала і купляла сабе кавалкі гэтай сцяны на памяць. Вось і сабе ў Гродна прывёз пяць кілаграмаў». Сярод музейных прадметаў таксама фотаапараты, якім па 120—150 гадоў, кансолі, плеценае крэсла, баявыя сякеры (па словах іх сённяшняга ўладальніка, часоў ажно Грунвальдскай бітвы). Акрамя таго, тут ёсць міні-галерэя з карцінамі, напісанымі да 50-х гадоў мінулага стагоддзя, літаграфіямі. У апошнім пакоі змешчана экспазіцыя з фотаздымкамі Элізы Ажэшкі, якая жыла ў Гродне. Захавальнік музея прыгадвае, што пісьменніца добра выдавалася і мела грошы, дапамагала гродзенцам адбудоўвацца пасля пажараў, купляла ім лекі за свае сродкі.

Януш Паруліс марыць аб тым, каб кожны наведвальнік музея пакідаў яго з жэтонам, на якім адлюстраваны герб Гродна, прычым адбіўшы яго сваімі рукамі. Таму ў бліжэйшых планах — размясціць пры ўваходзе ў музей спецыяльныя прылады для гэтага.

На экспанаты прыходзяць падзівіцца гараджане рознага ўзросту. У музеі ёсць 49 кніг даваеннага часу, выдадзеных у Гродне. Людзі спрабуюць шукаць тут свае карані.

Сярод наведвальнікаў — не толькі беларусы. Заглядваюць госці з Расіі, Англіі, Германіі, Польшчы, Ізраіля. Але ёсць адна акалічнасць. Экскурсія можа адбыцца толькі для 7—8 чалавек, таму што для большай колькасці людзей не хопіць месца.

На ўтрыманне музея Януш Паруліс выдаткоўвае ўласныя сродкі і чакае спонсараў. «Інакш мне давядзецца прадаваць свае экспанаты, каб тут усё давесці да ладу. А гэтага б вельмі не хацелася», — падсумоўвае ён.

Рэчы, якія захоўвае яго музей, распавядаюць і пра самога ўладальніка, асобу цікавую і вядомую. Януш Паруліс размяняў восьмы дзясятак, але грамадскай актыўнасці ў яго можна павучыцца і сёння. Дарэчы, працаваць ён пачаў у 12 гадоў — адразу пасля вайны пайшоў у падмогу да маляроў: спачатку размешваў фарбы, а ўжо потым яму дазволілі фарбаваць. У 14 гадоў хлопчык размалёўваў вялікія плошчы сцен бернардзінскага касцёла ў Гродне. Пасля заканчэння палітэхнікума быў прарабам, майстрам, брыгадзірам. Потым — мастаком у рэкламных майстэрнях. Часу вольнага было шмат: заданне, разлічанае на паўгода, выконваў за месяц, а ўвесь астатні час рамантаваў касцёлы і цэрквы — такіх на яго рахунку 24.

Януш Паруліс ладзіў міжнародныя выставы, прамысловыя і гаспадарчыя, з мастакамі і артыстамі, у Гродне, Калінінградзе, Вільнюсе, Львове. Ёсць яшчэ адна незвычайная старонка ў біяграфіі гэтага чалавека: у свой час ён праходзіў практыку на «Крузенштэрне». Але караблі, на якіх даводзілася плаваць, танулі ажно тры разы. Каб не адбылося чацвёртага падобнага выпадку, ад гэтай справы давялося адмовіцца. Пра любоў да мора гаспадара музея нагадваюць Нептун на сцяне дома, драўляны якар з карчажкі на дзвярах і сапраўдны адміралцейскі — у парозе.

Януш Паруліс — чалавек з цікавым жыццёвым лёсам, які добра ведае гісторыю свайго краю і імкнецца ўсімі сіламі яе захаваць. Сёння ў Гродне няма такога музея, дзе б не выстаўляліся яго экспанаты і каму б ён сам не дапамагаў у арганізацыі экспазіцыі.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».