Гэта, на думку міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага,галоўны вызначальны паказчык запатрабаванасці СМІ ў грамадстве.
Сёння ў сталічным Футбольным манежы пачынае сваю работу ХVІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». Усе выданні і тэлерадыёканалы краіны — і цэнтральныя, і рэгіянальныя — на гэтым своеасаблівым аглядзе дасягненняў стараюцца паказаць сябе найлепш перад чытачамі і калегамі, бо выстава — гэта фактычна справаздача аб поспехах, знаходках, новых формах работы, цікавых праектах. «СМІ ў Беларусі» дае яскравае ўяўленне аб тым, якія працэсы адбываюцца сёння ў сродках масавай інфармацыі, наколькі яны адпавядаюць патрабаванням часу, чым жывуць журналісты, якія ў іх працуюць… Але агульную карціну па краіне найлепш ведае, безумоўна, міністр інфармацыі. «Звязда» задала Алегу ПРАЛЯСКОЎСКАМУ пытанні, якія дапамогуць зарыентавацца ў свеце беларускіх СМІ і тым з нашых чытачоў, хто на выставу не трапіць, і тым, хто захоча сам пазнаёміцца з выданнямі, перадачамі і іх аўтарамі.
— Алег Вітольдавіч, канец красавіка — пачатак мая для беларускіх журналістаў заўсёды знакавы: узнагароджваюцца пераможцы «Тэлевяршыні» і «Залатой ліцеры», праходзіць выстава «СМІ ў Беларусі» — па сутнасці, падводзяцца вынікі працы ўсёй беларускай медыяпрасторы за год. Падсумоўваючы мінулыя дванаццаць месяцаў, на чым бы асабліва засяродзіў увагу міністр інфармацыі?
— Мінулы год сканцэнтраваў у сабе вялікую колькасць важных падзей. Многія з іх былі на слыху і актыўна абмяркоўваліся ў беларускім грамадстве і сярод прафесіяналаў сферы.
Перш за ўсё, быў зроблены галоўны крок у рэфармаванні дзяржаўнага сегмента нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Ідэя стварэння буйной медыяструктуры, якая аб'яднала б вядучыя дзяржаўныя друкаваныя выданні, стала рэальнасцю. У выніку рэарганізацыі ўстановы «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия» на яго былі ўскладзены функцыі рэдакцыі газет «Рэспубліка», «Беларуская ніва» (цяпер — «Сельская газета»), «Знамя юности» і «Народная газета».
Варта адзначыць, што вельмі далікатная праца па аб'яднанні медыяструктур была праведзена максімальна карэктна. Ніхто не быў пакрыўджаны або выкінуты на вуліцу. Журналісты далучаных выданняў у матэрыяльным плане нават выйгралі ад рэарганізацыі.
Наперадзе ў створанай структуры, вядома, яшчэ шмат работы. Бо трэба будзе выпрацаваць і рэалізаваць аптымальную мадэль прысутнасці на інфармацыйным рынку беларускіх друкаваных выданняў. Гэта датычыцца і тэматычнай спецыялізацыі кожнай газеты, і фармату выпуску. Але я ўпэўнены, што гэтыя задачы будуць вырашаны гэтак жа паспяхова, як юрыдычныя і фінансавыя пытанні.
Другая найважнейшая падзея мінулага года — пачатак пераходу Беларусі на лічбавае тэлевяшчанне. Аналагавае вяшчанне ўжо адключана ў Асіповіцкім, Бабруйскім, Жлобінскім, Касцюковіцкім раёнах, горадзе Гомелі. Пры гэтым былі цалкам улічаны інтарэсы нашых людзей. Пра гэта сведчыць тое, што ў Міністэрства інфармацыі скаргі, звязаныя з пераходам на лічбавае эфірнае тэлевізійнае вяшчанне, за мінулы перыяд не паступалі. Упэўнены, што ў 2014 годзе мы паспяхова завершым гэты працэс. І людзі ад такіх пераўтварэнняў толькі выйграюць: яны атрымаюць доступ да большай колькасці якасных тэлевізійных каналаў.
Былі ў нас у 2013 годзе і іншыя перамогі, вялікія і не вельмі. Адкрыты спартыўны тэлеканал «Беларусь 5», які адразу заваяваў папулярнасць у аўдыторыі гледачоў. У новым фармаце пачаў працаваць наш спадарожнікавы канал «Беларусь 24». На рынку, як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным, з'явіліся новыя дынамічныя ігракі. У прыватнасці, заявілі пра сябе створаныя на базе абласных выданняў інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці» і рэдакцыя газеты «Витебские вести». Імкліва развівалася большасць раённых СМІ. А калі расце канкурэнцыя, то расце і якасць кантэнту. У гэтым і ёсць мэта нашай працы ў галіне.
— Выстава «СМІ ў Беларусі» апошнія некалькі гадоў праходзіць пад адным дахам і адначасова з міжнародным форумам па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІВО», на якім, як правіла, прадстаўляюцца найноўшыя дасягненні ў галіне высокіх тэхналогій і іх практычнае прымяненне ў жыцці. Гэта прымушае і друкаваныя СМІ «падцягвацца» да ўзроўню: газеты і часопісы ладзяць электронныя прэзентацыі, прадстаўляюць магчымасці сваіх інтэрнэт-версій. Удзельнікі «СМІ ў Беларусі» сёння могуць стаць канкурэнтаздольнымі ўдзельнікамі «ТІВО»?
— На мой погляд, формы і аб'ём прысутнасці дзяржаўных СМІ ў інтэрнэце развіваюцца не менш дынамічна, чым самі рэдакцыі ў цэлым. І гэта заканамерна, таму што рэарганізацыя медыяструктур на ўсіх узроўнях — немалая праца за мінулы год прайшла, дарэчы, у рэгіёнах — мае сваёй мэтай павышэнне эфектыўнасці іх дзейнасці, у першую чаргу, з аўдыторыяй. А рашэнне гэтай задачы без эфектыўнага асваення інтэрнэт-прасторы немагчыма.
За апошнія гады мы дабіліся таго, каб усе дзяржаўныя друкаваныя выданні былі прадстаўлены ў інтэрнэце. Пры гэтым мы разумелі, што фармальная наяўнасць пляцоўкі, дзе вывешваюцца матэрыялы, — гэта не канчатковая мэта і не «рэч у сабе». Галоўнае — эфектыўная праца з аўдыторыяй, для якой сайт — гэта толькі прылада ў шэрагу іншых. Таму мы пастаянна падштурхоўвалі рэдакцыі да пашырэння іх функцыяналу ў інтэрнэце, да больш актыўнай працы. Як вынік — кожны год з'яўляюцца добрыя новыя праекты дзяржаўных СМІ, у тым ліку ў абласцях. У якасці прыкладаў можна назваць новыя або абноўленыя інтэрнэт-праекты газет «Витебские вести», «Віцьбічы», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда». Сярод вэб-рэсурсаў раённых выданняў адзначу, перш за ўсё, сайты газет «Ударны фронт» (Шклоў), «Маяк» (Бяроза), «Жыццё Палесся» (Мазыр), «Пухавіцкія навіны», «Маладзечанскай газеты», «Ашмянскага весніка», «Аршанскай газеты» і іншых.
На новы, больш магутны фармат інтэрнэт-вяшчання перайшоў тэлеканал «АНТ». Створаны інтэрнэт-партал Выдавецкага дома «Звязда», які ўдала аб'яднаў у сабе масава-палітычны і літаратурна-мастацкі сегменты. Добра, што пачалі працаваць у сацыяльных сетках, станоўчыя вынікі ўжо ёсць.
Планамерна ўзмацняе прысутнасць у інтэрнэце наша галоўная газета — «Советская Белоруссия». У рэйтынгу інтэрнэт-рэсурсаў інтэрнэт-партал «СБ. Беларусь сегодня» ўпэўнена лідзіруе ў катэгорыі «Друкаваныя СМІ ў інтэрнэце».
— Нядаўна на сустрэчы з калектывамі брэсцкіх абласных газет вы расказалі, што рэфармаванне беларускай медыясферы працягнецца, асаблівую ўвагу звярнуўшы пры гэтым на стварэнне магутнага веб-рэсурсу «СМІ ў Беларусі», на якім будуць прадстаўлены ўсе сродкі масавай інфармацыі краіны. Але многія інтэрнэт-карыстальнікі могуць даволі скептычна паставіцца да гэтай ідэі: парталы некаторых «раёнак», мякка кажучы, прымушаюць жадаць лепшага, а на агульным рэсурсе побач з яскравымі прыкладамі ўдалага асваення інтэрнэт-прасторы кантраст будзе відавочны…
— Дык гэта якраз і патрабуецца! Каб самі рэдакцыі маглі паглядзець на сябе, на сваю працу збоку. Бо, скажам шчыра, абласныя, а часта — і раённыя, гарадскія газеты часта жывуць у сваіх рэгіянальных нішах і ўспрымаюць рэспубліканскую і ўжо тым больш замежную прэсу — як некаторую іншую рэальнасць, да якой яны не могуць мець адносін.
А цяпер уявіце — на адным вялікім рэспубліканскім рэсурсе будуць збірацца і падавацца публіцы лепшыя матэрыялы з усіх СМІ, незалежна ад іх тэрыторыі распаўсюджвання. І акажацца, што, скажам, матэрыялы некаторых раённых газет па пэўнай тэматыцы (напрыклад, па краязнаўстве, па сацыяльнай праблематыцы) выклічуць жывую цікавасць у карыстальнікаў партала. Гэта ж найкаштоўная інфармацыя для рэдакцый, важны арыенцір для далейшай працы, сапраўдная падзея. Можа, яны зразумеюць, што могуць мець сваю аўдыторыю і на рэспубліканскім, і на міжнародным узроўні. Вось такога эфекту мы чакаем ад працы партала.
Важныя пры гэтым, вядома, і больш простыя моманты — каб рэгіянальшчыкі проста чыталі адзін аднаго, бачылі, як трэба працаваць у інтэрнэце, прасоўваць свой кантэнт. Аператарам партала стане рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия». Там ёсць прафесіяналы, у якіх можна і варта гэтаму павучыцца.
— Апошнім часам многіх журналістаў хвалюе пытанне абароны аўтарскіх правоў у інтэрнэт-прасторы. Плагіятараў у інтэрнэце хапае, а злавіць іх «на гарачым» і прыцягнуць да адказнасці амаль немагчыма. Ці не плануюцца з боку міністэрства нейкія захады прававога, заканадаўчага характару, каб урэгуляваць гэтую праблему?
— Як і нашы суседзі, мы прапрацоўваем пытанні, звязаныя з увядзеннем паняцця інтэрнэт-СМІ — гэта значыць, сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюць свой кантэнт праз інтэрнэт. Гэта дазволіць надаць адпаведны прававы статус як журналістам, так і кантэнту тых рэсурсаў, якія захочуць стаць інтэрнэт-СМІ. Адпаведна, узмоцніцца і абарона аўтарскіх правоў.
Але хачу звярнуць увагу на тое, што клопат аб захаванні аўтарскіх правоў у дачыненні да матэрыялаў рэдакцыі — гэта абавязак, у першую чаргу, саміх рэдакцый. Такія стандарты працы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Праваўладальнік павінен быць больш за ўсіх зацікаўлены ў абароне сваіх інтарэсаў і павінен сам прыкладаць намаганні для адсочвання і спынення парушэнняў яго правоў.
— Шмат гаворыцца пра тое, што ў «папяровай» журналістыкі няма будучыні, усе пяройдуць, у рэшце рэшт, у прастору віртуальную… Міністр інфармацыі з гэтым пагодзіцца ці ў яго ёсць што запярэчыць?
— Вы ведаеце, Міністэрства інфармацыі працуе не толькі са сродкамі масавай інфармацыі, але таксама выконвае функцыі рэгулявання на рынку выдавецкіх паслуг у цэлым, у тым ліку — у кнігавыданні. І на прыкладзе кнігавыдання, куды ў апошнія гады таксама прыйшлі высокія тэхналогіі, якія істотна змянілі рынак, можна зразумець, як будуць пад уплывам «лічбы» развівацца друкаваныя СМІ.
Ці знікнуць папяровыя кнігі? Упэўнены, што не. Таму што ёсць нішы, у якіх папяровыя кнігі з'яўляюцца незаменнымі: пачынаючы ад дзіцячых кніжак, якія маленькае дзіця нават не чытае, а проста гартае, развіваючы маторыку і разглядаючы малюнкі, і заканчваючы эксклюзіўнымі калекцыйнымі выданнямі збору твораў і гэтак далей. У гэтых нішах, а іх вельмі шмат, кнігі застануцца. У іншых сегментах тыражы будуць, вядома, скарачацца.
Нешта падобнае, на мой погляд, будзе адбывацца і са сродкамі масавай інфармацыі. Зразумела, што па аператыўнасці, разнастайнасці фарматаў, нагляднасці інтэрнэт з'яўляецца недасягальным для «папяровых» выданняў. Аднак сіла інтэрнэту, яго ўсёабдымны, універсальны характар усё больш працуе супраць яго. У інфармацыйным шуме становіцца ўсё складаней знайсці сапраўды каштоўную і дакладную інфармацыю, якой можна давяраць. На гэтым фоне папяровыя СМІ, якія ўяўляюць сабой, па сутнасці, паўнавартасныя дакументы, адказнасць за дакладнасць якіх нясуць канкрэтныя людзі, атрымліваюць новую прывабнасць.
Ёсць і іншы момант: інтэрнэт-рэсурсы часта жывуць толькі за кошт рэкламы. А на адной рэкламе пабудаваць паўнавартасную рэдакцыю вельмі няпроста, асабліва калі гаворка ідзе пра рэдакцыю, якая працуе на невялікім нацыянальным або рэгіянальным рынку. У выніку з'яўляюцца платныя матэрыялы ў інтэрнэце. Але паколькі за інтэрнэт-матэрыялы ўжо трэба плаціць, то ці не будзе карысці для чалавека за тыя ж або амаль за тыя ж грошы атрымліваць яшчэ і «папяровы» варыянт выдання? Прыкладна ў такой логіцы будуецца маркетынгавая стратэгія лонданскай Fіnаnсіаl Tіmеs.
Адным словам, друкаваныя СМІ не знікнуць. Іх рынкавая ніша, вядома, звузіцца, але аб ліквідацыі гаворка не ідзе. І ўжо тым больш гаворка не можа ісці аб знікненні «папяровай» журналістыкі. Бо яе прынцыпы з'яўляюцца асновай і для «тэкставай» інтэрнэт-журналістыкі.
Алена Ляўковіч, Юрый ЦАРЫК.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».