Вы тут

Мастацкі авангард і дзяржаўны інтарэс


Здавалася б, гэта сумясціць складана: настолькі першае па сутнасці сваёй незалежная і самастойная з'ява. Але ж мы ў Беларусі, дзе няма нічога немагчымага... Між іншым, нават традыцыя: мастацкі авангард пачатку ХХ стагоддзя ў нас прывіваўся таксама не без удзелу пэўных уладных асоб, пры спрыянні якіх у беларускім Віцебску з'явілася мастацкае вучылішча з рэвалюцыйнымі на той час мастацкімі поглядамі (дзякуючы Шагалу ды Малевічу).

Прайшло сто гадоў. У пачатку ХХІ стагоддзя ёсць нагода паказаць свету тое, дзе мы былі (ці ёсць?) у авангардзе. Гэта значыць, наперадзе. Праўда, вось тут гаворка не пра спаборніцтва, хоць на фоне спартыўных хакейных баталій мастацкі кантэкст набывае дадатковы сэнс. Тут мы не спаборнічаем, але аглядаем найперш самі, што маем, і паказваем іншым.

Адкрыццё буйнога праекта, які планаваўся доўгатэрміновым (дзеля таго, каб заспець час гарачых спартыўных спаборніцтваў), прыцягнула ўвагу самых розных асоб: ад творцаў да прадстаўнікоў дзяржавы. Адным з першых зацікаўленых наведвальнікаў стаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, які на адкрыцці пажадаў гледачам прыемных уражанняў, а аўтарам — шчаслівага творчага лёсу. І сам паглыбіўся ў мастацтва, пільна ўглядаючыся ў творы, знаёмячыся з аўтарамі асабіста, калі гэта было магчыма, ці з прадстаўлення дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталлі Шаранговіч (адной з арганізатараў праекта). Сапраўды, экспазіцыя такая вялікая, што аглядаць яе добра са своеасаблівым экскурсаводам ці суправаджэннем. Што, дарэчы, прадугледжана: каля кожнага твора ці асобнага праекта ёсць тлумачэнне — што гэта і пра што, дзеля чаго і хто аўтар. Але на ўвесь час працы экспазіцыі тут будуць адбывацца лекцыі мастацтвазнаўцаў — каб лепш разумець мастацкія стылі і сучасныя тэндэнцыі.

— Выстава стане прыкметнай з'явай у нацыянальнай культуры. Яна ўвойдзе ў гісторыю як частка культурнай праграмы чэмпіянату свету па хакеі, — адзначыў Анатоль Тозік. — Сучаснае беларускае авангарднае мастацтва вартае таго, каб развівацца ў кантэксце сусветнага.

— Тое, што сто гадоў таму пачалося як авангард, сёння ўжо з'яўляецца класікай, — удакладніў у сваім звароце міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. — Таму праз гады пра цяперашніх маладых мастакоў будуць гаварыць як пра класікаў пачатку ХХІ стагоддзя.

Праект «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта» падзелены на тры часткі. Пачаць знаёміцца з сучасным беларускім мастацтвам можна з вялікай экспазіцыі, якая адкрылася ў Выставачным цэнтры «Белэкспа» (праспект Пераможцаў, 14) і аб'яднала творцаў розных пакаленняў, мастацкіх кірункаў, школ. У аўторак далучылася выстава ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. У сераду стартуе праект «Мастак і горад» на плошчы Якуба Коласа.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?