Вы тут

«У паветры я губляю страх вышыні»


Развіццё скачкоў на батуце як віда спорту бярэ свой пачатак у 1930‑х гг., калі амерыканец Джордж Нісэн вынайшаў гэты акрабатычны снарад. Але першы чэмпіянат свету адбыўся толькі ў 1964 годзе. Гэта малады від спорту нават па міжнародных мерках. Тым не менш скачкі на батуце ў Беларусі разіваюцца хуткімі тэмпамі. З'яўляюцца перспектыўныя спартсмены, здольныя прэтэндаваць на самыя высокія дасягненні. А ў будучым верасні ў Мінску ўпершыню пройдзе этап Кубка свету, на якім сваю скарбонку медалёў паспрабуе папоўніць прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы ў камандных спаборніцтвах Ганна ГАРЧАНОК. Карэспандэнты «Алімпійца» наведалі трэніроўку спартсменкі, каб даведацца, у чыіх руках знаходзіцца жыццё батуцістаў, калі на дапамогу прыходзіць псіхолаг і чаму атлеты зайдросцяць Цырку дзю Салей.

23-14

Батут —для маленькай непаседы

—Часцей за ўсё скачкіі на батуце чамусьці асацыююць са спартыўнай гімнастыкай, але ў гэтых відаў спорту зусім розная спецыфіка, — распавядае Аня. — Прынцыповае адрозненне гэтых дысцыплін — задзейнічанне розных груп мышцаў. Напрыклад, пасля батута перайсці на дыван і выканаць скачок амаль што немагчыма: існуе вялікая рызыка атрымаць траўму. А вось тыя, хто перайшоў са спартыўнай гімнастыкі на батут, маюць пэўную перавагу — добрую фізічную падрыхтоўку. Бо на батут трэба прыходзіць натрэніраваным, інакш любое няўдалае прызямленне можа скончыцца тым, што снарад выштурхне спартсмена вонкі.

На батут Аня таксама прыйшла пасля спартыўнай гімнастыкі. У няпоўныя чатыры гады маці завяла няўрымслівую дзяўчынку ў мясцовую спартыўную секцыю.

—Чаму менавіта спартыўная гімнастыка? Колькі сябе памятаю, я заўсёды дзесьці поўзала, кудысьці лазіла, любіла куляцца. Вось маці і вырашыла аддаць мяне ў той від спорту, дзе ўсе гэтыя навыкі спатрэбяцца.

У зале, дзе займалася дзяўчынка, стаяў батут. Час ад часу туды прыходзілі трэніравацца дарослыя батуцісты. Маленькая спартсменка назірала, як яны прыгожа рухаюцца ў паветры, і марыла, што аднойчы зможа гэтак жа.

—У Віцебску — моцная школа скокаў на батуце (8 з 10 членаў нацыянальнай каманды — віцябчане — Аўт.). А вось спартыўная гімнастыка ў нас развіта не на такім высокім узроўні. Таму рашэнне перайсці на батут было цалкам натуральным і заканамерным.

Так у шэсць гадоў Аня пачала здзяйсняць сваю мару. Парадаксальна, але спартсменка прызнаецца, што дагэтуль баіцца вышыні. Праўда, калі знаходзіцца ў паветры і кантралюе свае рухі, гэты страх кудысьці знікае.

Каралева «драўляных медалёў»

Мінулы сезон стаў удалым для Ані. На чэмпіянаце свету ў Сафіі ўдалося заваяваць «бронзу» ў камандных спаборніцтвах і наблізіцца да подыума ў індывідуальных скачках.

—Больш за ўсё мяне парадавала тое, што ўвесь турнір атрымалася прайсці без зрываў. Часцей за ўсё здараецца так, што чыста адпрацоўваеш толькі ў адным ці двух відах праграмы, а ў трэцім — з'яўляюцца праблемы. На першынстве свету ў кожным практыкаванні я дайшла да канца — гэта было самым прыемным.

Да няўдач у індывідуальным разрадзе (калі 4‑е месца можна лічыць няўдалым). Батуцістка ставіцца цвяроза і разважліва.

—Чацвёртае месца я займала, напэўна, часцей, чым хто-небудзь іншы. Увесь 2011 год я ўстанаўлівала рэкорд па колькасці «драўляных медалёў», — смяецца дзяўчына. — З аднаго боку, безумоўна, крыўдна; з іншага — дакладна разумееш, над чым трэба працаваць. У фінале чэмпіянату свету толькі складанасцю праграмы я прайгравала 2 балы. Трэба развучваць новыя элементы, а з гэтым ёсць пэўныя праблемы. Не заўсёды галава, так бы мовіць, паспявае за целам. Патрэбны час, каб адшліфаваць новыя элементы, прывыкнуць да іх… А ў нас — спаборніцтвы за спаборніцтвамі, і таму развучваць новую праграму, па вялікім рахунку, некалі.

Калі галава «адключаецца»…

Насамрэч, псіхалагічная падрыхтоўка — гэта ледзьве не аснова скачкоў на батуце. Часам бывае так: спартсмен настолькі «завучваецца», што ў момант скачка не разумее, што ён круціць. У такія моманты асабліва важна, каб побач быў псіхолаг, які б дапамог разабрацца з крызісным этапам.

—Упершыню я звярнулася да псіхолага некалькі гадоў таму. Якраз развучвала новы элемент, і галава ўжо туга «працавала» ад бясконцых спроб, трэніровак. Патрэбна была дапамога збоку. І работа са спецыялістам мне сапраўды дапамагла. З таго часу я перыядычна звяртаюся да псіхолага. Тым больш што з нашай камандай працуе падобны спецыяліст — ездзіць з намі на спаборніцтвы, прысутнічае на зборах.

Яшчэ больш батуцісты павінны давяраць сваім страхоўшчыкам, якія падчас выканання праграмы «дзяжураць» з матам у руках і гатовы злавіць спартсмена, калі таго выштурхне снарад. На спаборніцтвах галоўнаму страхоўшчыку абавязкова дапамагаюць яшчэ чатыры чалавекі, расстаўленыя па перыметры батута. Бывалі выпадкі, калі страхоўшчыкі ратавалі спартсменам жыццё. Таму Аня давярае гэтую місію толькі трэнеру і… свайму маладому чалавеку — таксама члену нацыянальнай зборнай па скачках на батуце.

23-15

Судзейскі фактар

Скачкі на батуце можна смела адносіць да суб'ектыўных відаў спорту. Так, у іх не ацэньваецца артыстызм, як у фігурным катанні ці мастацкай гімнастыцы. Тым не менш адзнакі за тэхніку інакш чым па ўласнай шкале «спадабалася-не спадабалася» не выстаўляюцца.

—Калі складанасць праграмы выводзіцца з каэфіцыентаў за элементы, вышыню і сінхроннасць скачкоў вызначаюць прыборы, то з адзнакамі за тэхніку не ўсё так дакладна і празрыста, — тлумачыць батуцістка. — Зразумела, што за агрэхі трэба здымаць балы, але ў гэтым няма нейкай адзінай нормы. І кожны суддзя вырашае самастойна, зняць за гэты элемент 0,1 ці больш.

Казусы з судзействам — нярэдкая з'ява для скачкоў на батуце. Аня са сціплай усмешкай успамінае, як некалькі гадоў таму на спаборніцтвах у Санкт-Пецярбургу ў яе літаральна адабралі «бронзу»:

—Няправільна падлічылі балы саперніцы, завысілі ёй складанасць. Але судзейскую памылку выявілі позна. У выніку гэтых судзей дыскваліфікавалі на сур'ёзны тэрмін. Аднак медаль мне, вядома, ніхто не вярнуў.

Цырк пачакае!

23-16

Па відовішчнасці скачкі на батуце нічым не саступаюць фігурнаму катанню, мастацкай (ды і спартыўнай) гімнастыцы, але поўных трыбун, на жаль, не збірае нават на міжнародных спаборніцтвах. Спартсменаў звычайна падтрымліваюць трэнеры, калегі па зборнай і час ад часу нешматлікія аматары гэтага віду спорту.

—Шчыра кажучы, гэта трошкі бянтэжыць, — прызнаецца дзяўчына. — Цырк дзю Салей, дзе нумары з батутамі — ледзьве не самыя эфектныя, ведаюць усе. Зразумела, гэта шоу — яркія касцюмы, неймаверныя дэкарацыі, светавыя эфекты і г. д. Але на спартыўным батуце мы робім усё тое ж самае, а розніца ў зацікаўленасці публікі — ашаламляльная.

Пакуль Аня не задумваецца аб працягу кар'еры ў цырку, але не выключае такой магчымасці.

—Як кажа мой трэнер, спачатку трэба паспрабаваць сябе ў вялікім спорце, а на арэну цырка заўжды паспееш.

Тым больш што з кожным годам дзяўчына становіцца ўсё больш прыкметнай фігурай у айчынным спорце. Так, па выніках «БАГ-прэміум‑2013» (прэмія Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. — Аўт.) Аня стала лепшай батуцісткай краіны.

Спартсменка кажа, што прыемна паступова набліжацца да ўзроўню сваёй старэйшай калегі — вопытнай Таццяны Пятрэні, але пра пераход лідарства ў новыя рукі казаць пакуль рана.

—У жаночай камандзе сёння вельмі роўны склад. Ёсць Святлана Макштарова, па-ранейшаму ў страі Таццяна Пятрэня, ды і астатнія дзяўчаты выступаюць прыблізна на адным узроўні. А самае галоўнае — што заўважны прагрэс, вынікі паляпшаюцца. Гэта, дарэчы, датычыцца і мужчынскай зборнай. Так што наш від спорту — у надзейных руках!

***

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, Ганна Гарчанок стала чэмпіёнкай Еўропы. Гэта першы медаль спартсменкі ў індывідуальнай праграме на спаборніцтвах такога рангу. Віншуем!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Фота Надзеі БУЖАН

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.