Вы тут

Ці кожная гасцініца можа атрымаць «зорку»?


У любым выпадку ручнікі і бялізну мяняць павінны

Да чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску засталося два тыдні. Беларуская сталіца перажывае самы сапраўдны «гасцінічны бум»: ледзь не кожны тыдзень адкрываюцца па дзве-тры гасцініцы. І практычна ўсе яны жадаюць «запаліць зоркі» на сваіх новых фасадах. У самы раз даведацца, якія патрабаванні прад'яўляюцца сёння ў рэспубліцы да гасцініц. Чым адрозніваюцца атэлі ў дзве і пяць «зорак»? Што такое хостэлы і на які ўзровень сэрвісу можна разлічваць, спыняючыся ў іх? Каб усё гэта высветліць, карэспандэнт «Звязды» адправілася ў Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі ( БелДІСС). Тут на працягу амаль 15 гадоў функцыянуе орган па сертыфікацыі паслуг гасцініц, а два гады таму адкрыўся рэспубліканскі арганізацыйна-метадычны цэнтр у гэтай сферы.

25-12

Працаваць на якасць — залог поспеху

Начальнік аддзела сертыфікацыі паслуг БелДІСС Таццяна Смірнова адзначыла, што сертыфікацыя з'яўляецца важным інструментам для тых гасцініц, якія плануюцца да класіфікацыі па катэгорыях — ад 1 да 5 «зорак». У нашай рэспубліцы абавязковая сертыфікацыя паслуг пражывання гасцініц і матэляў, заяўленых да ацэнкі па катэгорыях, уведзена з 2007 года. Гэта азначае, што калі тая ці іншая гасцініца жадае атрымаць катэгорыю, то яна павінна звярнуцца ў орган па сертыфікацыі гэтых паслуг, прайсці працэдуры, вызначаныя ў тэхнічным кодэксе ўсталяванай практыкі 5.3.02-2012 «Нацыянальная сістэма пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь. Сертыфікацыя паслуг гасцініц», і пры станоўчых выніках атрымаць сертыфікат, які пацвярджае адпаведнасць патрабаванням, устаноўленым да заяўленай катэгорыі. Тыя гасцініцы, якія не плануюць класіфікавацца, могуць працаваць без сертыфіката адпаведнасці, але, зразумела, выконваючы дзеючае ў гэтай сферы заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Сертыфікацыя паслуг гасцініц праводзіцца ў тры этапы: ацэнка выканання патрабаванняў бяспекі (санітарна-гігіенічныя, супрацьпажарныя, экалагічныя нормы і правілы, забеспячэнне захаванасці маёмасці пастаяльцаў і інш.), адпаведнасць гасцініцы заяўленай катэгорыі, а таксама бальная адзнака аснашчэння нумароў, мэблі, стану будынка і памяшканняў гасцініцы.

Сертыфікат гатэлю выдаюць на пяць гадоў. Перыядычна аўдытары органа па сертыфікацыі праводзяць яго інспекцыйны кантроль для пацвярджэння выканання ўстаноўленых патрабаванняў і падтрымання адпаведнай якасці паслуг.

Такім чынам, сертыфікацыя паслуг — гэта эфектыўны механізм кіравання якасцю гасцінічных паслуг, які дазваляе аб'ектыўна ацаніць узровень гасцініцы, пацвердзіць адпаведнасць устаноўленым патрабаванням і ў далейшым ажыццяўляць кантроль з мэтай недапушчэння зніжэння дасягнутага ўзроўню прапанаваных паслуг, а таксама стымуляваць пастаяннае павышэнне якасці сэрвісу.

Дарэчы, у краіне прайшлі сертыфікацыю і класіфікацыю па «зорках» 50 гасцініц, у тым ліку тыя, якія ўваходзяць у гасцінічныя комплексы.

Не ўсе «зоркі» аднолькавыя

Большасць новых гасцініц, якія будуюцца ў нашай краіне, ужо ўлічвае сучасныя патрабаванні: у іх (нават без катэгорыі) ужо няма нумароў без санвузлоў і тэлевізараў, павялічаны плошчы аднапакаёвых двухмесных нумароў.

Гасцініцы катэгорыі чатыры-пяць «зорак» абсталююцца аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання (АСК) усёй гасцініцай або гасцінічным комплексам. Яны ўключаюць аўтаматызаваную гасцінічную сістэму, якая ажыццяўляе збор і апрацоўку інфармацыі, вядзенне баз звестак кліентаў, інтэрнэт-браніраванне, абмен інфармацыяй паміж службамі, кіраванне разлікова-касавымі падсістэмамі і інш.; сістэмы кантролю і кіравання доступам у гасцініцу, кіравання комплексам кліматычных сістэм, кантролю за інжынерным абсталяваннем, сістэму відэаназірання, інтэрактыўную тэлевізійную сістэму і інш. Упершыню такімі АСК былі абсталяваны гасцініцы «Вікторыя» КУП «Бізнес-цэнтр «Сталіца», «Атэль «Еўропа» дзяржаўнага прадпрыемства «Атэль «Еўропа».

У «трохзоркавых» гасцініцах пастаяльцы маюць магчымасць атрымаць шырокі набор паслуг. Як правіла, у іх — толькі індывідуальныя нумары, ёсць кавярня або бар, бізнес-цэнтр. У некаторых такіх новых гасцініцах нумары павышанай камфортнасці цалкам або часткова абсталяваны кандыцыянерамі («Гарні» ААТ «Мінатэль», «Турыст» ААТ «Атэль «Турыст», «Проня» УКПП «Камунальнік», «Нарач» ГПУ «НП Нарачанскі» і інш.), а для бяспекі пражывання выкарыстоўваюцца сістэмы відэаназірання.

Асноўныя патрабаванні да гасцінічных паслуг на міжнародным узроўні вызначае Сусветная турысцкая арганізацыя. Ёю былі распрацаваны агульныя рэкамендацыі па класіфікацыі гасцініц ад 1 да 5 «зорак» і матэляў ад 1 да 4 «зорак». На аснове гэтых рэкамендацый быў распрацаваны і дзейнічае міждзяржаўны стандарт ДАСТ 28681.4-95. «Турысцка-экскурсійнае абслугоўванне. Класіфікацыя гасцініц». Адпаведна, гасцініцы краіны, якія жадаюць атрымаць катэгорыю, павінны прайсці сертыфікацыю сваіх паслуг у Нацыянальнай сістэме пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь.

«Аднак старыя гасцініцы, асабліва ў невялікіх гарадах, не могуць, а часам і не жадаюць выканаць нават мінімальныя патрабаванні не толькі ДАСТ 28681.4-95, але і СТБ 1353-2005 «Сродкі размяшчэння. Агульныя патрабаванні», устаноўленыя да гасцініц без катэгорыі. Іх у рэспубліцы яшчэ вельмі шмат (каля 60%). У асноўным гэта ведамасныя гасцініцы розных арганізацый, у якіх спыняюцца не турысты, а асобы, якія знаходзяцца ў камандзіроўцы», — дадала Таццяна Смірнова.

Падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі БелДІСС праводзяцца работы па сертыфікацыі і класіфікацыі ўведзеных у эксплуатацыю гасцініц. Гаворка ідзе пра 14 гасцініц розных катэгорый. Як адзначыла Таццяна Смірнова, з многімі з іх праца была распачата яшчэ на стадыі праектавання, каб адначасова з адкрыццём выходзіць і на атрыманне сертыфіката.

Маладзёжная гасцініца

Што ж тычыцца хостэлаў, якія атрымліваюць у апошні час інтэнсіўнае развіццё, то ў СТБ 1353-2005 «Сродкі размяшчэння. Агульныя патрабаванні» выразна акрэслены ўсе мінімальныя патрабаванні да іх. Хостэл — гэта маладзёжная гасцініца, якая прадастаўляе паслугі размяшчэння ў шматпакаёвых нумарах, паслугі харчавання з абмежаваным выбарам страў і (або) магчымасць самастойнага прыгатавання ежы на неабходным для гэтага абсталяванні, а таксама дадатковыя паслугі, уключаючы забаўляльныя, адукацыйныя мерапрыемствы. Гэта і мінімальная колькасць санвузлоў і душавых пакояў, а таксама патрабаванні да асвятлення, водазабеспячэння, вентыляцыі і абсталявання ўсяго хостэла. Устаноўлены патрабаванні да пераліку паслуг, якія аказваюцца, напрыклад, штодзённае прыбіранне нумароў пакаёўкай. Змена пасцельнай бялізны ці прадастаўленне зменнага камплекту пасцельнай бялізны павінны праводзіцца не менш як адзін раз на тыдзень, змена ручнікоў — не менш за адзін раз на тры дні і г.д.

Зразумела, што не варта праводзіць паралелі паміж хостэлам і «пяцізоркавым» атэлем, таму што гасцініца такога тыпу (хостэл) па вызначэнні не можа быць раскошнай, але, безумоўна, мінімальныя патрабаванні павінны быць выкананы. І многія хостэлы ў нашай рэспубліцы, калі яны арганізаваны ў адасобленым будынку, усё гэта выконваюць.

Фірменны стыль

Сёння вядучыя пазіцыі ў сусветнай гасцінічнай індустрыі займаюць гасцінічныя сеткі. Як правіла, яны нацэлены на прасоўванне высокіх стандартаў абслугоўвання. «Гасцінічная сетка прадугледжвае аб'яднанне некалькіх гасцінічных прадпрыемстваў у калектыўны бізнес, які праводзіцца пад адзіным кіраўніцтвам, у рамках адзінай канцэпцыі прасоўвання прадукту і пад агульнай гандлёвай маркай. У патрабаваннях да кожнай маркі ўлічваецца не толькі ўзровень камфорту, але і прызначэнне, месцазнаходжанне і некаторыя іншыя крытэрыі. Кожная сетка імкнецца фарміраваць пэўны імідж — вядомы тым кліентам, на якога арыентавана гэтая катэгорыя атэля», — патлумачыла Таццяна Смірнова.

Сёння найбольш вядомыя ў свеце сеткавыя атэлі «Holіday Іnn», «Radіsson Hotels», «Kempіnskі Hotels», «Crowne Рlaza», «Hyatt Іnternatіonal» і інш. У сталіцы пабудаваны і аказвае паслугі сеткавы атэль катэгорыі пяць «зорак» «Crowne Рlaza Міnsk», будуюцца таксама сеткавыя атэлі «Hyatt» і «Kempіnskі».

Усе яны без выключэння штогод правяраюцца прадстаўнікамі сеткі, і пры незахаванні стандартаў і патрабаванняў ліцэнзія на права выкарыстання гандлёвай маркі адклікаецца па ўмовах дагавора, а гасцініца выбывае з яе складу.

Бясспрэчна, для таго, каб стварыць адзіную і эфектыўную сістэму ў кожнай сетцы, трэба будзе правесці немалы фронт работ, уключаючы распрацоўку стандартаў абслугоўвання, навучанне персаналу, стварэнне фірменнага стылю, які забяспечвае пазнавальнасць гэтай сеткі. Што апраўдана, паколькі дазваляе ўзняцца на зусім новы ўзровень развіцця. І беларускія атэлі бяруць гэты фактар на заметку.

Дар'я ШОЦІК,

студэнтка 4-га курса

Інстытута журналістыкі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.