Вы тут

«Соф'я Гальшанская» едзе на малую радзіму


Нацыянальны мюзікл з аднайменнай назвай пакажуць у саміх Гальшанах. Адбудзецца гэта 24 мая падчас фестывалю «Гальшанскі замак-2014».

Нагадаем, што прэм'ера твора адбылася восенню ў Беларускім музычным акадэмічным тэатры. Музыку напісаў Уладзімір Кандрусевіч. Сюжэт разгортваецца вакол жаніцьбы польскага караля Ягайлы, бяздзетнага ўдаўца, які збіраўся пабрацца шлюбам са старэйшай дачкой беларуска-літоўскага князя Андрэя Гальшанскага, аднак перадумаў і вырашыў зрабіць сваёй жонкай сярэднюю дачку. Саперніцтва сясцёр, інтрыгі польскага двара — усё амаль так, як сапраўды было ў Вялікім княстве Літоўскім у пачатку XV стагоддзя. Нягледзячы на тое, што Соф'і 17, а Ягайлу 70 гадоў, усе зайздросцяць маладой, якая зможа пераехаць у сталіцу і распачаць дынастыю Ягелонаў...

13-11

Гэты мюзікл — толькі адна яркая старонка фестывалю. Каля сцен старажытнага замка Сапегаў разгорнецца цэлы сярэднявечны горад. Ужо традыцыйна прадстаўнікі розных рыцарскіх клубаў змогуць памерацца тут сіламі падчас разнастайных турніраў. Чакаецца ўдзел гродзенскага клуба славянскіх адзінаборстваў «Арыдан», Мінскага стралковага клуба лучнікаў BOW'S CLUB і іншых. Конна-гістарычны клуб «Залатая шпора» з Мінскай вобласці прадставіць гледачам тэатралізаванае прадстаўленне «Чатыры эпохі беларускай кавалерыі».

Акрамя таго, падчас фестывалю можна будзе навучыцца фехтаваць і хадзіць на старадаўніх хадулях, пабываць на майстар-класе па кавальскай справе. Ахвотныя ўбачаць, як спрытна артысты экстрым-тэатра «Берсерк» кідаюць нажы і сякеры і нават самі змогуць паўдзельнічаць у іх незвычайных гульнях .

Асаблівы каларыт святу надасць аўтэнтычная сярэднявечная музыка. Капэла беларускіх народных духавых інструментаў «Гуды» і фальклорны ансамбль «Баламуты» Беларускага дзяржуніверсітэта культуры прадэманструюць майстэрства гульні на старадаўніх нацыянальных інструментах: дудзе, акарыне, чаротцы, жалейцы і іншых. Хэдлайнерам выступленняў зноў стане любімы многімі гурт «Стары Ольса», які ўжо неаднаразова выступаў у Гальшанскім замку. Сярэднявечную атмасферу свята дапоўніць выступленне танцавальнага калектыву «Фламея».

13-10

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Галіны Балінскай, мінулагодні фестываль наведалі 4 тысячы чалавек. Сёлета, калі ўдзел у свяце прыме прыкладна 300 артыстаў (і, як вядома, будзе паказаны нацыянальны мюзікл), верагодна, наведвальнікаў будзе яшчэ больш. Прыедуць госці з літоўскага горада Шальчынінкай.

Традыцыйная выстава-кірмаш народных майстроў, а таксама гульнявая пляцоўка для дзяцей і выязны гандаль дапоўняць прыемныя ўражанні ад гэтага дня. Завершыцца ўсё начным вогненным шоу.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?