Вы тут

ДА 35


Так называецца рэспубліканская маладзёжная выстава, якая будзе экспанавацца ў Палацы мастацтваў да 25 мая. На фоне грандыёзных мастацкіх праектаў, якія даюць уяўленне пра беларускае мастацтва ў гістарычным і сучасным зрэзе (маю на ўвазе найперш выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі, а таксама ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14), гэтая экспазіцыя прапануе зазірнуць у будучыню. Большасць удзельнікаў — нядаўнія выпускнікі і сённяшнія студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І, як сведчаць работы, яны ўжо сёння прафесіяналы высокага ўзроўню.

Вострасучасная, эксперыментальная графіка, алегарычны, з філасофскім падтэкстам жывапіс, гульня з пераасэнсаванымі прастораю і плоскасцю, нечакана прадстаўленыя арт-аб'екты і глыбокія паводле зашыфраванага ў іх сэнсу, выкананыя з самых розных матэрыялаў скульптурныя кампазіцыі... Гэта трэба бачыць. Гэтаму неабходна суадчуваць. Сёння, калі мы больш лёгка ўспрымаем візуальныя, а не вербальныя вобразы, менавіта выяўленчае мастацтва здатнае дапамагчы нам зразумець навакольны свет і саміх сябе. На выстаўцы можна пераканацца ў тым, што нашы маладыя мастакі малююць і пішуць партрэты, сцвярджаю з поўнай адказнасцю, больш цікавыя, чым заезджыя замежныя «зоркі». Яны здатныя перадаць таемную пульсацыю самой прыроды і складаныя філасофскія канцэпцыі.

Выстаўка атрымалася вельмі светлай, аптымістычнай, паўнагучнай. Кожны знойдзе творы, ля якіх хочацца спыніцца, заглыбіцца, зразумець ці хаця б паспрабаваць зразумець нешта вельмі сутнаснае. Творы здзіўляюць, інтрыгуюць, заварожваюць. Дзякуючы арганізатарам — і найперш секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў Беларускага саюза мастакоў — экспазіцыя пераконвае: абстрактныя мастацкія гульні, эфектнае штукарства застаюцца ў мінулым. Будучыню беларускага выяўленчага мастацтва вызначылі не мастацкія эксперыментальныя суполкі, а Асобы — такія, як філосаф, вобразатворца, народны мастак Беларусі, што доўгі час узначальваў кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка, прафесіянал з вялікай літары. На жаль, ён нядаўна пайшоў ад нас. Але ў Акадэміі сёння выкладаюць яго вучні. І яны, і сённяшнія студэнты працягваюць у мастацтве яго лінію, якая дапамагае зразумець ці хаця б задумацца над тым, хто мы ёсць у гэтым свеце.
Мяркую, што яшчэ адзін наш народны мастак, Уладзімір Тоўсцік, які сёння ўзначальвае кафедру малюнка, таксама можа ганарыцца сваімі вучнямі. Менавіта яго незвычайныя, паводле дакладна перададзенай духоўнай аўры кожнага героя, партрэты пісьменнікаў, мастакоў, нашых сучаснікаў міжволі згадала я пасля наведвання выстаўкі аднаго з самых «раскручаных», «дарагіх» медыйных мастакоў. Няўжо ізноў няма прарока ў сваёй Айчыне?

Хочаце адчуць, што такое жывое, пульсуючае святло сапраўднага мастацтва? Наведайце рэспубліканскую маладзёжную выставу, эпіграфам да якой для мяне асабіста сталі незвычайнае, аголенае да нерва скульптурнае «Сэрца» Алеся Сакалова і па-радэнаўску востра эмацыянальная, пяшчотная (проста камок у горле!) скульптурная кампазіцыя аднаго з арганізатараў выстаўкі Івана Арцімовіча «Зімовае святло». Пакуль мы захапляемся, пакутуем, кахаем — мы жывыя.

Галіна БАГДАНАВА, мастацтвазнаўца, пісьменніца

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.