Апошнім часам на Захадзе ўсё часцей знаходзяцца палітыкі, якія, каб абяліць фашызм, спрабуюць перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны. Тым больш што спадкаемцаў фашызму сёння становіцца ўсё больш і больш. Іншыя, якія самі мелі дачыненне да фашысцкіх злачынстваў альбо якія маюць такіх сваякоў, таксама не супраць утаіць той факт, што ў Перамогу над фашысцкай Германіяй самы вялікі ўклад ўнеслі менавіта народы Савецкага Саюза. Спрытна жанглюючы вырванымі з кантэксту лічбамі і фактамі, падобныя «дзеячы» саму рэчаіснасць ставяць з ног на галаву, спрабуючы паменшыць віну фашыстаў перад народамі, тэрыторыю якіх яны акупавалі, і ўнесці выгадныя ім карэкціроўкі ў гісторыю. Вось і ў асобных нашых айчынных «газетных праўдалюбцаў» стала модна не проста ставіць пад сумнеў абсалютна відавочныя факты, але і цынічна, грунтоўна падлічваць у дробных дэталях эпізоды нашага агульнага болю, у якога проста няма тэрміну даўнасці, часткі таго страшнага цэлага, імя якому — вайна.
Не хацеў апускацца да палемікі з людзьмі, якія проста не разумеюць, што ж гэта такое на самой справе. Але тое, што напісаў у газеце «Наша ніва» аўтар пад псеўданімам «Григорий Забродский» у сваім артыкуле «Новый роман Чергинца и историческая правда» — гэта ўжо не проста неразуменне, а здзек з памяці.
Хацелася б звярнуцца да аўтара гэтага артыкула. Мой крытык, які не спазнаў нягод вайны, голаду і страху смерці, змагар «са скажэннем гістарычных фактаў» Рыгор Забродскі! Калі ўжо вы вырашылі змагацца з няпраўдай, то пачніце з сябе. Вы падпісваецеся пад сваім пасквілем як Рыгор Забродскі, але ж гэта не сапраўднае ваша імя. Дык чым жа не дагадзіў вам раман Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў»?
Праўда, спачатку адзначу, што я не стаў бы звяртаць увагу на словы чалавека, які нарадзіўся праз паўстагоддзя пасля вайны, які, да таго ж, вайны не зведаў і не бачыў. Аднак мяне здзівіла, наколькі «прафесійна» ўмее наш дамарослы «правдолюбец» лічыць загубленыя чалавечыя жыцці — нібыта сам у той час, стоячы сярод акупантаў, займаўся падлікам беларускіх дзяцей, у якіх фашысты ў чатырнаццаці (!) спецыяльных цэнтрах выпампоўвалі кроў, пакуль тыя не паміралі. І тут, згодна з яго «логікай», галоўным у ацэнцы дзеянняў тых жа нямецка-фашысцкіх акупантаў, якія забілі кожнага трэцяга жыхара Беларусі, павінна быць не іх чалавеканенавісніцкая палітыка, а дакладны, скрупулёзны падлік, дзе, і калі менавіта, і колькі з нашых закатаваных суайчыннікаў аказалася дзяцей, дарослых і старых. Проста-такі нямецкая педантычнасць!
Толькі вось з сапраўднай гістарычнай праўдай такая «скрупулёзнасць», як і вашыя кпіны, не маюць нічога агульнага. Таму што любы гістарычны раман — гэта перш за ўсё літаратурны твор, асэнсаванне аўтарам рэальных падзей і перадача іх з пункту гледжання аўтара. Сумняюся, ці можа такі «рахункавод», які не ведаў, што гэта такое — чалавечы страх, калі ты можаш быць у любую хвіліну забіты бязлітасным акупантам, — зразумець задуму аўтара, які не столькі імкнецца паказаць канкрэтную колькасць ахвяр у адным, асобна ўзятым «цэнтры» па забойстве беларускіх дзяцей, колькі нагадаць усім, што прыйшлося перажыць тут у гады акупацыі нашым людзям, якія бачылі, як здзекаваліся фашысты з дарослых і дзяцей, забіваючы нават немаўлят.
Тым больш гістарычны факт, пра які я, аўтар, распавядаю ў сваім творы, — гэта ўсяго толькі адзінкавы прыклад з мноства страшных і цалкам рэальных гістарычных фактаў! Няўжо на іх фоне сапраўды так важна, у якім менавіта «цэнтры» забілі дзесяць тысяч, а ў якім — дваццаць тысяч нашых беларускіх дзяцей? Дзе менавіта і колькіх пяці-, шасці-, сямігадовых, і больш дарослых дзяцей, сілком адабраных у маці, забілі пасля таго, як высмакталі ў іх усю кроў?! Гаворка ідзе пра чалавеканенавісніцкую палітыку фашызму.
Хаця спадара «Забродскага» гэта не бянтэжыць. З самага пачатку свайго артыкула ён робіць такую вось модную «затраўку», каб падагрэць чытацкі інтарэс: бачце, «нягледзячы на сцвярджэнні аўтара, што «твор напісаны на дакументальнай аснове — фактах наўмысных злачынстваў акупантаў у Беларусі», многія з фактаў, выкладзеных аўтарам, не адпавядаюць рэальнасці». Напрыклад, дзяцей у цэнтры нібыта было ўдвая менш, чым сцвярджае Чаргінец. Далей Рыгор Забродскі, «выкрываючы» Чаргінца «ў скажэнні гістарычнай праўды», заяўляе, што і сакрэтнай лабараторыі, маўляў, там не было (відаць, у дзяцей ад 6 да 12 гадоў кроў забіралі публічна!), што дзіцячы комплекс належным чынам не ахоўваўся і дзеці, аказваецца, «часта выходзілі з яго ў пошуках буракоў, бульбы ды іншай ежы ў мясцовага насельніцтва» (гэта што, папрок фашыстам, што дрэнна ахоўвалі дзяцей?). Пачытаеш такое, і адразу ж навідавоку спроба пераканаць чытача, што была гэта не акупацыя, а ідылія нейкая! Нібыта і не было гэтага страшнага, спакойна-цынічнага зверства ў дачыненні да безабаронных дзяцей. Напэўна, спадар Забродскі можа лепш і больш дакладна, чым у дакументах ваенных гадоў, «падлічыць», колькі ж і як менавіта загінула ў тыя жудасныя гады нашых людзей. І калі акажацца раптам, што немцамі і іх паслугачамі ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі забіта і закатавана ў канцлагерах не каля двух з паловай мільёнаў чалавек, а, скажам, два мільёны чатырыста трыццаць дзве тысячы, то ўсе — «неадпаведнасць гістарычнай праўдзе»?!
Але «аўтару-рахункаводу» і гэтага мала: кажучы пра мой раман, ён называе яго «чарговым міфам, якіх было нямала ў савецкай гісторыі». І зласліва так дадае, што «мастацкі твор на такую важную і балючую тэму павінен хоць у нечым супадаць з арыгінальнай гісторыяй». Што ж, прывяду толькі некаторыя «арыгінальныя» гістарычныя факты, на якія я абапіраўся падчас працы над кнігай.
Ці можна прызнаць фактам, што ў чэрвені 1941 года фашысты напалі на СССР і ў лічаныя тыдні акупавалі ўсю тэрыторыю Беларусі? Ці можна аднесці да гістарычнага факта, што фашысты паставілі мэту — знішчыць усіх яўрэяў і цыганоў, а з беларусаў пакінуць у жывых толькі 25 адсоткаў? І хіба не гістарычны факт, што нямецка-фашысцкія акупанты стварылі ў Мінску гета, дзе здзекаваліся з яўрэяў, гвалцілі іх дзяцей, забівалі людзей тысячамі і напрыканцы 1943 года рапартавалі свайму «фюрэру», што яго загад выкананы? Аднак пра гэта спадару Забродскаму згадваць і адказваць у сваім артыкульчыку няма калі.
Не ведае ён, мабыць, і пра тое, што, акрамя пасёлка Сёмкава, дзіцячыя «цэнтры для донараў» былі створаны, напрыклад, у вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёна. У гэтым лагеры пастаянна знаходзіліся 200 — 250 дзяцей, іх рэгулярна, вялікімі партыямі, адпраўлялі ў Германію, і лагер папаўняўся новымі донарамі. Прычым ніхто не можа назваць іх дакладную колькасць. Такі ж лагер знаходзіўся ў пасёлку Парычы Гомельскай вобласці.
Нагадаю спадару Забродскаму і пра тое, што, акрамя, як ён называе яго ў сваім артыкуле, «дзіцячага дома», які «падобным чынам не ахоўваўся», немцы стварылі такі ж «дзіцячы дом» (а па сутнасці, канцлагер для дзяцей-донараў, чыя кроў забіралася для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў), — знаходзіўся ён на тэрыторыі былой вучэбнай гаспадаркі «Чырвоны бераг» Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Фашысты гвалтоўна забіралі дзяцей у бацькоў — жыхароў Жлобінскага, Добрушскага ды іншых раёнаў, — і адпраўлялі ў Германію. Апошняя партыя — 1990 дзяцей, нашых беларускіх дзяцей! Едзьце, палічыце, выкрыйце Чаргінца — можа, там было не 1990 дзяцей, а на некалькі чалавек менш? Для вас жа гэта важней за тое, што фашысты мучылі іх, забіралі ў іх кроў ды забівалі.
Колькасць дзяцей, выратаваных партызанамі ў Сёмкаве, узята мною з расповедаў жыхароў бліжэйшых вёсак і тых, хто быў тады выратаваны партызанамі. Называліся розныя лічбы — ад 190 да 700. Але хіба толькі пра гэта можа ісці гаворка? У кнізе — расповед пра цяжкі і страшны лёс усяго нашага народа.
Я сам, асабіста, — сведка шмат чаго з напісанага. У час вайны мая маці, простая, непісьменная беларуская жанчына, выратавала з сямі шасцярых сваіх дзяцей. Больш за тое, рызыкуючы ўласным і нашымі жыццямі, яна выратавала ад вернай смерці яўрэйскую дзяўчынку — таму што мы, беларусы, ніколі не дзялілі людзей паводле нацыянальнасці. Я памятаю холад, голад, разруху. Памятаю, як фашысты і паліцаі здзекаваліся з яўрэяў, катавалі іх і забівалі на нашых вачах, пазбаўлялі іх права звацца людзьмі, цынічна выракалі іх на смерць ад голаду і смагі, выдаючы ў дзень па 3 грамы круп. Памятаю дзясяткі шыбеніц, на якіх немцы вешалі жыхароў Мінска іншых нацыянальнасцяў.
Не, можна яшчэ зразумець, каб нейкі недавучка-двоечнік, які дарэмна праціраў штаны ў бясплатнай савецкай школе, мог проста не ведаць, што рабілася на нашай зямлі ў гады фашысцкай акупацыі і якое гэта было страшнае бедства для нашага народа. Але заява, што «многія з фактаў, выкладзеных аўтарам, не адпавядаюць рэальнасці», — гэта ўжо не проста глупства, а прамы здзек з самага вялікага болю нашага народа. Смяяцца з нашага болю мы не павінны дазваляць нікому.
Я не здзівіўся б і сцвярджэнню падобных абаронцаў «праўды», якія па прыкладзе Забродскага сталі б даводзіць, што, маўляў, у Сёмкаве, дзе існаваў адзін з такіх «цэнтраў», наогул не было яўрэяў. Некаторых з гэтых «праўдалюбцаў», якія нарадзіліся пасля вайны, я ведаю асабіста. Што ж, гатовы паказаць ім спісы яўрэяў, у якіх немцы ў Сёмкаве забіралі кроў і якія засталіся жыць толькі дзякуючы партызанам, што іх выратавалі.
Складваецца ўражанне: калі даручыць гэтую справу Забродскаму, ён давядзе, што ірландцаў у свеце больш за кітайцаў. Прычым зробіць гэта надзвычай пераканаўча: будзе лічыць толькі рыжых.
Так і хочацца нагадаць словы Юліуса Фучыка: «Людзі, будзьце пільныя!»
Мікалай Чаргінец
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.