15 студзеня, пятніца

Вы тут

Супольная гісторыя ў Вялікім Княстве.


Ад літоўскага даследчыка Радзівілаў

Дырэктар бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх Сігітас Нарбутас расказаў карэспандэнту “Звязды” пра цікавую знаходку, зробленую ў іх краіне, якую можна лічыць амаль сенсацыйнай.

У 2004-м годзе на тэрыторыі былога каралеўскага замка ў Дубіцы (Літва), якім у XVI стагоддзі валодалі Радзівілы, на месцы былога касцёла Святога Духа, знайшлі крыпту, а ў ёй – астанкі людзей. Па месцу знаходжання крыпты (пад алтаром) вучоныя выказалі здагадку, што гэта могуць быць асобы з роду Радзівілаў.

Адшукаць гэтыя астанкі дапамог шчаслівы выпадак. З гістарычных дакументаў было вядома, што падчас нашэсця Маскоўскага войска на ВКЛ у сярэдзіне XVII стагоддзя прадстаўнікі Біржайскага роду Радзівілаў сабралі сваіх найбольш знакамітых продкаў і пахавалі на тэрыторыі гэтага замка, але ў якім дакладна месцы, не пазначалася. Уся тэрыторыя займала надзвычай вялікую плошчу, таму шукаць, спадзеючыся на шчаслівы выпадак, было бессэнсоўна.

Сігітас

Сігітас

 

Свае археалагічныя практыкі там праводзілі студэнты аднаго з літоўскіх універсітэтаў. Ім было вядома месца, дзе раней знаходзіўся касцёл, а таксама палац, у якім жыла Барбара Радзівіл да свайго каранавання ў Польшчы. Нічога  асабліва не чакаючы, яны праводзілі там археалагічныя раскопкі. І вось адной групе ўдалося натрапіць на старажытныя пахаванні!

Меўся багаты іканаграфічны матэрыял, таму з дапамогай метаду антрапалагічнага ўзнаўлення чарапоў былі ідэнтыфікаваны астанкі знойдзеных асобаў. Аказалася, што гэта некаторыя з самых знакамітых Радзівілаў: Мікалай Радзівіл Чорны і яго жонка Альжбета Радзівіл, Мікалай Радзівіл Руды і яшчэ некалькі іншых прадстаўнікоў роду.

Ідэнтыфікацыя заняла прыблізна чатыры гады. У 2009 годзе ўсе астанкі былі сабраны ў адну вялікую ўрну і прадстаўлены грамадскасці. Гэтыя чатыры гады на месцы былога касцёла Святога Духа вяліся будаўнічыя працы ( літоўская дзяржава разумела, што павінна праявіць сваю пашану да старажытнага княжацкага роду). Там быў зроблены маўзалей, у яго ўрачыста перанеслі астанкі.

Такую ўнікальную знаходку ўспрынялі як сенсацыю не толькі навукоўцы краіны, але і шырокая грамадскасць. Для Сігітаса Нарбутаса яна таксама мела асаблівае значэнне. Бо гэты чалавек актыўна вывучае гісторыю рода Радзівілаў. Таксама ён даследуе літуаніку, у тым ліку літаратуру перыяду Вялікага Княства Літоўскага – у прыватнасці, пераклаў на літоўскую мову знакамітую “Радзівіліяду” Яна Радвана. Карэспандэнт “Звязды” не магла не скарыстацца сустрэчай з такім чалавекам і задала яму некалькі пытанняў:

—                          Спадар Сігітас, вы прывезлі з сабой “Пуцяводнік па Вялікім Княстве Літоўскім”. Што ён сабой уяўляе?

—                          Выдаў кнігу інстытут даследаванняў літоўскай культуры, яна багата ілюстравана. На яе старонках можна ўбачыць культурныя каштоўнасці Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі – тых дзяржаў, на тэрыторыі якіх калісьці прасціралася вялікае Княства Літоўскае.

—                          Чаму выданне называецца менавіта “Пуцяводнік”, у ім асаблівая форма падачы матэрыялаў,  прыстасаваная для турыстаў?

—                          У Літве цяпер назіраецца істотнае павелічэнне цікавасці да культурнага турызму. Людзі часта наведваюць месцы колішніх уладанняў магнацкіх, шляхецкіх родаў, напрыклад, замкі Радзівілаў або рэшткі ўладанняў Сапегаў, Хадкевічаў. У нашых экскурсаводаў не заўсёды ёсць патрэбныя цікавыя звесткі. Таму ў кнізе сабраны факты, звязаныя з кожнай адметнай мясцовасцю: асноўныя падзеі, лёсы знакамітых асобаў і іншае. Такім чынам, кнігай могуць карыстацца як прафесійныя экскурсаводы, так і тыя сем’і, якія самастойна вырашылі павандраваць па пэўнай краіне Вялікага Княства.

—                          Цікава, чаму менавіта зараз у людзях абудзілася цікавасць да свайго мінулага?

—                          На маю думку, гэта звязана з тым, што яны нарэшце пачалі вяртаць сваю страчаную памяць, звяртацца да каранёў, ствараць радаводы сваіх сямей, радні і ўсёй дзяржавы. Мінулыя пакаленні часта маглі жыць зусім у іншых месцах, чым іх нашчадкі, а апошнія пра гэта і не здагадваліся. Але нарэшце вырашылі ўсё высветліць і убачыць на свае вочы, а галоўнае – паказаць маладому пакаленню, дзе і як жылі іх продкі.

—                          З чаго пачалося ваша захапленне літуанікай?

—                          Падчас маёй вучобы ў Вільнюскім дзяржаўным універсітэце, у канцы 1980-х гадоў, у мяне былі вельмі добрыя выкладчыкі гісторыі Літвы – не афіцыйнай, але той, што пачалася падчас з’яўлення ВКЛ. Мы хадзілі па старажытным Вільнюсе і імкнуліся не заўважаць тагачасныя навабуды, але звярталі ўвагу на старажытныя помнікі. Найперш наведвалі могілкі Бернардзінцаў і Росы, дзе хавалі прафесараў; там я чуў такую гісторыю ўніверсітэта, якую ў савецкіх кнігах знайсці было немагчыма. Там жа я чытаў шмат літаратуры не толькі на літоўскай, але і на латыні, старабеларускай, польскай – гэта і вызначала маю далейшую дзейнасць.

—                          Займаючыся сваімі даследаваннямі, вы, верагодна, убачылі, што гісторыя Беларусі і Літвы цесна знітаваная?..

—                          Так, я заўважыў, што, ведучы размову пра ВКЛ, ужыць словы літовец, беларус у сучасным значэнні мы не можам. Спрабаваць неяк аддзяліць тагачасныя культуры, правесці мяжу – справа пустая. Займацца гэтым чалавеку, які разумее, што яму дадзена ўсяго адно жыццё, не варта. Трэба даследаваць, перакладаць на сучасную мову творы нашай спадчыны, папулярызаваць. Бо для большасці людзей, якія жылі ў савецкі час, гэта штосьці істотна новае. Мы абавязаны ўсіх суайчыннікаў пазнаёміць з тым, што ведаем, гэта найперш важна і для культурнай ідэнтычнасці нашых народаў. З беларусамі нас звязваюць агульныя аўтары, іх творы: мы можам па-рознаму іх інтэрпрэтаваць, але яны ўсё адно нас аб’ядноўваюць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.

Грамадства

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

«Ахвотных настолькі многа, што скончыліся бланкі».