Вы тут

У Навагрудку ўбачым сем вежаў


У былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, у Навагрудскім замку, цяпер ідзе актыўная рэстаўрацыя. Плануецца, што да Дня Незалежнасці адна з яго вежаў — Касцельная — будзе амаль цалкам адноўлена.

24-13

Сто гадоў рэстаўрацыі

У межах дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» ў 2012 годзе ў Навагрудскім замку пачаліся актыўныя работы, было праведзена іх фінансаванне. Заказчыкам выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, падрадчыкам — будаўнічая арганізацыя «Белрэстаўрацыя». Аднак перад тым, як расказаць, у якім выглядзе ў хуткім часе мы ўбачым Навагрудскі замак, хочацца зазірнуць у мінулае і ўзгадаць, што рэстаўрацыя тут вялася літаральна цэлае стагоддзе... Пра гэта распавяла намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько:

— Работы па захаванні Навагрудскага замка пачаліся ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Тады палякі закансервавалі рэшткі двух вежаў — Касцельнай і Шчытоўкі, аднавілі частку сцяны і паказалі, як ішлі іншыя сцены. Акрамя таго, яны намалявалі прыблізны план замка і акрэслілі яго памеры. Пасля Другой сусветнай вайны ў замак прыехалі працаваць пецярбургскія археолагі на чале з Фрыдай Гурэвіч. Асноўная частка калекцыі артэфактаў, знойдзеных у той час, сёння захоўваецца ў Эрмітажы і ў Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры. У 1990-я была праведзена невялікая кансервацыя і накрыта Касцельная вежа, але з-за спынення фінансавання работы перасталі праводзіць.

У XXІ стагоддзі работы ў замку таксама вяліся. У 2008—2009 гг. Генадзь Малашук правёў тут даследаванні. Яны пацвердзілі: на лёс замка можа істотна паўплываць генеалогія. За Навагрудкам знаходзіцца магутнае падземнае вадасховішча, вада з якога пастаянна падмывае замак, знаходзячы выхад у яго земляных пахілах, таму вежы не надта ўстойлівыя. Зыходзячы з гэтага, быў падсыпаны і замацаваны «падплыў» замкавага схіла. У 2011 годзе ў замку праводзіліся архітэктурна-археалагічныя даследаванні пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Андрэя Мяцельскага, падчас якіх былі знойдзены і раскапаны вежы Пасадская і Дазорцаў. Пасля гэтыя пабудовы былі накрыты драўляным падстрэшкам.

24-14

Імкнучыся да трываласці

У 2012-м работы ў замку значна актывізаваліся і не спыняюцца да гэтага часу. Начальнік Мірскага вытворчага ўчастка ААТ «Белрэстаўрацыя» Пётр Дрык адзначыў, што цяпер на вежы кожны дзень працуе 10 чалавек. Ён таксама нагадаў пра няўстойлівасць Касцельнай вежы: аказваецца, раней яна нахілялася. Для таго, каб стабілізаваць яе, устаноўлены металічныя канструкцыі, у тым ліку два металічныя паясы. Спецыяліст адзначыў, што праз пару гадоў назірання, калі вежа стабілізуецца, гэтыя канструкцыі будуць зняты.

У апошнія гады таксама ўмацаваны падмурак: забіта 105 паляў глыбінёй 11 метраў кожная, паміж імі закачана маналітная цэментная падушка, што надало вежы яшчэ больш трываласці.

Навуковы кіраўнік аб'екта Сяргей Друшчыц адзначыў, што перад тым, як распачаць у замку рэстаўрацыю, ён з калегамі вывучыў вопыт працы з аналагічнымі пабудовамі ў суседніх Літве, Латвіі, Эстоніі і іншых краінах. На падставе атрыманых звестак была распрацавана канцэпцыя пад назвай «Трывалыя руіны». Згодна з ёй, на замку раскрыюць сем вежаў: уверсе будуць Касцельная, Шчытоўка, Дазорца, Пасадская і Уваходная; унізе, у форбургу, паўстануць Калодзежная і Гарадская вежы.

Згодна з канцэпцыяй, на замку раскрыюць сем вежаў: уверсе будуць Касцельная, Шчытоўка, Дазорца, Пасадская і Уваходная; унізе, у форбургу, паўстануць Калодзежная і Гарадская вежы.

Пасля завяршэння Касцельнай вежы рэстаўрацыя распачнецца на Шчытоўцы. Сяргей Друшчыц расказаў, што захаваліся даволі добрай якасці фотаздымкі, гравюры, малюнкі, з дапамогай якіх плануецца ўзнавіць былы выгляд гэтага аб'екта.

На трох ці чатырох паверхах Шчытоўкі плануецца адкрыць музей. У ім будуць захоўвацца знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў артэфакты, сярод якіх кафля, ядры, наканечнікі стрэл, дахоўка і іншае. Завяршацца вежа, верагодна, будзе агляднай пляцоўкай.

З зямлі паўстануць пабудовы

Згодна з канцэпцыяй, у выніку можна будзе ўбачыць замак такім, якім ён быў у XVІ стагоддзі (як мінімум, будуць акрэслены контуры ўсіх пабудоў). Сяргей Друшчыц адзначыў, што многія замкавыя аб'екты захаваліся да нашага часу, але пакуль знаходзяцца пад спецыяльнымі накрыўкамі або ўвогуле пад зямлёй:

— Аплікацыяй плануем паказаць царкву (зараз яе не відаць, бо яна знаходзіцца ніжэй за ўзровень глебы). Друз будзе зняты з усёй пляцоўкі: каля Шчытоўкі — на вышыню 4,5 метра (бо ўваход у вежу калісьці быў з адзнакі другога паверха), каля сцен — на вышыню 1,5 — 1,8 (для таго, каб было бяспечна хадзіць падчас экскурсій і ніхто не звальваўся ў роў). У XVІІІ стагоддзі пасярэдзіне пляцоўкі знаходзіўся палац — яго муроўку плануем узняць на вышыню 50 сантыметраў. На самім дзядзінцы ніякіх пабудоў і канструкцый рабіць не плануем. Там застанецца газон для правядзення розных мерапрыемстваў.

Не перабольшваючы, можна сказаць, што аднаўленне Навагрудскага замка — сапраўдная падзея: Наваградак — гэта калісьці слаўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, вядомая ўсім яшчэ са школьных падручнікаў гісторыі. Да таго ж гэты горад прыгожы сам па сабе, у ім шмат старых архітэктурных збудаванняў, аднак яго перлінка — гэта замак. Убачыўшы яго ў адноўленым выглядзе, мы, напэўна, зможам лягчэй зразумець, хто мы ёсць — нашчадкі князёў, народа, які здабываў перамогі...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Навагрудскі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.