Вы тут

Кожная літара сведчыць


 вёскаАпублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 2.07.2014 г.

________________________________________________________________________

Споўнілася 72 гады з дня трагедыі ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна, калі ў ходзе буйной карнай аперацыі фашысты знішчылі 1800 мірных жыхароў.

Боркі

Сімвалам памяці пра трагедыю ў Борках і ва ўсіх спаленых вёсках Магілёўскай вобласці з’яўляюцца ўзведзеныя тут мемарыяльны комплекс і капліца.

Абласная акцыя, прысвечаная памяці ахвяр спаленых вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны, ініцыяваная грамадскім аб’яднаннем “Рускае культурна-асветніцкае таварыства” пры падтрымцы Кіраўскага райвыканкама, прайшла на мемарыяльным комплексе ў Борках. У гэты дзень сабраліся разам беларусы, расіяне, украінцы…

“Нельга без хвалявання ўспрымаць звесткі пра трагедыю, якая адбылася ў гэтых мясцінах, і ўвогуле ўсё, што перажыла наша Айчына больш як 70 гадоў таму, — адзначыў у сваёй прамове кіраўнік прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва”, саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Малашанка. — Але, нягледзячы ні на што, вялікая сіла духу савецкага народа не была зламана: прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей аб’ядналіся ў барацьбе з чужынцамі. Я родам з суседняй Браншчыны. Нядаўна пад Бранскам адкрыты мемарыяльны комплекс на месцы былой вёскі Хацунь. Трагедыя ў ёй адбылася ў кастрычніку 1941 года: фашысты расстралялі 321 чалавека, з іх 60 — дзеці. На Браншчыне заўсёды гаварылі: “Хацунь — сястра беларускай Хатыні”.

“Чалавек, спыніся, памаўчы, ушануй памяць загінуўшых, успомні пра іх гераічны подзвіг у імя жыцця будучых пакаленняў!” — заклікалі вядучыя. Загучалі званы. Хвіліна маўчання… Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека, ураджэнец Кіраўскага раёна, родныя якога загінулі ў полымі спаленых Борак, паклаў гэтыя падзеі ў аснову сваёй паэмы “Марыйка”. Яна ўвайшла ў зборнік “Перакрыжаванні лёсаў”, выдадзены нядаўна пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва” да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аўтар падкрэсліў, што для жыхароў Магілёўскай вобласці сімвалам трагізму мінулай вайны і месцам паломніцтва павінна стаць менавіта гэтая вёска, дзе ўвекавечана памяць загінуўшых, дзе кожная літара на жалобнай сцяне заклікае нашчадкаў: помніце, не дазвольце гэтаму паўтарыцца! Увазе прысутных быў прапанаваны ўрывак з паэмы “Марыйка” ў выкананні народнага тэатра і ансамбля эстраднага танца “Лайт-данс” абласнога Палаца культуры.

Хвалюючымі былі ўспаміны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, нашага земляка Уладзіміра Іванавіча Лазарэнкі, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях партызан на Кіраўшчыне.

Старшыня Рускага культурна-асветніцкага таварыства Людміла Валадзько падкрэсліла: “Мы жывём у няпросты час. Славянскім народам трэба быць разам”.

Наталля ХАДАКОВА

Фота Максіма Мікешына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?