Тысячы людзей прыйшлі 3 ліпеня на Буйніцкае поле, каб аддаць даніну памяці змагарам за нашу свабоду.
У гэтым святым для кожнага жыхара Магілёўшчыны месцы ў далёкім 1941-м на 23 дні быў затрыманы вераломны наступ фашысцка-нямецкіх войскаў. Гэта поле, шчодра палітае крывёю, стала сімвалам мужнасці і няскоранасці перад ворагам.
Мітынг пачаўся з ускладання вянкоў і кветак да мемарыяла. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.
— Мы ўдзячны тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай гераічна змагаўся за свабоду, а пасля вайны паказваў прыклад самаадданай працы, — адзначыў падчас свайго выступлення старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. — Мы заўсёды будзем памятаць подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, якія, як ніхто, ведаюць цану Перамозе. І будзем рабіць усё, каб наш край і надалей толькі квітнеў.
Губернатар павіншаваў ветэранаў і ўсіх прысутных са святам і ўручыў спецыяльныя сертыфікаты тым, чые імёны нядаўна былі занесены ў Кнігу Памяці і Славы Магілёўшчыны. Сярод іх — старшыня Магілёўскага райвыканкама Анатоль Дуцько, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Рыта Кундзікава з Клічаўскага раёна, дырэктар УКСП «Саўгас «Добраахвотнік» Клічаўскага раёна Алег Портнік, інжынер-праграміст прадпрыемства «Магілёўліфтмаш» Алена Муратава, аператар машыннага даення вучгаса Горацкай сельгасакадэміі Галіна Сімчанка.
У гэты ж дзень адбыўся ўрачысты прыём ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў губернатара Магілёўскай вобласці Пятра Рудніка, дзе ён яшчэ раз падзякаваў ім за ратны подзвіг.
Паўсюдна на магілёўскіх вуліцах гучала музыка, праходзілі тэатралізаваныя прадстаўленні, працавалі гандлёвыя рады. А вечарам магіляўчане прыйшлі на цэнтральную плошчу горада, каб разам з усёй краінай спець гімн і ўбачыць святочны салют.
Святочныя мерапрыемствы адбыліся ва ўсіх населеных пунктах вобласці. У Горацкім раёне каля вёскі Халмы быў адкрыты памятны знак — падзея адбылася дзякуючы ініцыятыве яе ўраджэнца, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалая Калтунова. На камені вагой каля 17 тон размешчана таблічка з прозвішчамі землякоў, якія не вярнуліся з вайны.
Мемарыял Мужнасці і смутку адкрыўся ў Бабруйскай крэпасці, дзе падчас вайны знаходзіўся лагер савецкіх ваеннапалонных. У гэты ж дзень у Бабруйску стартаваў Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы».
Нэлі ЗІГУЛЯ.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».