Вы тут

Першая Сусветная: адрасы апошняга прыстанішча


У айчыннай картаграфіі з'явіўся ўнікальны гістарыяграфічны дакумент. «Белкартаграфія» выпусціла «Карту вайсковых пахаванняў Першай сусветнай вайны».

Упершыню на карту Рэспублікі Беларусь нанесены агульныя захаванні, індывідуальныя захаванні, брацкія магілы, памятныя мясціны з магчымымі захаваннямі, мясціны былых захаванняў, мясціны перазахаванняў. Пазначана і нацыянальная прыналежнасць могілак (аўстрыйскія, нямецкія, рускія, мусульманскія, інтэрнацыянальныя). Адзначаны стан захаванняў (дагледжаныя, раскапаныя, закінутыя, тыя, пра стан якіх звесткі адсутнічаюць).

15-14

15-14

 Бяры ў рукі карту — і выпраўляйся ў гісторыка-краязнаўчае падарожжа. Нават назвы паселішчаў нанесены не толькі па-руску, але і па-нямецку. На зваротным баку карты — здымкі з невялікімі тлумачальнымі тэкстамі па адрасах захаванняў. Ёсць у выданні і невялікі тэкст агляднага характару пра падзеі Першай сусветнай вайны ў Беларусі. Аўтар — доктар гістарычных навук Анатоль Шаркоў. Навуковымі кансультантамі карты выступаюць Анатоль Шаркоў, Уладзімір Адамушка, Вячаслаў Селяменеў.

 

— Гісторыя ўвагі да могілак Першай сусветнай вайны на тэрыторыі нашай краіны складаецца з некалькіх этапаў, — расказвае Анатоль Шаркоў. — Магілы ўвогуле маглі б згубіцца, знікнуць у цянётах чалавечай памяці. Усё ж вайна была, як прызвычаіліся яе характарызаваць, «імперыялістычнай», «несправядлівай». Шмат больш значылі ахвяры іншых войнаў: Грамадзянскай, Вялікай Айчыннай... У 1920-я гады пачалася буйная міжнародная кампанія па ўладкаванні і абнаўленні захаванняў Першай сусветнай вайны. Работа працягвалася да 1939 года. На могілках у масавым парадку драўляныя крыжы былі заменены тыповымі надмагіллямі двух відаў — плоскімі плітамі ў форме стылізаванага крыжа альбо вертыкальнымі бетоннымі крыжамі.

— А геаграфія рэалізацыі гэтага праекта — наколькі яна шырокай была? — пытаюся ў Анатоля Васільевіча.

— Мемарыялізацыя, упарадкаванне праводзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла тады ў склад Польшчы. На тэрыторыі БССР такія работы не ажыццяўляліся. І ў гэтым адна з прычын, што абсалютная большасць могілак тылавой зоны расійскай арміі беззваротна страчана.

Новы перыяд узнаўлення воінскіх захаванняў Першай сусветнай вайны пачаўся з канца 1980-х гг. Шмат што было зроблена па ініцыятыве мясцовых жыхароў, грамадскіх арганізацый. У многіх рэгіёнах падтрымку аказалі мясцовыя ўлады. У пачатку 1990-х быў створаны Беларускі рэспубліканскі грамадскі арганізацыйны камітэт па ўшанаванні памяці салдат Першай сусветнай вайны. Спрыяе ў гэтай рабоце і Народны саюз Германіі. Дзякуючы агульным намаганням адноўлена і прыведзена ў парадак каля трох з паловай дзясяткаў могілак. Нямала зроблена і 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Вядома, што ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, па тэрыторыі якіх праходзіла лінія фронту, захавалася 2458 месцаў пахаванняў Першай сусветнай вайны. З іх: 127 — аўстра-германскіх, 69 — рускіх, 52 — змешаныя. Лічба не канчатковая. Ідуць далейшыя пошукі. І карта, якая толькі што пабачыла свет тыражом 1000 экзэмпляраў, несумненна, падштурхне да такой работы.

Мікола Берлеж.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.