Выпускнікі базавай школы змогуць паступаць на аснове адзнак у сваім пасведчанні
Учора ў краіне распачаўся прыём дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Абітурыенты, якія паступаюць у ССНУ на аснове базавай адукацыі (на бюджэтную і платную формы навучання), павінны завітаць у прыемныя камісіі не пазней за 31 ліпеня.
Тэрміны падачы дакументаў абітурыентамі, якія паступаюць на дзённую, вячэрнюю, завочную формы навучання ў ССНУ на аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — з 15 ліпеня па 6 жніўня. Гэта тычыцца як бюджэтнай, так і платнай форм навучання.
Дакументы на спецыяльнасці сельскай гаспадаркі і воднага транспарту (на вочную і завочную формы бюджэтнага і платнага навучання) будуць прымацца з 1 кастрычніка па 30 лістапада.
Трэба мець на ўвазе, што гэтым летам выпускнікі базавай школы будуць паступаць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўвогуле без экзаменаў (за выключэннем спецыяльнасцяў, дзе прадугледжаны «творчы экзамен»): конкурс будзе ажыццяўляцца па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Праўда, у галоўным адукацыйным ведамстве не выключаюць, што на асабліва прэстыжных у моладзі спецыяльнасцях можа скласціся напружаная сітуацыя, калі дакументы пададуць толькі адны выдатнікі. І як у такім выпадку прыёмнай камісіі вызначыць з іх самых годных? «Значыць, давядзецца задзейнічаць дадатковыя крытэрыі. У правілах прыёму прапісана, хто мае пераважнае права на залічэнне пры аднолькавай суме балаў. Для прыёмнай камісіі гэта, вядома, будзе выпрабаваннем. Але ніхто не перашкаджае ўстанове адукацыі ўвесці і свае дадатковыя крытэрыі, калі ў гэтым будзе патрэба», — тлумачаць у галоўным адукацыйным ведамстве.
Абітурыенты, якія паступаюць на аснове базавай адукацыі на спецыяльнасці, дзе конкурс летась складаў 5 і больш чалавек на месца, павінны мець у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі адзнакі не ніжэй як 4 балы па рускай мове і беларускай мове, а таксама па прадмеце, які адпавядае профільнаму іспыту.
Пры паступленні на аснове агульнай сярэдняй адукацыі абітурыенты павінны прадаставіць сертыфікаты ЦТ з любой сумай балаў, акрамя нуля.
Сёння ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі функцыянуюць 132 дзяржаўныя і 12 прыватных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 6 каледжаў Белкаапсаюза. Акрамя таго, падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй ажыццяўляюць 70 прафесійна-тэхнічных каледжаў. Сёлета ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 43 тысячы чалавек, у тым ліку каля 25 тысяч — для навучання за кошт бюджэтных сродкаў.
У новым навучальным годзе ў ССНУ распачнецца навучанне па новых спецыяльнасцях. Напрыклад, у Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы адкрываецца спецыяльнасць «Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў». У Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы — спецыяльнасць «Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы». У Мінскім політэхнічным каледжы — «Электроніка механічных транспартных сродкаў». У Магілёўскім тэхналагічным каледжы пачнуць рыхтаваць мехатронікаў 5 разраду, якія будуць спецыялізавацца на вытворчасці халадзільнага абсталявання.
А ў Мінскім медыцынскім каледжы ўпершыню адкрываецца вячэрняя форма навучання па спецыяльнасці «Сястрынская справа». Плануецца набраць групу ў 30 чалавек. Тэрмін навучання на вячэрняй форме складзе 3 гады і 9 месяцаў. Праўда, навучанне пакуль толькі на платнай аснове. Як лічыць кіраўніцтва вышэйназванай установы, гэтая прапанова павінна зацікавіць найперш малодшы медыцынскі персанал, паколькі многія працэдуры ў касметалагічных салонах могуць праводзіць толькі спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй. Да таго ж медыцынская адукацыя — абавязковая ўмова для атрымання ліцэнзіі на адкрыццё касметалагічнага салона. Дарэчы, запыты ад касметалагічных салонаў пастаянна паступаюць…
Надзея НІКАЛАЕВА.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».