Вы тут

Трое — супраць усіх


Сёлета нашы студэнты-праграмісты спыніліся ў кроку ад «бронзы»

У Екацярынбургу адбыўся фінал чэмпіянату свету па спартыўным праграмаванні сярод студэнтаў АСМ ІСРС 2014. Гэта самыя прэстыжныя спаборніцтвы маладой праграмісцкай эліты некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў. Людзі, якія імкнуцца развівацца ў ІТ-сферы, сканцэнтраваны ў ВНУ. А сусветны чэмпіянат і падрыхтоўка да яго дазваляюць маладым праграмістам не толькі ўдасканальваць свае навыкі і вучыцца працаваць у камандзе, але і заявіць пра сябе ў сусветнай ІТ-суполцы.

У фінальнай частцы турніру за званне пераможцы змагаліся 122 студэнцкія каманды з 41 краіны свету. А ўвогуле на шляху да фінальнай стадыі чэмпіянату ў адборачных турнірах узялі ўдзел больш як 30 тысяч студэнтаў з 2 300 універсітэтаў 91 краіны свету.

16-15

Гонар беларускай школы праграмавання адстойвалі на сусветным першынстве студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ: трэцякурснік Аляксандр Некрашэвіч і чацвёртакурснікі Яўген Грыцкевіч і Аляксей Колесаў. Іх каманда — адзіная з Беларусі — здолела прабіцца праз паўфінал. Трэба мець на ўвазе, што паўфінал спаборніцтваў Паўночна-Усходняга еўрапейскага рэгіёна лічыцца «групай смерці», паколькі тут прадстаўлены ўсе самыя буйныя і аўтарытэтныя ўніверсітэты постсавецкай прасторы з Расіі, Беларусі, краін Балтыі, Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана. Менавіта ў гэтай групе выступаюць пяціразовыя чэмпіёны свету — студэнты Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, а таксама двухразовыя чэмпіёны — студэнты Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таму нават проста трапіць у фінал лічыцца вялікай удачай.

Між іншым, у фінале беларускія студэнты спаборнічалі са студэнтамі з Масачусецкага, Стэндфардскага, Прынстанскага, Оксфардскага, Пекінскага ўніверсітэтаў і многіх іншых ВНУ, якія ўзначальваюць сусветныя рэйтынгі.

Па правілах спаборніцтваў, у складзе кожнай каманды выступаюць тры студэнты, якім прадастаўляецца адзін камп'ютар і камплект з 10–12 найскладанейшых матэматычных задач. На іх рашэнне адводзіцца пяць гадзін. Згодна з правіламі чэмпіянату, рашэннем задачы з'яўляецца праграма, напісаная на адной з моў праграмавання, якая праходзіць тэсты журы. Перамагае тая каманда, якая зможа рашыць найбольшую колькасць задач, а ў выпадку аднолькавай колькасці правільных адказаў — каманда, якая выдаткавала на іх рашэнне меншую колькасць часу. Па спецыяльных правілах таксама падлічваецца і штрафны час. Перамагае каманда з меншай колькасцю штрафных хвілін.

Згодна з рэгламентам, пераможцамі фінальных спаборніцтваў становяцца, як правіла, 12 каманд, якія паказалі самыя высокія вынікі: чатыры каманды атрымліваюць залатыя медалі, чатыры — сярэбраныя і чатыры — бронзавыя. Каманда БДУ крыху не дацягнула да «бронзы», заняўшы ў агульным заліку 14‑е месца.

—Студэнты Белдзяржуніверсітэта неаднаразова ўздымаліся на п'едэстал на чэмпіянаце свету па праграмаванні. Як вядома, у нас былі і залаты, і сярэбраны, і бронзавы медалі. Але ў сёлетніх спаборніцтвах удзельнічала новая каманда БДУ, так бы мовіць, юная для чэмпіянату такога ўзроўню. Ніхто з нас і не марыў трапіць у рэйтынг мацнейшых каманд. Але хлопцы — проста малайцы, — канстатуе трэнер будучых праграмістаў Уладзімір Котаў.

Па правілах чэмпіянату, студэнты, якія ўжо двойчы выходзілі ў фінал, не маюць права ўдзельнічаць у конкурсе. Летась, дарэчы, у студэнтаў БДУ (а за каманду выступалі ўсе пяцікурснікі) было «серабро». І ўвогуле студэнты БДУ заўсёды дабіваліся права ўдзельнічаць у фінале.

Дарэчы, лепшым вынікам чэмпіянату гэтага года сталі 7 задач: з імі здолелі справіцца за больш кароткі час студэнты Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, якія прадэманстравалі выключныя веды ў рашэнні найскладанейшых матэматычных галаваломак. Каманды Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Пекінскага ўніверсітэта і Нацыянальнага ўніверсітэта Тайваня занялі другое, трэцяе і чацвёртае месцы і, адпаведна, таксама атрымалі залатыя медалі.

А, напрыклад, каманда Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі (менавіта яго студэнты некалькі апошніх гадоў заваёўвалі галоўны трафей) спынілася на 9‑й пазіцыі. Праўда, пераможца мінулага года беларус Генадзь Караткевіч, які сёння навучаецца ў Санкт-Пецярбургу, прыехаў на фінал толькі ў якасці госця. Але санкт-пецярбургская школа праграмавання ўсё роўна зноў святкавала на сусветным першынстве перамогу. Затое без узнагарод засталіся такія знакамітыя ўдзельнікі фіналу, як Масачусецкі тэхналагічны ўніверсітэт і Стэндфард.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.