Вы тут

Дзякуй, не трэба!


Сустрэла прыяцельку — мякка кажучы, не ў гуморы. Аказваецца, прыехала да іх бабуля, прывезла 3‑гадоваму ўнуку 5 пар шкарпэтак і нейкі там «кіндэрсюрпрыз». І ўсё б выдатна, але ярка-чырвоныя шкарпэткі кітайскай вытворчасці, якія малы тут жа нацягнуў і пайшоў гуляць, пафарбавалі яму ногі і сандалеты, а на шакалад у яго наогул алергія — пра што бабулі нагадвалі неаднаразова. «Уяўляеш, — кіпела знаёмая, — у выніку яшчэ і я вінаватая засталася, бо не ацаніла і не аддзячыла за падарункі! Вядома ж, бабуля прыехала і паехала, а нам цяпер адмывай Жэніка і лячы сып…»

sg-3

Нашай сям'і таксама, што ўтойваць, сябры і сваякі часам перадаюць непатрэбныя, бескарысныя рэчы. І як тут адмовішся, калі ведаеш — чалавек выбіраў, стараўся і ўсё гэта ад чыстага сэрца? Кажаш мякка: «Дзякуй, не трэба», — не разумеюць. Кажаш жорстка: «А ты ў гэта сваё дзіця апранула б?» — крыўдзяцца. «Пералапаціўшы» бацькоўскія форумы, пераканалася, што з праблемай непатрэбных падарункаў добра знаёмыя многія. «Мае сёстры і свякроў лічаць, што калі мы жывём за горадам, то дзяцей можна апранаць ва ўсякае рыззё, — і рэгулярна прывозяць заплямленыя ўшчэнт куртачкі, збіты абутак 40‑га памеру — «навырост», — з горыччу прызнаецца мама траіх дзяцей. — І ніякія тлумачэнні не дзейнічаюць. Я ўжо нават не спрачаюся, а потым выношу ўсё гэта «багацце» на сметнік». Выцягнутыя безразмерныя світары, савецкія калготкі, сінтэтычныя касцюмы дзікіх колераў, непрывабныя пластмасавыя цацкі з дрэнным пахам… Можна зразумець старэйшае пакаленне, якое памятае час татальнага дэфіцыту. Але часта рэчы кшталту «На табе, божа, што нам нягожа» дораць людзі маладыя і далёка не бедныя!

Другі пункт у спісе непатрэбнага — прадукты. Так, прыемна часам атрымаць ад родных ласунак «ад зямлі». Няважна, свойскую каўбасу ці шклянку ўласнаручна сабраных, пахкіх лясных суніц — тут дарагі не прэзент, а ўвага. А калі стрыечная цётка праз трэція рукі прысылае мех чарвівых яблычкаў («Шкада ж, калі прападуць!»), слоікі зацукраванага варэння невядомых часоў альбо пару кіло пераспелых, нясмачных пер'яў цыбулі — з прымаўкай «Затое сваё, без усякай хіміі!»? Як і каму тут патлумачыш, што на кіло яблыкаў і іншых «вітамінаў для дзяцей» ты зарабляеш і сам, а тварог карысней для здароўя купіць фабрычны, чым везці дамашні праз паўкраіны? Пры тым абсалютная большасць гэтых людзей шчыра ўпэўненая, што робіць табе дабро. Адмаўляешся — крыўдуюць. «Вучыся развіваць лаянкавую мышцу», — раіць мне ў такіх выпадках муж. Але пасварыцца справа няхітрая. Захаваць мір і згоду ў сям'і — вось дзе навука.

Можна ўсміхацца і цішком выкідваць «прэзенты». Можна адказваць тым жа. А можна рабіць, як адна з маіх сябровак, якая адчула на сабе эстафету перадачы непатрэбных рэчаў. Цяпер, перш чым аддаць камусьці рэчы сваіх дачок-падлеткаў, яна тэлефануе і перапытвае: «Ці вам што трэба?» Карыстаючыся выпадкам, перадаю вялікі дзякуй, дарагія сябры і сваякі, хто робіць менавіта так. Якая эканомія часу, грошай і нерваў атрымаецца! І не перажывайце, маўляў, як гэта, ехаць да дзяцей і ўнукаў з пустымі рукамі. Галоўнае — прывязіце сябе. Родныя людзі — гэта самае дарагое, што ў нас ёсць.

Вікторыя
ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.