Вы тут

За якасць паслуг «галасуем нагамі»


Як можна сапсаваць уражанні ад цікавай турыстычнай вандроўкі? Арганізатары міжнароднага праекта запрасілі польскіх і беларускіх журналістаў у прэс-тур па Сувальшчыне і Гродзеншчыне, каб прэзентаваць «Вандроўку ў этнаказку». Мы на свае вочы ўбачылі, што знаёмства з этнакультурнымі аб'ектамі трансгранічнага рэгіёна можа быць вельмі захапляльным і пазнавальным (падрабязнасці ў нумары «Звязды» за 11 ліпеня). Аднак гэта яшчэ не гарантуе, што цікавы турыстычны прадукт будзе запатрабаваны вандроўнікамі. Могуць перашкодзіць візавыя пытанні, незацікаўленасць з боку турфірмаў, а таксама арганізацыйныя пралікі, пра якія пойдзе гаворка ў гэтых нататках.

Я не прэтэндуе на ролю эксперта ў сферы турызму. Але вось якія ўражанні засталіся ў мяне як у звычайнага падарожніка.

Добразычлівасць як прафесійны стандарт

І на Сувальшчыне, і на Гродзеншчыне для ўдзельнікаў прэс-тура адбыліся вечарыны ў аграсядзібах. Як па мне, дык анімацыйная праграма ў нас была больш цікавая: гурт з Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры прапанаваў гасцям не толькі народную музыку, але і танцавальны майстар-клас. А вось што тычыцца такой «дробязі», як бытавыя ўмовы для турыстаў...

Да пытанняў сэрвісу арганізатары праекта з польскага і беларускага боку падышлі па-рознаму. На Сувальшчыне, паколькі гэтая аграсядзіба не магла забяспечыць начлег усіх вандроўнікаў, іх размясцілі не толькі там, але і непадалёк у атэлі. Усюды былі неабходныя, цывілізаваныя ўмовы, якія выключалі нейкія нязручнасці для гасцей. Зразумела, з магчымасцю прыняць душ, каб у добрым гігіенічным «тонусе», і, адпаведна, настроі, прадоўжыць вандроўку.

Пазітыўнаму настрою спрыяла і добразычлівасць работнікаў сферы паслуг — і ў аграсядзібе, і ў атэлі. Гэта ўжо, пэўна, для іх норма, прафесійны стандарт. Напрыклад, супрацоўнік атэля, праводзячы нас да нумароў, дапамог жанчынам паднесці іх сумкі. А перад снеданнем у кожнага пацікавіліся, якая страва з некалькіх прапанаваных будзе даспадобы.

А вось як сустрэлі ўдзельнікаў прэс-тура на Лідчыне ў аграсядзібе «Альба Рутэнія», якая, дарэчы, некалькі гадоў таму прызнавалася лепшай у вобласці...

Беларуская экзотыка ці здзек з гасцей?

Менавіта гэты аб'ект, які, паводле рэкламы, пазіцыянуе сябе сядзібай экалагічнага сельскага турызму для аматараў лепшых беларускіх традыцый, выбралі арганізатары праекта з нашага боку. Прычым з поўнай папярэдняй аплатай за паслугі — наколькі мне вядома, каля 1 мільёна рублёў з чалавека за вячэру, начлег і сняданак. І пры гэтым, у адрозненне ад сваіх польскіх партнёраў, не задумаліся над пытаннем, якое зусім не патрабуе глыбокіх ведаў у галіне турыстычнага маркетынгу: ці адпавядаюць магчымасці аграсядзібы элементарным умовам сэрвісу пры абслугоўванні вялікай групы людзей?

Мяркуйце самі. У ХХІ стагоддзі на 25 чалавек — адзін сумешчаны санвузел з умывальнікам, унітазам і ваннай. Ды яшчэ драўляны «ватэрклазет», дзе праблематычна зачыніць дзверы і адсутнічае туалетная папера. Гэта што, элементы старадаўніх беларускіх традыцый, якія прапануюцца наведвальнікам? Магчыма, так здаецца гаспадару сядзібы. Але чаму арганізатары паездкі, спыніўшы на ёй свой выбар (а гэта ж быў зусім не безальтэрнатыўны варыянт), не паведамілі вандроўнікам, што іх чакае і ці патрэбны ім такія «выгоды»? Некаторыя ўздзельнікі прэс-тура, асабліва жанчыны, былі ў сапраўдным шоку ад умоў, у якія яны былі вымушаны трапіць. Проста дзіву даешся, як гэта маглі не прадбачыць арганізатары праекта з ГрДУ імя Я. Купалы, дзе, дарэчы, рыхтуюць спецыялістаў у галіне турызму.

Зноў жа не трэба быць вялікім маркетолагам у наступнай сітуацыі. Уявіце, што ўсе 25 чалавек становяцца раніцай у чаргу ў адзіны санвузел. Прыняць душ тут — ужо фантастыка, хаця б зубы пачысціць ды памыць твар. Што гэта? Найперш, мяркую, наплявацельскае стаўленне да людзей. А па-другое, відавочна, што калі ўсе кліенты аграсядзібы хаця б па мінімуму выканаюць свой ранішні марафет, то будзе немагчыма ўкласціся па часе ў запланаваную праграму турыстычнай вандроўкі.

Вядома, уладальнік аграсядзібы можа спаслацца на тое, што ён не парушае беларускае заканадаўства аб аграэкатурызме. І сапраўды, сёння для гэтай сферы дзейнасці не існуе жорсткіх патрабаванняў па якасці паслуг і практычна ніякага кантролю за іх аказаннем не ажыццяўляецца. Ды і не сілком жа гаспадар сядзібы прыцягнуў да сябе столькі турыстаў. Яны самі (у нашым выпадку — арганізатары паездкі) павінны думаць, з кім звязвацца.

«Прыязджайце, вам заўсёды будуць рады!»

Зрэшты, «галасаванне нагамі» наконт якасці паслуг гэтай аграсядзібы (большасць удзельнікаў прэс-тура не захацела тут заставацца, і людзі паехалі начаваць у гасцініцу райцэнтра) было звязана не толькі з вышэйзгаданымі пытаннямі сэрвісу. На такое рашэнне паўплывалі і паводзіны гаспадара сядзібы. «Прыязджайце, тут вам заўсёды будуць рады!» — запэўнівае яе рэклама ў інтэрнэце. Аднак такое ўражанне, што гаспадар і не збіраўся быць са сваімі кліентамі на адной «хвалі» пазітыву, прытрымлівацца простых рэчаў гасціннасці. Сам быў сведкам хамскіх выказванняў з боку гаспадара ў адрас аднаго з гасцей. Няўжо і гэта наша нацыянальная «экзотыка»?

Дарэчы, калі верыць рэкламе, то ў гэтай сядзібе «лазня адкрыта для ўсіх ахвотных». Адзін з журналістаў паспрабаваў заказаць такую паслугу, быў гатовы заплаціць, але атрымаў катэгарычную адмову. Маўляў, лазня прызначана толькі для сям'і, якая тут пражывае...

Увогуле праблемы колькасці аграсядзіб (у прыватнасці, на Гродзеншчыне) ужо, пэўна, не існуе. А вось праблема якасці паслуг, як бачым, ёсць. Ужо пасля прэс-тура прачытаў у інтэрнэце, а таксама пачуў ад калегі зусім не прыемныя ўспаміны ад знаходжання ў «Альба Рутэніі». І хіба ж не варта было правесці адпаведны маніторынг грамадскай думкі аб гэтай сядзібе арганізатарам нашай вандроўкі? Гэта для іх таксама ўрок на будучыню. Ды і, зразумела, для ўсіх, хто хоча не памыліцца ў сваім выбары таго ці іншага аб'екта сферы паслуг. Трэба цікавіцца не толькі яго рэкламай, але і водгукамі людзей, якія тут ужо пабывалі.

— Упэўнены, што вам надоўга запомніцца гасцінны прыём з боку гаспадароў сядзібы, — чытаю ў інтэрнэце рэкламу «Альба Рутэніі».

Вядома ж, такі прыём не можа не запомніцца. Уражанні асабіста ў мяне (ды і, наколькі ведаю, у многіх іншых удзельнікаў прэс-тура) такія, што зноў туды прыехаць жадання няма. У адрозненні, дарэчы, ад шэрагу іншых, сапраўды гасцінных аграсядзіб на Гродзеншчыне. Але нас, на жаль, туды не запрасілі...

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.