Вы тут

Начны “Макбет”, альбо Ноу-хау Валерыя Анісенкі


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 18.07.14 г.

___________________________________________________________________________

На ўзбярэжжы Заходняй Дзвіны, за 16 кіламетраў ад Віцебска ў адным з самых прыгожых і жывапісных куткоў Беларусі знаходзіцца музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва». Усё тут вабіць вока: ліпавая ды бярозавая алеі, сажалка паміж раскідзістымі дрэвамі, альтанка, калодзеж-журавель і, вядома ж, сам сядзібны домік з верандай і зубчатай вежай. Сюды заўсёды прыемна завітаць, каб проста адпачыць і пазнаёміцца з асобай славутага рускага мастака.

макбет

 

Менавіта гэты маляўнічы край абраў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Валерый Анісенка для творчага праекта “Тэатр на пленэры”. Зрэшты, пастаноўкі на вольным паветры ладзяцца не ўпершыню: заўзятыя тэатралы павінны памятаць спектаклі “Чайка” і “Дзядзька Ваня”, прадстаўленыя гледачу на лецішчы рэжысёра В. Анісенкі. У жніўні 1996 года спектакль «Макбет» быў прадстаўлены на Эдынбургскім тэатральным фестывалі ў Шатландыі. Прэм’ера трагедыі ў выкананні акцёраў-коласаўцаў таксама была пленэрнай. 26 мая 2013 года на XV Міжнародным тэатральным фестывалі «Мельпамена Таўрыі» паказ адбыўся на лецішчы прэзідэнта фестывалю, дырэктара Херсонскага акадэмічнага тэатра драмы і камедыі, заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны Аляксандра Кнігі. Англійская трагедыя ва ўкраінскім лесе на беларускай мове стала адной з выключных падзей фестывалю ў Херсоне. Такім чынам, існавалі ўсе падставы для таго, каб пленэрны начны паказ спектакля «Макбет» на тэрыторыі музея-сядзібы І. Я. Рэпіна «Здраўнёва» пашырыў творчыя межы Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску – 2014».

Напярэдадні спектакля хваляваліся ўсе: і сам мастацкі кіраўнік тэатра, і артысты, і тэхнічныя супрацоўнікі, і адміністратары, і аматары сцэнічнага мастацтва. Як усё адбудзецца, ці не ўзнікнуць перашкоды ў выглядзе неспрыяльнага надвор’я альбо нейкіх тэхнічных хібаў? Але, дзякаваць богу, усё склалася выдатна. З самага пачатку гледачы патрапілі ў змрочную атмасферу сярэднявечча, іх сустрэлі маўклівыя вартаўнікі з факеламі ў руках (дарэчы, у праекце бралі ўдзел не толькі артысты-коласаўцы, але і ўдзельнікі рыцарскіх клубаў “Хальвіль” і “Наследие” культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кола” г. Віцебска). Русалкі, вядзьмаркі, прывіды на дрэвах – уся гэтая нечысць, як ні дзіўна, дапамагала ўвасабляць канцэпцыю спектакля і яго галоўную інтрыгу: як зло нетаропка, але паслядоўна і трывала авалодвае душамі галоўных герояў, ператвараючы іх саміх у агідных монстраў і маральных пачвар. Рэжысёр адмыслова вырашыў сцэнічную прастору такім чынам, каб падзеі, апрача цэнтральнай пляцоўкі, адбываліся і на верандзе рэпінскага дома (там з’яўляліся Макбет і Банко), нават падчас каранацыі Макбета з глыбіні лесу выходзілі жудасныя персанажы.

Занятыя ў спектаклі артысты былі на вышыні, асабліва выканаўцы галоўных роляў: Макбет (Юрась Цвірка) і лэдзі Макбет (Анжаліка Баркоўская). Самай моцнай у пастаноўцы атрымалася сцэна вар’яцтва галоўнай гераіні.

Трагедыя ў выкананні коласаўцаў – не проста тэатральны эксперымент, а высокамастацкі твор, які ў чарговы раз узняў адвечнае пытанне пра дабро і зло, багата аздобленае сучаснымі акцэнтамі. Журы IV Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг» (красавік 2014 года) у намінацыі “Лепшая рэжысура” найбольш яркай прызнала работу Валерыя Анісенкі.

Будзем спадзявацца, што добрыя стасункі паміж Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Якуба Коласа і Віцебскім абласным краязнаўчым музеем (Музей-сядзіба І. Я. Рэпіна “Здраўнёва” з’яўляецца яго філіялам) будуць мець цікавы і плённы працяг. “Начны спектакль на вольным паветры – усяго толькі “пілотны” праект. У планах – пастаноўка “Дзядзькі Вані” (пленэрны варыянт), а таксама арганізацыя Міжнароднага тэатральнага фестывалю з паказам спектакляў на пляцоўцы рэпінскай сядзібы”, – распавёў дырэктар -- мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка.

Юрый ІВАНОЎСКІ,

тэатральны крытык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».