Вы тут

Школа жыцця і мужнасці


 Як выхоўваюць цяжкіх падлеткаў у печынскай «вучэбцы»?

23-15

Кожнае лета на базе вучэбнага цэнтра ў Барысаве традыцыйна арганізуецца летні адпачынак школьнікаў. Як паказвае практыка, армія з'яўляецца любімым месцам для падлеткаў, дзе можна цікава і з карысцю правесці канікулы. Многія з вялікім жаданнем прыязджаюць сюды штогод, сталеючы разам з лагерам, сустракаючыся са старымі сябрамі і выхавальнікамі. Не стаў выключэннем і цяперашні летні сезон. На базе 114-й гвардзейскай школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы для школьнікаў адкрыты двухзменны спартыўна-патрыятычны летнік «Абаронца Айчыны» кругласутачнага знаходжання.

Кантынгент у лагеры асаблівы: падлеткі ад 7 да 15 гадоў з няпоўных, шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, а таксама прыёмныя дзеці. Дванаццаць з іх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сямёра — на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Многія падлеткі, якія патрабуюць павышанай увагі, накіраваны сюды на перавыхаванне сацыяльнымі педагогамі.

Не работа — сям'я

У першай змене шэсцьдзясят шчасліўчыкаў атрымалі магчымасць не толькі добра адпачыць у сценах «вучэбкі», але і падужэць фізічна, пазнаёміцца з рэаліямі армейскага жыцця, спазнаць цану сапраўднага мужчынскага сяброўства, паспаць на салдацкім ложку і нават пагуляць у «вайнушку». А самае галоўнае тое, што тут яны ўвесь дзень знаходзяцца пад наглядам і пастаянна занятыя справай.

Камандаванне школы, якой кіруе гвардыі падпалкоўнік Уладзімір Баранскі, з разуменнем паставілася да такой важнай, хоць і турботнай, справы. І перш за ўсё таму, што бачыць у ёй прамую карысць для арміі і грамадства ў цэлым. Бо, па вялікім рахунку, многія з гэтых юнакоў у свой час стануць салдатамі. Магчыма, хтосьці з іх будзе праходзіць тэрміновую ваенную службу ў гэтым жа вучэбным злучэнні. Але гэта будзе потым. А пакуль печынская «вучэбка» стала асноўным прытулкам, дзе падлеткам змогуць прывіць густ да нармальнага жыцця.

— У праграму мерапрыемстваў традыцыйна ўключылі правядзенне шэрагу азнаямленчых заняткаў па розных ваенных дысцыплінах, — адзначыў вядучы спецыяліст аддзялення ідэалагічнай работы вучэбнага цэнтра падпалкоўнік запасу Ігар Чаленка. — Для працы са школьнікамі ў дапамогу адміністрацыі лагера падабралі інструктарскі склад з ліку вопытных прафесіяналаў у пагонах. Афіцэры і ваеннаслужачыя па кантракце практычна штодня праводзяць з юнакамі не толькі запланаваныя вучэбныя заняткі па страявой, агнявой, інжынернай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы, але і дапамагаюць выхавальнікам арганізоўваць спартыўныя спаборніцтвы і ваенізаваныя эстафеты, конкурсы і інтэлектуальныя гульні, гутаркі і віктарыны па ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Словам, людзі ў пагонах робяць усё магчымае, каб у армейскай абстаноўцы падлеткі не толькі добра адпачылі, але і атрымалі пэўныя веды і навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці.

Чарговы раз узначаліў летнік «Абаронца Айчыны» выкладчык фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 24 горада Барысава маёр у адстаўцы Сяргей Глушанін. Па сумяшчальніцтве ён вядзе ў школьнікаў дапрызыўную падрыхтоўку. Дарэчы, Сяргей Канстанцінавіч — майстар спорту СССР па мнагаборстве. Вось ужо пяць гадоў запар вопытны настаўнік разам з памочнікамі-педагогамі ў летні сезон праводзіць час з падлеткамі з усяго раёна.

Для Сяргея Канстанцінавіча і яго паплечнікаў праца ў летніку — нешта накшталт хобі, або, калі хочаце, стыль жыцця. Тут не школа і не праца. Хутчэй сям'я, дзе галоўная задача — засцерагчы хлопцаў ад крыміналу, выкараніць у іх шкодныя звычкі, вярнуць іх да нармальнага ладу жыцця, навучыць іх парадку і дысцыпліне. Словам, дапамагчы кожнаму стаць чалавекам, грамадзянінам, патрыётам сваёй Радзімы.

— За кожнага маладога чалавека трэба змагацца, імкнучыся захапіць яго карысным для грамадства заняткам, развіць яго здольнасці, — лічыць Сяргей Глушанін. — Так, сярод нашых падапечных нямала падлеткаў з цяжкім лёсам, і характар у іх не цукар. Але ўсе яны дзеці, якіх можна і трэба паспець паставіць на правільны шлях.

Не гульня — жыццё

23-14

Знаёмлюся з 10-гадовым Данілам Бутвілоўскім з сям'і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Кемлівы хлопец ужо чацвёрты год запар з вялікім жаданнем праводзіць частку летніх вакацый у гэтым лагеры.

— Мне ўсё ў арміі прыйшлося па душы, — прызнаўся Даніла. — Тут усё сапраўднае, ваеннае. У мяне ёсць свой узвод, камандзір і салдацкі ложак з тумбачкай. Сяржанты вучаць нас маршыраваць, разбіраць і збіраць сапраўдны аўтамат. А яшчэ займаемся спортам, гуляем у настольны тэніс, футбол, шашкі.

Армейская абстаноўка, у якой знаходзяцца падлеткі, вядома, адрозніваецца ад санаторнай. Але ў гэтым жа і заключаецца ўся прывабнасць адпачынку ў воінскай часці.

Як расказала намеснік начальніка лагера Ірына Жалабковіч, адчуўшы на вучэбных занятках цікавасць да ваеннай навукі, пагутарыўшы з курсантамі школы прапаршчыкаў, большасць падлеткаў мяняецца ў лепшы бок на вачах, заваёўваючы сярод аднагодкаў сапраўдны, а не фальшывы дваровы аўтарытэт. Армейская абстаноўка, у якой знаходзяцца падлеткі, вядома, адрозніваецца ад санаторнай. Але ў гэтым жа і заключаецца ўся прывабнасць адпачынку ў воінскай часці.

Толькі першыя дні падлеткам нязвыкла было рана ўставаць, засцілаць за сабой ложак, прыбірацца. Не ўсім спачатку падабаецца ўмывацца з голым торсам, чысціць зубы, мыць шкарпэткі. Некаторыя нават спрабавалі класціся спаць у адзенні. Але з часам юнакі ўцягваюцца ў лагернае жыццё. Як паказвае практыка, многія з іх за 18 дзён так прывыкаюць, што просяцца потым пакінуць іх на другую змену.

Затое адразу ўсім адпачывальнікам спадабалася кухня. На дзяржаўную датацыю (у сярэднім 50 тысяч рублёў на чалавека ў дзень) у сталовай мясцовай школы № 7 арганізавана 5-разовае харчаванне з садавіной, малаком і выпечкай. Як паказвае практыка, за змену юнакі папраўляюцца на 4-5 кілаграмаў.

— Што тут утойваць, — заўважыў Сяргей Глушанін, — некаторыя такога багацця прадуктаў у сваёй сям'і і не бачылі...

Неабходна яшчэ адзначыць, што работа спартыўна-патрыятычнага летніка «Абаронца Айчыны» не абмяжоўваецца толькі ваеннай накіраванасцю. Для падлеткаў спланавана цікавая культурная праграма з наведваннем футбольнага матча любімай каманды БАТЭ на «Барысаў-Арэне», правядзеннем турыстычнага паходу ў рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», наведваннем музеяў і гераічных месцаў Барысаўшчыны. Не забыліся арганізатары ўключыць у праграму і розныя конкурсы, гутаркі, кіналекторыі аб шкодзе алкаголю, курэння і наркотыкаў. Пад сваю апеку ўзялі падлеткаў спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы рэгіёна, актывісты БРСМ, настаяцель храма Дзмітрыя Данскога айцец Сергій. Пад пастаянным наглядам у органаў міліцыі знаходзяцца хлопцы, якія трапілі на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

— Вы не паверыце, але ў гэтым летніку я ўжо сёмы раз запар, — прызнаўся 15-гадовы Леанід Белы, якому даверылі выконваць абавязкі намесніка камандзіра ўзвода. — Бавіць час у армейскай абстаноўцы мне вельмі падабаецца. Тут я пасталеў і многаму ўжо навучыўся. Умею камандаваць, укладваюся ў нарматывы па адзяванні ОЗК, разборцы і зборцы аўтамата. І з дысцыплінай у маім узводзе ўсё ў парадку. Абавязкова стану афіцэрам або на крайні выпадак кантрактнікам-дэсантнікам. Надта ж у іх форма прыгожая...

Дзіцячыя ўражанні — самыя моцныя і праўдзівыя. Для гэтых юнакоў, якія сёння з азартам ходзяць строем, з задавальненнем разбіраюць аўтамат, знаёмяцца з баявой тэхнікай і цікавяцца асновамі ваеннай навукі, салдацкія або афіцэрскія пагоны ніколі не будуць у цяжар. Для іх летні лагер стане сапраўднай школай мужнасці.

Мікалай МАКАРЭВІЧ,
фота аўтара.

На здымках:

Падлеткі пад кіраўніцтвам сяржанта кантрактнай службы Андрэя Савіцкага знаёмяцца з матэрыяльнай часткай аўтамата. Заняткі па страявой падрыхтоўцы праводзіць малодшы сяржант кантрактнай службы Артур Галуб.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».