Вы тут

Жыццёвая прыступка — рабочая прафесія


 Ліпень, гарачая пара не толькі для хлебаробаў, але і для выпускнікоў школ. Газеты знаёмяць нас з вундэркіндамі, якія набралі на ЦТ максімальную колькасць балаў, складаюць рэйтынгі папулярных спецыяльнасцяў ВНУ. І ўсё ж, нягледзячы на прэстыж дыплома аб вышэйшай адукацыі, бюджэтныя месцы ў шэрагу ВНУ ўсё роўна застаюцца вакантнымі. Затое прафесійна-тэхнічныя каледжы, якія ўзгадваюцца значна радзей, такой праблемы не маюць: недабору тут няма.

— На 15 ліпеня да нас ужо падалі дакументы больш за 70 чалавек, — дзеліцца інфармацыяй адказны сакратар прыёмнай камісіі Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Ірына Коваль. — Гэта, як правіла, абітурыенты, якія не здавалі ЦТ і выбралі нашу навучальную ўстанову загадзя.

24-12

24-12

 

Да ліку такіх можна аднесці і Анатоля Караваева. Ён скончыў каледж у 2012 годзе па спецыяльнасці «Муляр, тынкоўшчык», цяпер працуе ў Лунінецкім раённым спажывецкім таварыстве.

— Азам сваёй прафесіі я пачаў вучыцца гадоў з адзінаццаці — дапамагаў дома бацькам з рамонтам, пазней — сябрам і знаёмым. Пасля школы адразу падаваў дакументы ў каледж, бо ўжо ведаў, што стане справай майго жыцця, — расказвае хлопец. — А каледж дапамог мне давесці навыкі і ўменні да прафесійнага ўзроўню. Як бы дзіўна ні прагучала, але менавіта тут я адкрыў свае творчыя здольнасці — пачаў пісаць вершы.

Анатоль шчыра прызнаецца, што не апошнюю ролю ў выбары прафесіі адыгралі перспектывы добрага заробку: «Маладым, вядома, хочацца як мага хутчэй набыць машыну, пастаяннае жыллё, хочацца, каб і на ўсё астатняе грошай хапала. А ў каледжы атрымліваеш прафесію, якая паўсюдна запатрабавана, таму і праблем з пошукам працы ніколі не будзе. Тым больш што пры размеркаванні заўжды ўлічваюць твае асабістыя пажаданні. Я, напрыклад, застаўся ў родным Лунінцы, дзе жывуць мае сябры і аднагрупнікі».

А вось Аляксандр Сумарэвіч дома заставацца не захацеў, а паехаў разам з аднагрупнікамі працаваць у Мінск. Тут для хлопцаў знайшліся не толькі вакансіі, але і месцы ў інтэрнаце. Дарэчы, выпускнікоў будаўнічых спецыяльнасцяў лунінецкага каледжа чакаюць таксама ў Гомелі, Баранавічах, Брэсце, Салігорску. А тых, хто атрымае дыплом повара, могуць па размеркаванні адправіць у Мінск і Гомельскую вобласць.

Пасля таго, як пройдуць залічэнні ў ВНУ і ССНУ, у каледжы хлыне другая хваля заяў ад тых, каму не пашанцавала з паступленнем. Студэнцкі шлях Веранікі Калюціч пачынаўся таксама з лунінецкага прафтэхкаледжа, хоць першапачаткова дзяўчына марыла аб медыцынскай адукацыі. «Прыйшла сюды і не верыла, па праўдзе, што змагу стаць добрым поварам, але, як аказалася, дарма. Мне спадабалася адчуваць сябе гаспадыняй кухні на практычных занятках, таму і адукацыю зараз працягваю ў гэтым жа кірунку. Толькі ўжо ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы».

Азам сваёй прафесіі я пачаў вучыцца гадоў з адзінаццаці  — дапамагаў дома бацькам з рамонтам, пазней — сябрам і знаёмым. Пасля школы ўжо ведаў, што стане справай майго жыцця

Маладога выкладчыка Сяргея Аляксандравіча Бекеша ад студэнтаў, з якімі ён працуе, адрозніць складана. І, магчыма, звязана гэта не толькі з яго узростам... Пасля школы Сяргей спачатку паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту на завочнае аддзяленне: думаў працягваць сямейную традыцыю і стаць чыгуначнікам, як і яго бацькі. Аднак хутка зразумеў, што працу маладому хлопцу без вопыту і якіх-небудзь мінімальных навыкаў знайсці будзе цяжка. Таму той жа восенню адлічыўся з універсітэта і прынёс дакументы ў каледж на спецыяльнасць «муляр, тынкоўшчык».

Год навучання праляцеў хутка, цікава і насычана, сыходзіць адсюль не хацелася, таму Сяргей вырашыў тут жа атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Але і гэтага падалося мала: хлопец прызвычаіўся да атмасферы ў каледжы, да выкладчыкаў, а яны, ў сваю чаргу, адзначылі ягоныя старанні і поспехі ў вучобе «чырвоным» дыпломам і прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў педагагічнай дзейнасці.

— Мяне нават хацелі пераманіць да сябе розныя будаўнічыя арганізацыі нашага горада і раёна, прапаноўвалі высокі заробак, але я застаўся ў каледжы ў якасці майстра прафесійнага навучання, а паралельна паступіў у Мазырскі педуніверсітэт імя Шамякіна і ні кроплі аб гэтым не шкадую, — расказвае малады выкладчык.

Пра жыццё ў вялікім горадзе Сяргей не марыць: «Сёння я патрэбен тут, магу і раблю, як мне здаецца, добры ўклад у развіццё роднага Лунінца».

Вось такія яны розныя — выпускнікі Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Адны асвоілі тут запатрабаваную прафесію, другія зразумелі, што трэба рухацца далей і не спыняцца на дасягнутым, а трэція ўвогуле знайшлі справу ўсяго свайго жыцця. Дарэчы, пагутарыўшы з супрацоўнікамі каледжа, я даведалася, што дыплом гэтай навучальнай установы маюць і праваслаўныя святары, і старшыня калгаса, і дырэктар аўтабазы, і начальнік ДАІ... Таму думайце самі пра карысць жыццёвай прыступкі пад назвай «прафесійна-тэхнічная адукацыя».

Ганна КУРАК, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Мінск — Лунінец — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?