Вы тут

Ірак: галоўнае — імкненне да адзінства і стабільнасці


Пасол гэтай краіны ў Беларусі бачыць вялікія перспектывы нашага супрацоўніцтва

Складаны час перажывае далёкі ад Беларусі Ірак. І разам з тым гэтая краіна блізкая і зразумелая нам. Грамадства, усе інстытуты ўлады занепакоены ўзнаўленнем інфраструктуры дзяржавы. 30 красавіка 2014 года ў краіне прайшлі парламенцкія выбары. Народ актыўна ўдзельнічаў у галасаванні, не пабаяўся пагроз тэрарыстаў. 1 ліпеня 2014 адбылося першае пасяджэнне парламента Рэспублікі Ірак на чале з доктарам Мехдзі аль-Хафезам як старэйшым па ўзросце сярод удзельнікаў сходу. Другое пасяджэнне — 15 ліпеня. Старшынёю парламента выбралі Салім аль-Джубуры ад фракцыі «Кааліцыя іракскіх сіл». На фоне гэтых падзей і праходзіць наша размова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Ірак у Рэспубліцы Беларусь спадаром Хайдарам Мансурам Хадзі Ауэісам.

— Як даўно вы працуеце ў нашай краіне? Ці змяніліся вашы ўяўленні пра Беларусь за час знаходжання ў параўнанні з тым, што вы раней ведалі?

24-15

— У Беларусі я вось ужо чатыры гады. Пакуль не прыехаў у Мінск, мала што ведаў пра вашу краіну. Таму вельмі інтэнсіўна пачаў вывучаць усе магчымыя крыніцы інфармацыі, каб паболей ведаць пра гісторыю і сучаснасць Беларусі. Пазнаёміўся з многімі людзьмі. Кожны год, кожны месяц і нават дзень прыносяць мне адкрыцці, я сягаю ў сутнасць характару беларусаў, здзіўляюся, якія добрыя, яркія, цікавыя людзі жывуць тут. Дарэчы, пра гэта я часта гавару сваім землякам, студэнтам, якія вучацца ў Беларусі — а іх болей за 350 чалавек. Пераконваю маіх суайчыннікаў, што ў вас шмат чаму можна павучыцца.

— Маштабы супрацоўніцтва Беларусі і Ірака ў галіне эканомікі... Наколькі яны вас на сённяшні дзень задавальняюць?

— Безумоўна, хацелася б іншых абсягаў, іншага ўзроўню супрацоўніцтва. Патэнцыйныя магчымасці дзеля гэтага ёсць. І ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, і ў прамысловасці, у тым ліку ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Але апошнія месяцы паказваюць, што абодва бакі актывізаваліся ў гэтым плане. Па-першае, наша краіна ідзе па шляху палітычнай стабілізацыі. Па-другое, у Беларусь пацягнуліся прадстаўнікі нашага бізнесу. Мяркую, што будзе параўнальны прарыў у галіне гандлёвых адносін. Нядаўна я сустрэўся з міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадаром Уладзімірам Макеем. Я ўдзячны Уладзіміру Уладзіміравічу за ўважлівае ўніканне ў іракскую сітуацыю. Карыснай мне ўяўляецца і сустрэча з паслом Рэспублікі Беларусь у Турцыі спадаром Андрэем Савіных. Ён па сумяшчальніцтве прадстаўляе інтарэсы Беларусі ў Іраку. Наперадзе ў нас вялікая работа па адкрыцці Пасольства Беларусі ў Іраку. Лічу гэта найважнейшай задачай сваёй дыпламатычнай місіі і прыкладваю для яе вырашэння ўсе свае сілы. Думаю, што з адкрыццём пасольства спросціцца фармат выезду ў Беларусь. На гэта звернуць увагу, несумненна, і дзелавыя колы Ірака. Дарэчы, нядаўна ўжо была сустрэча іракскіх і беларускіх бізнесменаў у Мінску. Яе арганізавала пры нашай падтрымцы Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

— Магчыма, у кантактах такога кшталту абмяркоўваецца і тэма інвестыцый?..

— У бліжэйшы час рыхтуецца вялікая канферэнцыя бізнес-супольнасці Ірака і Беларусі. І тэма інвестыцый у беларускую эканоміку будзе займаць адно з цэнтральных месцаў.

— Ірак валодае багатым культурным патэнцыялам... Што робіць пад вашым кіраўніцтвам пасольства Ірака, каб шырэй прадстаўляць у Беларусі культуру вашай краіны, вашага народа?

— Мы выкарыстоўваем патэнцыял, які нясе ў сабе наша студэнцкая моладзь. Ужо двойчы праводзілі выстаўкі ў БНТУ. Дэманстравалі там наша выяўленчае мастацтва, кнігавыданне, іншыя віды мастацтва, нацыянальнай культуры. У сваю чаргу мастацкі калектыў з Беларусі пабываў у іракскім Курдыстане, выступіў на розных пляцоўках нашай краіны. Спадзяёмся на больш сур'ёзнае развіццё адносін паміж пісьменнікамі, кнігавыдаўцамі Беларусі і Ірака. Пасольства падаравала Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 200 кніг, у асноўным на курдскай мове.

— Адносіны паміж краінамі — гэта заўсёды выпрацоўка агульных ці блізкіх пазіцый на міжнародным узроўні... Некалькі слоў пра тое, што звязвае ў гэтым плане Беларусь і Ірак...

— Мы ўдзячныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, міністэрству замежных спраў за чуйнасць у дачыненні да нашай краіны, за разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў Іраку. Вы прызналі часовы ўрад, калі нам асабліва цяжка было. З разуменнем паставіліся да наступных складаў нашага нацыянальнага ўрада. Асудзілі ўсе тэрарыстычныя акты, якія адбыліся ў Іраку...

— І сёння яшчэ сітуацыя ў краіне надзвычай напружаная...

— Так, тэрарысты групоўкі «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта», якія ўваходзяць у «Аль-Каіду», у супрацоўніцтве з іншымі ўзброенымі групамі захапілі правінцыю Найнава і яе цэнтр горад Масул. З-за адсутнасці кантролю над сітуацыяй з боку арміі і паліцыі баявікі змаглі прасунуцца далей на поўдзень у бок правінцыі Салах-эд-Дзін і яе цэнтра горада Цікрыт. Іракскі ўрад, не марудзячы, ажыццявіў рэарганізацыю ўзброеных сіл і прыняў усе меры супрацьдзеяння. Тым самым адбіў напады баявікоў на ўскраіны гарадоў Байджа і Самара, вымусіў тэрарыстаў адступіць. Войскі Курдзістанскага рэгіёна «Пешмерга» ўзялі пад кантроль горад Кіркук на поўначы Ірака, каб папярэдзіць пранікненне тэрарыстаў на неабароненыя тэрыторыі. Зараз прыкладаюцца ўсе намаганні для дасягнення адзінства ў пазіцыі палітычнага кіраўніцтва краіны. Мне вельмі прыемна, што і на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі ў нас размова ў значнай ступені ішла пра захаванне Ірака як цэласнай краіны.

— А наколькі сённяшні Ірак уважлівы да таго, што адбываецца ў Беларусі і суседніх з намі краінах?

— Мы з цікавасцю сочым за развіццём інтэграцыйных працэсаў, у якіх удзельнічае Беларусь. Еўразійская супольнасць, над фарміраваннем якой вы працуеце, — сур'ёзны напрамак для стварэння прыязных перспектыў у развіцці вашай краіны. Мы толькі рады гэтаму, спадзяёмся, што менавіта гэты шлях дапаможа пашырыць і эканамічныя адносіны Беларусі і Ірака.

Гутарыў Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.