Іспыт


Юры Станкевіч — пісьменнік, чыё імя ўпершыню шырока загучала ў канцы 1980‑х і неўзабаве трывала «замацавалася» за паняццем «эксперыментальная літаратура». На той час яго проза сапраўды здавалася дужа нязвыклай, нечаканай (для нашай літаратуры, зразумела), таму не дзіва, што яе аўтара тут жа ўзнялі на шчыт маладыя: яны ўбачылі ў ім «свайго», бо, як вядома, менавіта ў маладосці хочацца эксперыментаваць. Праўда, Юры Станкевічу на той час было ўжо за сорак.

Зрэшты, проза Юры Станкевіча — не заўсёды эксперымент, неабавязкова чарговая літаратурная антыўтопія альбо зварот да паранармальных з'яў і г. д. Часам гэта звычайны рэалізм, з па-майстэрску зробленым сюжэтам. Мяне вельмі ўразіла яго аповесць «Сезонныя гульні ў футбол», у нечым аўтабіяграфічная, пра пасляваеннае дзяцінства, якая ў свой час друкавалася ў «Полымі». Памятаючы пра гэта, я адразу зацікавіўся і яго новым раманам «Паўночны вецер для спелых пладоў» пра студэнцкія гады і каханне канца 60‑х гадоў, які цалкам аўтар прапануе часопісу «Полымя», а ўрыўкі з яго друкуюцца сёння ў «Звяздзе». Спадзяюся, ён спадабаецца і чытачу.

Алесь Бадак.

Урывак з рамана

Экзамен па палітэканоміі здавалі з раніцы. Студэнт Ігнат Мазур, які перадусім нават не раскрываў падручніка і ведаў, што гэта бяссэнсава, бо ўсё роўна ў галаве нічога не застанецца, ён толькі страціць час на дарэмную вычытку, тым не менш прыйшоў у вучэбны корпус са слабым спадзяваннем, што выкладчык і галоўны экзаменатар Гавін захварэў альбо трапіў пад трамвай, увогуле атруціўся якім-небудзь нясвежым прадуктам ці падавіўся курынай косткай. Але яго спадзяванні аказаліся марнымі. Хоць на прыёме прысутнічаў і Пётра Мацкевіч, які сядзеў у аўдыторыі за сталом убаку, апытваў усіх, як ужо стала вядома, чамусьці выключна Гавін.

Студэнт Ігнат Мазур убачыў Ваню Гужына і Іосіфа Зялёнку, якія двума слупамі стаялі ў кутку, і падышоў да іх.

Якраз у гэты момант дзверы аўдыторыі расчыніліся і адтуль, хістаючыся, літаральна выцек Віктар Ганабец. Ігнат Мазур ведаў, што таму, родам з няблізкай Малдавіі, вучыцца тут цяжка, і не толькі з‑за экзамену па мове. Пасля выкрыцця так званых «нацыяналістаў» пытанне абавязковасці мовы ўвогуле абміналі. Затарможанаму на шляху да ведаў Віктару Ганабцу ўся навука давалася праз вялікае разумовае напружванне. Чарнавалосы, жукаваты, ён быў цяпер бледны з твару і нібы аглушаны.

—Заваліў. На пераздачу, — вымавіў ён і папрасіў цыгарэту.

Праз некалькі хвілін з дзвярэй уся ў слязах выслізнула выдатніца Яніна Смоліч.

—Тры балы, — абвясціла яна ў насоўку.

Гэта ўжо было ўвогуле нешта незразумелае, бо ўсе ведалі, што выкладчык Гавін меў прыхаваны сантымент да жаночага полу, і больш-менш гарныя дзяўчаты раз-пораз праскоквалі праз яго апытанку даволі ўдала.

—Чакаем, хлопцы, — давёў Ігнат Мазур занепакоеным Зялёнку і Гужыну. — Можа, яго, Гавіна, куды ў дэканат выклікаюць, ці ён есці захоча, ці ў прыбіральню. Вупыр.

Між тым іспыт працягваўся. Некалькі дзяўчат нечакана атрымалі добрыя адзнакі, а студэнтка Галіна Самаежка, даволі юрлівая і нахабная, якая змагалася з выкладчыкамі за кожны бал, — нават «выдатна». І не дзіва: у галаве ў яе было нешта кшталту камп'ютара, бо яна дакладна ведала, з кім сябраваць, з кім спаць, дзе будзе працаваць і за каго выйдзе замуж. Яна, тым не менш, умела ўтойвала гэтыя свае якасці, і Ігнату Мазуру, які інтуітыўна разгадаў яе, станавілася нават не па сабе. «Вось будзе камусьці шчасце», — падумаў ён і цяпер.

Пасля яе Гавін заваліў яшчэ пару хлопцаў, а потым зноў даў слабіну — у асноўным да дзяўчат. Але час ішоў, і чарговай яго ахвярай стаў рахманы і бяскрыўдны Міхась Байкоў — выхадзец з вёскі. Той да вучобы паспеў папрацаваць паляводам у калгасе і таму трымаўся за навуку зубамі.

На гэты раз — не дапамагло.

Як высветлілася, выкладчык Гавін спытаў у Міхася Байкова пра асноўнае ў вучэнні Рыкарда, але той не ведаў. Тады Гавін пацікавіўся, ці чытаў студэнт Байкоў хоць што з распрацовак Фрыдрыха Энгельса па тэме, а паколькі гэта ў праграму не ўваходзіла, Байкоў толькі лыпаў вачыма. Урэшце ён пачаў нешта гаварыць па пытанні ў білеце, але Гавін праз хвіліну перапыніў яго і спытаў, што еў студэнт Байкоў на сняданак. «Сала з хлебам», — шчыра адказаў той. «І часнаком?» — пацікавіўся Гавін. «Так», — кіўнуў Міхась Байкоў. «То як будзеце пераздаваць, ужывайце ўжо без часнаку», — сказаў выкладчык Гавін і на тым скончыў апытанне.

—Ну, дык вупыры ж і не выносяць часнок, — заўважыў на тое Байкову Ігнат Мазур. — А ты, братка, натрамбаваўся ім з раніцы. Вось і атрымаў.

Але ўрэшце выкладчык Гавін, пэўна, прытаміўся, бо пасадзіў у куце насупраць свайго калегу Пётру Мацкевіча, каб і той дапамагаў. Усё гэта даносілі тыя, хто выходзіў з аўдыторыі пасля іспыту.

Трое змоўшчыкаў між тым адразу акрыялі. Цяпер трэба было пралічыць усё так, каб трапіць менавіта да выкладчыка Мацкевіча, што аказалася не так і проста. Першым спадобіўся трапіць да яго выкрутлівы, як Уліс, Іосіф Зялёнка. Праз хвілін пяць ён выскачыў з дзвярэй і адразу піхнуў туды Ваню Гужына.

—Ідзі, правадыр камсамольскі, ха-ха…

—Што? Як? — пачалі ў яго пытацца дзяўчаты.

—Ледзь выратаваўся, — хітрыў Іосіф Зялёнка. — Джаліць, як пчала. Пытанне за пытаннем.

Але адразу кінуўся да Ігната Мазура, зашаптаў таму ў вуха:

—Станавіся ля дзвярэй. Нікога, акрамя сябе, да Мацкевіча не прапускай. Толькі да таго, інакш табе гамон. Урэшце, сам ведаеш.

—Пакажы залікоўку.

—Ну то зірні на арыфметыку.

У графе за іспыт студэнт Ігнат Мазур убачыў лічбу «5» і подпіс Мацкевіча.

—Дык ты ж казаў…

—Мала што я каму казаў. Наперад, сябра. Пара.

Студэнт Ігнат Мазур з залікоўкай у руках стаў ля дзвярэй. Неўзабаве яны адчыніліся, але з аўдыторыі выйшла, як самнамбула, стараста курса Уразава. На яе заўсёды жыццярадасным камсамольскім твары чыталіся разгубленасць і яўнае незадавальненне. «Тры, тры балы», — загаманілі вакол яе дзяўчаты.

З велічнай млявасцю выплыла ўрэшце з аўдыторыі генеральская дачка Паліна Басаргіна.

—Пяць балаў, — абвясціла яна. — Гавін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.

Варта было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:

—Пачакаю.

Замест яго, а значыць, да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, чалавек «кума» — выдатнік Павел Слімакоў.

Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. І, як толькі той паказаўся з дзвярэй, пасунуўся ў аўдыторыю.

«Да выкладчыка Мацкевіча, — круцілася думка. — І каб трапіць толькі да таго».

У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Гавіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык — укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны — разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага ад разумовай напругі студэнта Паўла Слімакова.

У

супрацьлеглым куце за сталом адзінока сядзеў выкладчык Пётра Мацкевіч. Спакойны, крыху іранічны твар яго з жывымі, разумнымі вачыма быў павернуты да напаўрасчыненага акна, за якім квола зелянела некалькі таполяў.

Студэнт Ігнат Мазур павітаўся і нерашуча спыніўся. Як паставіцца да яго выкладчык Мацкевіч? Што ён за чалавек увогуле? Ці не запамятаваў ён яго пасля іх сумеснага «пікніка» з Зялёнкам і Гужыным? Дык у іх усё прайшло тады па-сяброўску.

— Гэта я, маё прозвішча Мазур, — урэшце выціснуў ён.

— Заходзьце, — запрасіў той і паказаў Ігнату Мазуру на крэсла перад сабой. — Цягніце білет. Які там нумар?

Студэнт Ігнат Мазур назваў нумар білета і пытання. Выкладчык Мацкевіч зірнуў у бок Гавіна, які ў супрацьлеглым куце аўдыторыі ляніва дапытваў Паўла Слімакова і сказаў напаўголаса:

— Ну, гаварыце што-небудзь. Пра дабаўленую вартасць, напрыклад. Не маўчыце.

Студэнт Ігнат Мазур зглынуў перасохлым горлам і, цвёрда гледзячы ў вочы экзаменатара, адказаў:

— Так званая дабаўленая вартасць і многае іншае, пра што пісаў Маркс, — гэта ахінея. Няма аніякай дабаўленай вартасці, ёсць энергія зоркі — гэта значыць, нашага Сонца.

Паўза.

— Так, так. Што яшчэ скажаце?

— Больш няма чаго, — панізіў голас студэнт Ігнат Мазур.

— Давайце пра футбол, — з ледзь прыкметнай усмешкай сатыра ў кутках вуснаў сказаў выкладчык Пётра Мацкевіч. — Любіце футбол? Я, прыкладам, і стадыён часам наведваю. Калі мінскае «Дынама» гуляе. А чэмпіянаты свету абажаю. Якая зборная каманда асабіста вам падабаецца?

— Зборная Нямеччыны. І яшчэ люблю глядзець гульню італьянцаў.

— І за што падабаюцца? Гаварыце, не маўчыце. Тым больш што нашыя погляды тут цалкам супадаюць. Трэба ж такое…

Яшчэ хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра славутую «бітву пры Бёрне» і ўрэшце змоўк.

Паўза.

— Якую адзнаку вы хочаце? — нечакана спытаў яго выкладчык Пётра Мацкевіч.

— «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а пяцёрка выкліча падазрэнні.

— Давайце залікоўку.

Выкладчык Пётра Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.

— Энергія зоркі, — па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, — вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе — лухта.

Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ўбок і сказаў:

— Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.

— А што ў цябе?

— Чатыры балы.

— Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.

Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.

Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя яе вочы нічога не адлюстроўвалі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога-небудзь узбуджэння перад іспытам.

С

тудэнт Ігнат Мазур закурыў і, свядома мінаючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі ў выкладчыка Мацкевіча.

— А мне Гавін падабаецца, — сказала нібы насуперак яму Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:

— Ён так глядзіць на мяне, бедны…

— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму, і на галаве ў яго нешта накшталт завіўкі. Нават ты такую не зробіш.

— А я іспыту не баюся. Я і «Капітал» Маркса неяк пачытвала.

Студэнт Ігнат Мазур раптам адчуў цьмянае раздражненне. «Лепш бы галаву лішні раз памыла, чым пачытваць таго Маркса», — падумаў ён, але, вядома, не сказаў уголас: дзяўчына магла адразу і назаўсёды «сесці на крыўду», а ён гэтага не хацеў.

Зусім наадварот. Зноў нясцерпнае, неспадзяванае жаданне прыхінуцца да яе, удыхнуць пах яе адзення, цела, валасоў узнікла пажарам і цалкам ахапіла яго.

—Паслухай, Святлана, — сказаў ён, — можна, я да цябе як-небудзь зайду?

—Зайдзі, — са сваёй незразумелай іранічнай усмешкай паціснула тая плячыма.

Прыбег з чытальнай залы, якая была непадалёк, заклапочаны, узнерваваны Уладлен Анціпаў. Ён да апошняга сядзеў за падручнікам і цяпер выведваў у іспытантаў: як і што? Ля Ігната Мазура ў такі момант яму няма чаго было рабіць — хіба выслухоўваць чарговыя кпіны, а вось выдатнікі маглі што і падказаць. Напрыклад, адказ на якое-небудзь асабліва небяспечнае пытанне, што часам ужываў за звычку прыцягнуты з інстытута народнай гаспадаркі выкладчык Гавін. Студэнт Ігнат Мазур паклікаў небараку-сябрука, каб папярэдзіць, увесці таго ў курс справы, але той толькі адмахнуўся. «Ну, тады на каго цябе Бог пашле, калі так», — вырашыў Ігнат Мазур. Урэшце, як ён ведаў, Уладлен Анціпаў вучыў кожны прадмет да знямогі, і клапаціцца пра яго было асабліва не варта.

***

Увечары з Іосіфам Зялёнкам і Ванем Гужыным адзначалі здадзены іспыт. Абодва зноў паказалі яму залікоўкі з выдатнымі адзнакамі. Як даведаўся Ігнат Мазур, «выдатна» атрымала на іспыце і Святлана Конкіна, і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат. Большасць з іх здавалі палітэканомію выкладчыку Пётру Мацкевічу.

Пілі, як звычайна, таннае сухое віно. Зноў успомнілі добрым словам і гаварылі пра выкладчыка, нагадалі, як сутыкнуліся з ім у Аляксандраўскім скверы і як той спагадліва паставіўся да іх, нават зрабіў ласку — не пагрэбаваў з вышыні, а проста, па-мужчынску выпіў разам з імі. Гаварылі, што, адпаведна чуткам, ён выкладчыкам нядаўна, і, пэўна, яму яшчэ не зусім давяраюць, бо чаму тады запрасілі на іспыт Гавіна з інстытута народнай гаспадаркі? Ну і што, што той Гавін прачытаў ім раней некалькі лекцый? Казалі яшчэ, што, па тых жа чутках, Пётра Мацкевіч трапіў да іх на выкладанне выпадкова — проста дэкан Парэцкі разам з ім … на стадыёне за «Дынама» (іх месцы аказаліся побач) дык там яны і «зрохкаліся».

—Чуткі, плёткі — усё гэта неістотнае, — падвёў урэшце вынік Ігнат Мазур, — а вось мужык ён варты. За яго і вып'ем.

Праз нейкі час яго адшукала Юля Маракова. Дзяўчына была пакрыўджана, але не падавала выгляду і спытала, ці не забыў ён, Ігнат Мазур, пра тое, што абяцаў прыйсці да яе?

Студэнт Ігнат Мазур супакоіў яе і запэўніў: ён толькі збіраўся, але давялося затрымацца на паўгадзіны з хлопцамі.

—А я на іспыце атрымала «добра», — пахвалілася Юля Маракова.

—У каго?

—У Гавіна.

—Ну, ты і трапіла да вупыра. Яшчэ пашанцавала. Гнілы дзядзька.

—Так, — хіхікнула Юля Маракова, — сапраўды самазадаволены індык.

—І Конкіна менавіта яму здавала? — быццам між іншым пацікавіўся Ігнат Мазур.

—Так. Атрымала «выдатна».

Абое стаялі ў інтэрнацкім калідоры ля акна і палілі. Са стадыёна насупраць грымеў духавы аркестр: рыхтаваліся да чарговага традыцыйнага параду вайскоўцы.

—Паслухай, Ігнат, — пачала Юля Маракова. — Маё «крымскае» з пасылкі пачакае, бо сёння нам няма дзе прытуліцца, але ў мяне да цябе ёсць адна, магчыма, не зусім звычайная для цябе прапанова. Справа ў тым, што неўзабаве апошні іспыт, а потым вакацыі, пасля чаго практыка. Затым дзяржэкзамены, і ў нас курсы медсясцёр, а ў вас вайсковыя зборы.

—Што з таго, Юля?

—Паехалі на вакацыі да мяне. Да Сімферопаля на летаку, а там ужо побач. Ты, бачу, здзіўлены?

Паўза.

—Вядома, здзіўлены. Дзякуй табе за ўсё, але…

—Што так? — перапыніла дзяўчына.

—Трэба дапамагчы маці, а па-другое — у мяне няма лішніх грошай. У якасці каго я прыеду?

—Ну, вось твая беларускасць усплыла: як, чаму? Ды каб не назаляць… Мае старыя гасцінныя: бацька — загадчык гандлёвага аддзела ў абырвалзе, а маці…

—Што за абырвалг?

—Ты ж у Булгакава памятаеш?

—А, — здагадаўся Ігнат Мазур. — Гэта ж Шарыкаў усё наадварот чытаў.

—А маці — выкладчыца мовы і літаратуры ў школе. Ты з ёй адразу паразумеешся. Прычым тут грошы? Урэшце, я адзін раз прапанавала, а другі — не стану.

Ён не стаў тлумачыць Юлі Мараковай, што ў маці даўняя хвароба, якая носіць назву гіпатырэёз, і што ёй штодня трэба прымаць лекі, а яна, хоць і выйшла на пенсію, змушана працаваць, бо пенсія зусім малая, а як жонку «ворага народа» яе хіба што ўзялі калісьці з невядомай літасці на нейкі занядбаны заводзік, дзе і зарплаты, па сутнасці, не было. Так што вакацыі не для яго. Вядома, ён з задавальненнем пазагараў бы на марскім пляжы і ўсё такое, але… Ды і як бы ён стаў глядзець у вочы яе бацькам, штодня аб'ядаючы іх і не маючы ў кішэні лішняга рубля?

— Ды ты не крыўдуй, Юля, — расчуліўся ад нечаканай шчырасці дзяўчыны Ігнат Мазур, — такі я ўжо чалавек, і іншым пакуль быць не магу, а вакацыі кароткія. Пабачымся. Ёсць і іншыя праблемы, але потым, потым…

Н

оччу ён доўга не мог заснуць. Успомніў, што так і не пайшоў да Ані Балтас, а між тым абяцаў, і даўно варта. Прыгадалася яе старэйшая сястра — у яе словах таксама прысутнічала і даволі рэальна жыццёвая жаночая мудрасць. Жанчыне варта выбіраць сабе мужчыну ў спрыяльным узросце, каб нарадзіць здаровых дзяцей, і менавіта такога, які здольны забяспечыць сям'ю. Два гады, як яны сустракаюцца з Аняй, праўда, апошнім часам зрэдку, а яна магла б знайсці сабе, як і старэйшая сястра, паспяховага мужчыну, мінчука, а не ехаць кудысьці ў свет па размеркаванні. Даўмеліся ж нашыя памяркоўныя кіраўнікі нават да таго, каб пасылаць дзяўчат аж у аддаленыя кішлакі Кіргізстана. Што іх там чакае — падумаць страшна. Чаму прыбалты пра такое нават слухаць не хочуць, чаму сваё паважаюць і берагуць? Чаму ў нас усё так гнюсна?

Вось і Юля Маракова свядома ці падсвядома шукае сабе спадарожніка па жыцці. І жыццё тое, як казаў ім раней выкладчык Мацкевіч, вельмі, нават нечакана кароткае. Яму, Ігнату Мазуру, і яе шкада. Быў бы ён якім забяспечаным мусульманінам, усіх траіх трымаў бы пры сабе. Хоць той жа заўзяты кавэзэншчык Ваня Гужын кажа: «Бабу пашкадуеш — сам бабай акажашся». Ды хто такі Гужын? А выбар, між іншым, ужо амаль зроблены. Калі з нядаўняй пары Света Конкіна побач з ім — ён ужо шчаслівы.

Раптам студэнт Ігнат Мазур чамусьці ўспомніў прагледжаную гады два таму вугорскую мастацкую стужку, дзе галоўны герой пакутуе ў выбары паміж дзвюма жанчынамі, і пачуццё кахання да іх абедзвюх настолькі моцнае, што ён псіхалагічна не вытрымлівае і даходзіць да суіцыду.

Ён узняўся з ложка, бо раптам яму здалося, што на яго напалі клапы. Ад наплыву гэтых небяспечных паразітаў у інтэрнаце часта праводзілі дэзынфекцыі, але гэта мала дапамагала, а вось пах у пакойчыках быў ад таго спецыфічны і ўядаўся нават у вопратку. Калі студэнтаў станавілася менш, бо яны паступова ад'язджалі на вакацыі, насякомыя перапаўзалі ў тыя пакоі, дзе было больш народу. Урэшце, з гэтым звыкаліся.

Толькі пад раніцу, калі ўжо світала, студэнт Ігнат Мазур раптоўна заснуў.

Юры Станкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».