Вы тут

Тое, што з намі было


Першую сусветную тыя, хто яе перажыў, называлі «Вялікай еўрапейскай вайной»

28 ліпеня на тэлеканале «Беларусь‑1» стартуе цыкл хранікальна-дакументальных фільмаў «Вялікая вайна», прымеркаваны да 100‑годдзя пачатку Першай сусветнай. Аўтары праекта паспрабавалі паказаць падзеі таго часу «вачамі відавочцаў» і «не згубіць чалавека».

—Нашы веды пра тую вайну часцей за ўсё зводзяцца да некалькіх дат, а што было паміж імі, мала хто ведае. Але для Беларусі тая вайна — адна з найважнейшых вех у гісторыі. Таму мяне як гісторыка цікавіла, што ж там насамрэч адбывалася, — дзеліцца аўтар і кіраўнік праекта, аўтар сцэнарыя Ксенія Луцкіна. — Самым складаным падчас працы было «ўкласці» падзеі аднаго года ў 39 хвілін. Вельмі цяжка было эмацыянальна, таму што, напрыклад, ваенных пахаванняў таго часу на Беларусі вельмі шмат. Нам вядома каля трохсот. І вось уявіце, мы сваімі нагамі прайшлі фактычна за год іх усе.

25-13

Вайна 1914–1918 гадоў — першы канфлікт, у які было ўцягнута насельніцтва практычна ўсяго свету. 38 дзяржаў, 4 тысячы кіламетраў фронту, 7 350 000 чалавек, мабілізаваных у армію, 20 мільёнаў параненых і амаль 10 мільёнаў забітых, а яшчэ больш за 5 мільёнаў загінулых ад голаду і эпідэмій сярод мірнага насельніцтва. Лічбы самі па сабе жудасныя, а за імі стаяць гісторыі забытых герояў, іх лёсы і боль. Сама назва «Першая сусветная» з'явілася ў гістарыяграфіі толькі ў 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай. У ваенны і пасляваенны перыяд яе называлі «Вялікай вайной», «Вялікай Айчыннай», «Вялікай еўрапейскай вайной» — гэтыя назвы паказваюць стаўленне насельніцтва да падзей таго часу…

—Мне здаецца, што гэта была апошняя высакародная вайна. Калі з палоннымі абыходзіліся больш-менш па-чалавечы, і праціўнікі практычна па-рыцарску ставіліся адзін да аднаго, — падзяліўся ўражаннямі пасля прагляду намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь‑1» Сяргей Шышко. — І гэта не галаслоўныя сцвярджэнні. Мой дзед быў у палоне падчас Першай сусветнай. Я неяк убачыў фотаздымак, на якім ён стаіць у афіцэрскай форме з нейкай нашыўкай на грудзях, і пачаў распытваць, дзе ён знаходзіўся тады. Дзед расказаў, што быў у палоне, а месца на фота — бібліятэка. З той вайны ён прывёз падручнік першага расійскага імператарскага тэатральнага мастацтва, які ўзяў на памяць, калі іх вызвалілі. І гэтая кніга захоўваецца ў нас дома. Таму мая сям'я мае непасрэднае дачыненне да гістарычных падзей таго часу.

Аўтары праекта зазначаюць, што гісторый, падобных да вышэйпрыведзеных, было шмат. У нас амаль у кожнай сям'і там ваявалі дзед альбо прадзед. Якую ж памяць пакінула тая вайна ў людзей, як жыло мірнае насельніцтва ва ўмовах баявых дзеянняў і нямецкай акупацыі — гледачы змогуць даведацца ўжо зусім хутка.

Цыкл «Вялікая вайна» складаецца з чатырох серый, кожная з якіх адкрывае невядомыя старонкі гісторыі Першай сусветнай. Першы фільм «Ачышчальная навальніца» распавядае пра пачатак вайны з 28 ліпеня 1914 да 13 жніўня 1915 года: якія захады прымалі для забеспячэння парадку ў той час, пра шпіёнаманію, мабілізацыю, першыя баявыя дзеянні і іх удзельнікаў-беларусаў. Другі фільм «Вялікі выхад» пакажа перыяд з 14 жніўня 1915 года да пачатку 1916‑га. Гледачы ўбачаць жыццё пад акупацыяй, даведаюцца пра тактыку «выпаленай зямлі» і пра тое, як пачыналася працяглая акопная вайна. Фільм «Вайна акопаў» пакажа супрацьстаянне праціўнікаў, калі нават сапёрная рыдлёўка стала зброяй. Стваральнікі праекта правядуць нас па месцах ваенных змаганняў і пакажуць сляды «акопнай вайны». У чацвёртым фільме «Крах імперый» аўтары задаюцца пытаннем: ці пачыналі б манархі тую вайну, калі б загадзя ведалі, які лёс іх чакае пасля яе завяршэння? Ці былі ў ёй пераможцы і пераможаныя?..

У фільме часткова прысутнічае рэканструкцыя. З ёй дапамагалі ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Грэнадзёр». Вось што расказвае яго кіраўнік Аляксандр Буранко пра ўдзел у аднаўленні ваенных падзей:

—Нават штыкавая атака, калі ведаеш, што і зарады халастыя ў праціўніка, і ў форме нямецкіх салдат такія ж беларусы, як мы, — усё роўна працэс вельмі эмацыйна перажываецца. Тая вайна была вельмі жорсткай у дачыненні да салдат, і яны былі там безабароннымі. Іх труцілі газамі, не было належнай абароны ад авіяцыі. Таму, перажываючы тое, праз што ім даводзілася праходзіць, адчуваеш і страх, і жудасць. Пачынаеш сапраўды разумець, колькі забыта сапраўдных герояў той вайны.

Прэм'ера хранікальна-дакументальнага цыкла «Вялікая вайна» адбудзецца 28 ліпеня ў 21:45 на тэлеканале «Беларусь‑1».

Алена ДРАПКО

 

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.