19 Верасень, серада

Вы тут

Рамантычнае вяселле ў доме пана Міцкевіча


29-6

Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку — гэта не звычайны музей, як можа здацца на першы погляд, з экспазіцыяй і зашклёнымі вітрынамі. Гэта сапраўды той самы дом, у якім жылі калісьці бацькі паэта і ён сам. І нават цяпер, праз два стагоддзі, будынак захоўвае атмасферу жылых памяшканняў той далёкай эпохі.

Трапіўшы ўсярэдзіну, адразу разумееш, што тут усё сапраўднае: вось старадаўнія ходзікі кожныя паўгадзіны сваім ціхім звонам адмерваюць час, а вось над лесвіцай, ля самага акна, утульна прымасціліся два вялізныя крэслы і столік — усеўшыся ў іх, так зручна весці спакойную прыватную размову. Прайшоўшы прасторную вітальню, адразу трапляеш у дзіцячы пакой, затым у кабінет бацькі і гасцёўню — усё распланавана для зручнага сямейнага жыцця. Далей ідуць былая сталовая, у якой сёння паказана тэма знаходжання Міцкевіча ў Расіі, і былая спальня, дзе апавядаецца пра эміграцыю паэта.Адам Міц

Дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба адзначае, што сам будынак, з калонамі, старадаўнім дахам, добраўпарадкаванай навакольнай тэрыторыяй добра відаць з вуліцы, і сваім знешнім выглядам ён часта прываблівае нават выпадковых наведвальнікаў:

— Прыемна бачыць, як мясцовыя хлопцы, дзяўчаты прыходзяць сюды са сваімі каханымі, якія прыехалі з іншых гарадоў, рамантычна трымаючыся за рукі. Значыць, яны лічаць, што ў нас можна добра правесці час і адкрыць для сябе штосьці новае. Дарэчы, рашэннем райвыканкама дом-музей Адама Міцкевіча афіцыйна зарэгістраваны як месца, дзе можна правесці ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу. У альтанцы, што стаіць на нашай тэрыторыі, і дарожках вакол яе спецыяльна афармляецца пляцоўка для ўрачыстасці. Маладым, якія прыходзяць да нас, мы заўсёды кажам: «Ваша ўступленне ў шлюб адбываецца ў доме сям'і, якая дала свету вялікага паэта. Менавіта тут ён рабіў першыя ў сваім жыцці крокі. Няхай і ваша сям'я будзе такой жа моцнай, і калі не паэт вырасце ў ёй, то нехта іншы, хто паўплывае на лёс многіх людзей.

«Паэты нараджаюцца ў карчме»

Аднак, калі быць да канца шчырым, то Адам Міцкевіч нарадзіўся ўсё ж не тут. Атрымалася так, што бацькі паэта, якія здымалі кватэру ў Навагрудку, вырашылі на каталіцкія Каляды з'ездзіць да старэйшага з роду, у яго ўладанні ў Завоссі. А гэта ў 45-ці кіламетрах на поўдзень ад Навагрудка (цяпер Баранавіцкі раён, дзе знаходзіцца сядзіба-музей паэта). Менавіта там 24 снежня 1798 года нарадзіўся Адам. Праз паўтара месяца, калі дзіця падужэла, Міцкевічы вярнуліся дадому і 12 лютага ахрысцілі малога ў навагрудскім фарным касцёле.

Ёсць і іншая версія, згодна з якой Міцкевіч нарадзіўся не ў самім Завоссі, а за два кіламетры ад яго, у прыдарожнай карчме. Дарэчы, карчмой у той час называлі не проста шынок, але і пастаялы двор, на якім можна было спыніцца, дзе меліся неабходныя ўмовы для адпачынку. Менавіта пра такое нараджэнне пісаў у сваім вершы, прысвечаным Міцкевічу, Рыгор Барадулін: «Паэты нараджаюцца ў карчме, каб іх пасля аплаквалі саборы».

Мікалай Гайба, рэзюмуючы абедзве версіі, усё ж падкрэслівае, што Адама Міцкевіча можна лічыць навагрудчанінам ад нараджэння:

— Нават калі сёння па збегу абставін дзіця нараджаецца ў цягніку ці самалёце, то ў якасці месца нараджэння ўсё адно запішуць тое, дзе зарэгістраваны бацькі. Міцкевічы жылі ў Навагрудку, з'ездзілі ў падарожжа, там нарадзілася дзіця, вярнуліся і зноў былі ў гэтым горадзе. Але калі разважаць пра гэтую падзею больш паэтычна, «касмічна», то можна сказаць, што ўпершыню расплюшчыў вочы і ўбачыў зорнае неба, месяц будучы вялікі паэт у засценку Завоссе.

Дом-музей афіцыйна зарэгістраваны як месца, дзе можна правесці ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу.

 29-529-7

Адзін з найпрыгажэйшых у Навагрудку

Праз год пасля нараджэння Адама памёр уладальнік Завосся, яно перайшло ў спадчыну да бацькі Міцкевіча. Яны пэўны час пажылі там, а пасля прадалі сваякам. Самі ж у 1806-1807-х гадах пабудавалі цагляны дом — той самы, у якім цяпер размяшчаецца музей. Па сведчанні Ігната Дамейкі, ён быў адным з найпрыгажэйшых у Навагрудку. Бо на той час толькі цэрквы і касцёлы былі мураванымі, а прыватных забудоў з каменю рабілі вельмі мала.

Каб пабудаваць гэты дом, бацька паэта пазычыў грошы ў аптэкара. Калі хлопчыку ішоў 13-ы год, бацька памёр. Таму наступныя шэсць гадоў маці разам з Адамам і іншымі яго братамі давялося жыць у флігелі. Свой вялікі дом яны здавалі кватарантам, каб мець сродкі на жыццё і аддаваць пазыку аптэкару.

Скончыўшы 6-класную навагрудскую дамініканскую школу, Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Адвучыўшыся там чатыры гады, яшчэ на шэсць гадоў ён па размеркаванні быў накіраваны настаўнікам у Коўна. Там яго арыштавалі за ўдзел у таварыстве філаматаў і выслалі ў Расію. Апошні раз у Навагрудак ён прыязджаў ва ўзросце 22-х гадоў, ужо пасля смерці маці.

Дом давялося прадаць на публічных таргах, і 100 гадоў у ім жылі чужыя людзі (да 1938-га — часу адкрыцця музея). Аднак усе ведалі, што ў гэтым доме раней жыў паэт. Пацвярджаюць гэта шматлікія публікацыі вандроўнікаў сярэдзіны XІX стагоддзя, якія праязджалі праз Навагрудак і пісалі, што тут ёсць такая памятка, як дом, у якім жыў Адам Міцкевіч.

Цені-прывіды на сцяне

У 1881 годзе ў ліку іншых дзесяці гэты дом згарэў. Новы гаспадар Дамброўскі адбудаваў яго і пачаў здаваць у арэнду. З таго часу тут жылі пераважна маршалкі павятовай шляхты. У 1938 годзе ў адбудаваным і крыху змененым доме быў адкрыты музей.

У 1941-м дом-музей разбурылі, аднак Навагрудскім саветам дэпутатаў у 1948 годзе было прынята рашэнне аднавіць яго, пра што расказвае Мікалай Гайба:

— Уявіце, як шмат тады было спраў па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Аднак усё адно вырашылі рабіць дом Міцкевіча, шукаць грошы на гэтую справу. Пачалі збіраць музейныя прадметы. За 1955-м у музейным архіве пазначана паступленне мэблі (столік, крэслы) з Туганавіч — месца, дзе калісьці жыла каханая паэта Марыля Верашчака. Тады ж сюды быў перададзены гадзіннік з віленскага пакоя паэта. У той час у людзей яшчэ захоўваліся старыя рэчы, хтосьці пераязджаў з дома ў кватэру і тое, што не мог забраць з сабой, прапаноўваў музею. Мэтанакіравана шукалі прадметы і нашы музейныя супрацоўнікі.

У 1990-1991-х гадах сядзіба зноў была рэканструявана і набыла свой сучасны выгляд.

Варта дадаць, што асноўны будынак і флігель, у якім сёння размяшчаецца музычна-літаратурны салон, злучае падземны ход. У падвале дома знаходзіцца кухня з печчу, тагачаснымі сталовымі прыборамі. Калі ўключыць невялікую лямпу, на сцяне з'яўляюцца цені-прывіды былых жыхароў дома, што сабраліся за сталом. Блукаючы па сутарэннях, можна бачыць шматлікія карціны, якія вісяць на сценах, — бо гэта не проста сутарэнні, а галерэя...

Таму, хто трапіў у гэты дом, адразу адкрываецца невядомы раней, таямнічы і прывабны свет Адама Міцкевіча. За адзін дзень цалкам вывучыць яго немагчыма. Можна толькі распачаць для сябе шлях спазнавання нашага вялікага паэта.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Навагрудскі раён.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.