Вы тут

Пах жыцця і смерці


Рэчы ўтрымліваюць дух гаспадароў. Нават калі гаспадароў даўно няма — яны альбо загінулі, альбо памерлі ад старасці ці ран і панеслі з сабой памяць пра тое, як праз смерць адных выратоўваецца жыццё іншых. Рэчы пра гэта распавядаюць.

Рэчы маюць пах. Яны маюць пах гаспадароў. Гэта пах жыцця і смерці гаспадароў. Выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь мае пах жыцця і смерці. Яны ідуць заўсёды поруч, нават у мірны час, калі ведаюць дакладна момант свайго ўладарства над чалавекам. Але ў ваенны час яны змагаюцца за ўладарства. Выстава, якая вядзе да гэтай думкі, называецца «Рэчы паміж жыццём і смерцю». Яна паказвае прадметы, якія звычайна бяруць на вайну салдаты, не важна, якой яны арміі і з якога народа. Усе салдаты (вайскоўцы, ваяры, змагары) маюць нейкія дробныя рэчы, якія зручна пакласці ў кішэню, карыстацца імі ў «палявых» умовах. Гэта рэчы жыцця, нават на вайне, дзе патыхае смерцю.

Гэтую выставу падрыхтаваў Музей Арміі ў Стакгольме разам з калекцыянерам Турб'ёрнам Ленскугам, які сабраў і прадаставіў для паказу ўсе экспанаты. Дзіўнае захапленне — можна падумаць спачатку. Але ж, калі ўгледзецца і падумаць, то галоўнае ў гэтай выставе — гэта захапленне жыццём, якое ідзе і мае свае праявы нават падчас войнаў: захапленне чалавекам і вера ў яго; разуменне, наколькі крохкім можа быць мір і чаму за яго трэба чапляцца, нават калі гэта «дрэнны мір». Але вайна — заўсёды забойства, прычым масавае. Вось толькі чалавечая маса складаецца з мноства жывых асобных адзінак, кожная з якіх мае свае мары, пачуцці, планы, захапленні, мае блізкіх, каханых, без думак пра якіх не ідзе ў бой. І гэта тое, што родніць людзей (а для некага — узброеных адзінак), якія знаходзяцца па розныя бакі лініі фронту. І гэта — самая галоўная глеба для міру, бо кожны салдат хоча вярнуцца дадому.

Нездарма выстава пра рэчы, якія літаральна вярнуліся з вайны, была прызнана ў Швецыі самай эстэтычнай у 2010 годзе, калі яе прэзентавалі. Яна эстэтычная таму, што насамрэч няма нічога больш прыгожага, чым жыццё і ўсё, што з ім звязвае і пра яго нагадвае. Паўсядзённыя праявы жыцця падчас войнаў — гэта старыя фотаздымкі, якія, напэўна, насілі ля сэрца салдаты, гэта лыжкі, ігральныя карты, лекі, прылады для галення, нават «паходныя» музычныя інструменты. Таму што салдат падчас вайны, калі ёсць хвілінка, гатуе ежу, мыецца, курыць, нешта спявае, жартуе, сумуе... Любы салдат, любой арміі: немец, рускі, амерыканец, японец...

Гэты міжнародны праект, прэзентацыя якога арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі, працягнецца ў нашай краіне год; яго маюць на мэце паказаць у розных гарадах. Дагэтуль выстава экспанавалася ў Гродне, пасля Мінска паедзе ў Гомель, Магілёў і Брэст. Яе ўжо пабачылі жыхары шмат якіх краін Еўропы. І хоць нам у Беларусі не трэба тлумачыць, што значыць быць паміж жыццём і смерцю падчас войнаў, але можна адчуць гэты момант чыста з чалавечага пункту гледжання: праз дробныя, але цёплыя рэчы — таму што іх трымалі, імі карысталіся жывыя. Усё-такі, гэтыя рэчы ўтрымліваюць пах жыцця.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?