Ёй падабаецца жыць па прынцыпе нататніка. "Зірніце (гартае свой), колькі тут усяго напісана: недзе роўненька, прыгожа, літарка да літаркі. Недзе перакрэслена. Але адкрываеш новую, чыстую старонку. І як ты яе напішаш, так і будзе". Чатыры гадзіны (столькі часу, прызналася, яна яшчэ нікому з журналістаў не ўдзяляла) з Ірынай ДАЎГАЛАЙ, начальнікам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама (адзіная жанчына на такой пасадзе ва ўсёй краіне) праляцелі як адно імгненне. Душэўная размова завяршылася нечаканым запрашэннем у кіно. Глядзелі "Перавагу" з Джоні Дэпам у галоўнай ролі. Апошні ж фільм, які моцна ўразіў маю гераіню (пасля яго прагляду ў кінатэатры ўся зала апладзіравала стоячы) — "Легенда № 17" пра савецкага хакеіста Валерыя Харламава.
"Жыццё надта кароткае, каб траціць яго на сквапных мужчын"
Галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці заварвае эспрэса ў гламурных кубачках (з выявай ружовых туфлікаў на абцасах), частуе сваімі любімымі цукеркамі (Toffіfee).
— Салодкае — мая слабасць. "Жыццё надта кароткае, каб марнаваць яго на дыеты, сквапных мужчын і дрэнны настрой", — цытуе сваю любімую Фаіну Ранеўскую.
Ужо з першых хвілін размовы заўважыла, што Ірына Віктараўна — вялікі аматар афарызмаў. Прычым выстрэльвае імі на дзіва вельмі трапна, заўсёды да месца. Калі я сказала ёй пра гэта, жанчына пачала даставаць з шафаў ды шуфляд энцыклапедыі, вялікія і маленькія кнігі з мудрымі выказваннямі. Усе яны, як той казаў, "зачытаныя да дзірак", у кожнай — мора закладачак. Афарызмы, прызналася, дапамагаюць ёй не толькі ў працы, але і ў сямейным жыцці.
— Калі выйшла замуж, свякроў (думаю, гэта многім жанчынам знаёма) часта павучала-прыдзіралася, маўляў, гэта не туды паставіла, тое не так зрабіла. Самае першае, з чаго пачынаецца гэта кніга: "Заўсёды выслухай чужыя парады. Цябе ад гэтага не ўбудзе, а дарадчыку стане лягчэй". Сёлета будзе 26 гадоў, як я ў шлюбе, і ўвесь гэты час у мяне выдатныя адносіны з маёй свякроўю.
Ірына Віктараўна прызналася, што самы каштоўны падарунак, які яна атрымала ад жыцця, гэта яе сям'я.
— Пра такіх, як я, кажуць: раніцай прачынаюся — мама ўжо на працы, вечарам кладуся спаць — мама яшчэ на працы. Часам усё хочацца кінуць і проста легчы. І мне мае мужчыны (муж і сын) дазваляюць гэта зрабіць. Вельмі важна, каб у сям'і было разуменне. Я бязмерна шчаслівая, што магу ў любы момант убачыць, пачуць па тэлефоне голас сваіх бацькоў, бацькоў мужа. Бо мы застаёмся дзецьмі (колькі б нам ні было гадоў), пакуль жывыя нашы бацькі.
Часам лаўлю сябе на думцы, што шмат блізкіх людзей пайшлі з жыцця. І заўсёды, калі збіраемся і ўзгадваем іх, кажам: "Які цудоўны быў чалавек! Колькі ён добрага зрабіў!" А чаму так рэдка гаварылі (ці зусім не гаварылі!..) яму гэта пры жыцці? Не так даўно паглядзела перадачу пра нашу заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Галіну Іванаўну Паўлінок. Яна не проста заслужаная, яна сапраўды народная. Але гэтага высокага звання ёй чамусьці пакуль не даюць. Нават крыўдна. Мне спадабалася, як яна сказала: "Не трэба сквапнічаць! Аддайце чалавеку тое, што ён заслужыў, пры жыцці". І тут маецца на ўвазе не толькі званне "народнай артысткі". Трэба спяшацца казаць людзям "Дзякуй!", "Якое шчасце, што вы ёсць!".
"Публічныя людзі не маюць права гаварыць з памылкамі"
Упершыню я ўбачыла Ірыну Віктараўну некалькі гадоў таму, падчас прэс-тура для расійскіх журналістаў. Трэба было чуць, з якім артыстызмам і пранікнёна яна чытала маім калегам вершы на беларускай мове.
— Як можна расіянам не паказаць сваю любоў да роднай мовы?! — рэагуе на мой успамін. — У гэтым ідэалогія, стаўленне да сваёй краіны, да яе нацыянальных асаблівасцяў. Як вы перакладзяце, напрыклад, "Мой родны кут, як ты мне мілы!.." — "Мой родной уголок (угол?), как ты мне мил"? Ніколі ніводзін пераклад не перадасць каларыту, мілагучнасці беларускай мовы.
На сцяне ў кабінеце маёй гераіні — падзячныя лісты ад Прэзідэнта.
— Вельмі добра памятаю, як Віктар Шэйман уручаў мне падзяку за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Дарэчы ў 1994 годзе, калі былі першыя выбары, я таксама прымала ўдзел у іх арганізацыі. Я ж ужо 22 гады ў дзяржслужбе. Балюча назіраць за тым, што адбываецца ва Украіне. Усё гэта здарылася не за адзін дзень. Калі ў Львове білі ветэрана, зрывалі з яго ўзнагароды, дык гэта не званочкам павінна было стаць. Трэба было ў набат біць! Краіна раскалолася, бо не было цэнтралізацыі ўлады. Паняцце ж дэмакратыі ў кожнага сваё. Для некага — гэта распушчанасць... У Беларусі таксама хапае праблем, але ў параўнанні з Украінай у нас усё добра. А ўсё таму, што 20 гадоў таму быў узяты правільны курс. Раней, у часы дэфіцыту, не было такой разнастайнасці ў крамах. Была карта, якая давала кожнай сям'і права на кілаграм цукру, шэсць пар калготак, адзін дыван на год... У нас людзі, на жаль, забываюць усё вельмі хутка. А моладзі і ўзгадваць няма чаго, бо яна не ведае...
— Калі б вы сустрэліся з Прэзідэнтам, пра што б вы з ім гаварылі, што ў яго спыталі б?
— "За 20 гадоў кіраўніцтва краінай аб чым вы пашкадавалі? Што б памянялі, калі б можна было павярнуць час назад?"
— А што б вы памянялі ў сваім жыцці, калі была такая магчымасць? Ажыццявілі б нейкую сваю дзіцячую мару?
— У мяне была зусім банальная дзіцячая мара. Я хацела стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Я нават філфак скончыла. Падчас працы ў школе, вялікае задавальненне атрымлівала, калі дзеці пачыналі пісаць без памылак, правільна ставіць націскі ў словах. Пасля дэкрэтнага водпуску я ў школу не вярнулася. Так склалася, што звязала сваё жыццё з дзяржслужбай. Праўда, злавіла сябе на думцы, заўвагі і цяпер раблю. Не магу маўчаць, калі чую, "мОлодёжь и пОдростки" ці "телефон звОнит". Стараюся акуратна падказваць, маўляў, вось тут пачытайце. Лічу, што публічныя людзі проста не маюць права гаварыць з памылкамі.
— Як сын ставіцца да вашай працы?
— Складана. Ён усе свае праблемы вырашае сам. Ніколі не звяртаецца па дапамогу. Кажа: "Тваё прозвішча накладае вялікі адбітак. Я не маю права нават на памылку. Скажуць, гэта што, Даўгалы сын такі?" Ён вельмі перажывае, што ў мяне такая вялікая нагрузка.
Лепшы адпачынак для Ірыны Віктараўны — гэта змена сферы дзейнасці.
— У суботу пасля працы хоць і вярнулася дадому вельмі стомленая, угаварыла мужа паехаць на тэнісны корт. Я рэгулярна плаваю. У маладосці актыўна займалася спортам. І недарэмна: няхай бліжэй да 50 усе маюць такую форму, як я! Калі іду па вуліцы са сваім сынам, некаторыя (даходзяць чуткі) пытаюцца, гэта што, у Даўгалы малады бойфрэнд з'явіўся? Асабліва калі іду не ў дзелавым касцюме, а ў топіку ды шортах.
Так Ірына Віктараўна адпачывае пасля працы
На працы Ірына Віктараўна стараецца прытрымлівацца дрэс-кода. "І на сваіх (падначаленых) сваруся: джынсы — гэта не для аблвыканкама". Тым не менш у кабінеце галоўнага ідэолага вобласці, на свае вочы пераканаліся, заўсёды напагатове джынсы і туфлі без абцасаў.
— Часта даводзіцца выязджаць па працы на аб'екты, якія будуюцца. На гэты выпадак у мяне ў шафе вісіць адпаведнае адзенне. Не разумею, як гэта прыехала ўся такая царэўна ў замшавых туфлях на ферму. Усяму сваё месца і час.
"Ніколі ў жыцці не набывала сабе туш"
"А вы былі ў нас у "Правансе"?" — пацікавілася Ірына Віктараўна. І пачуўшы адмоўны адказ, павезла нас у новы рэстаран Гомеля. Па дарозе яна натхнёна распавядала пра тое, у які цуд ператворыцца палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў пасля маштабнай рэканструкцыі. Пра новы Дом культуры, які нарэшце адкрыўся ў Буда-Кашалёве. Пра фестываль "Покліч Палесся", які ўпершыню сёлета пройдзе ў міжнародным фармаце...
Рэстаран на беразе Сожа, аформлены ў рамантычным праванскім стылі, сапраўды ўразіў. Як і яго сутарэнні, дзе любіць збірацца творчая моладзь на "кватэрнікі".
"Мне падабаецца ўсё, што робіць мой сын (другі злева)"
— Гэтае месца вельмі любіць мой сын. Ён у мяне вельмі творчы, хоць і скончыў эканамічны факультэт. Самастойна навучыўся граць на барабанах. Стварыў з сябрамі кавер-гурт Sunny Days. Усе рэпетыцыі праходзяць у нас дома. Не так даўно яны ўдзельнічалі ў праекце "Зорны рынг" і нават трапілі ў фінал.
— А вам падабаецца музыка, якую яны выконваюць?
— Мне падабаецца ўсё, што робіць мой сын. Часам да слёз. На дзень народзінаў мужа хлопцы зрабілі яму кранальны падарунак. Вынеслі на вуліцу стары дыван, паставілі на яго апаратуру і на гэтай імправізаванай сцэне выканалі любімыя песні імянінніка: з рэпертуару "Машыны часу", Кузьміна...
Моладзь у нас цудоўная. Трэба толькі не ігнараваць іх творчыя парывы, выслухаць і падтрымаць. Некалі гэта частка набярэжнай, дзе мы з вамі сядзім, была неахайна расфарбаваная аматарамі графіці. Ніякія забароны і пагрозы не дапамагалі. Тады мы вырашылі накіраваць творчы парыў вулічных мастакоў у патрэбнае рэчышча. Падзялілі сцяну ўздоўж ракі на роўныя часткі, узгаднілі эскізы з галоўным архітэктарам горада і правялі сеанс адначасовага малюнка...
Распытала я Ірыну Віктараўну і аб праекце "Пудра" (на фота з якога я зусім выпадкова натрапіла ў інтэрнэце). Сёлета перад 8 Сакавіка паспяховыя жанчыны-кіраўнікі Гомельшчыны рабілі макіяж пад прыцэлам фотакамеры.
Ірына Даўгала фарбуецца для фотапраекта "Пудра"
— Я з задавальненнем прыняла ўдзел у праекце. Не трэба манернічаць, мы ж у першую чаргу жанчыны, а толькі пасля кіраўнікі. Перад тым, як пайсці на працу, мы пудрым носік, фарбуем вейкі. Дарэчы, я ніколі ў жыцці не набывала сабе туш. У мяне гэта робіць муж. Ён ведае, якая мне падыдзе, якая створыць падаўжальны эфект, якая падкруціць вейкі. Калі шчыра, мне крыху шкада Ангелу Меркель. Не хапае ў ёй жаноцкасці.
— Ірына Віктараўна, выпадкова даведалася, што ў вас дома жывуць і кошка, і сабака. Адразу ўзгадаўся ўстойлівы выраз "жыць як кошка з сабакам"...
— Ды не, вы што! Гэта цудоўны тандэм, ідылія. А гуляюць як — "Сам сабе рэжысёр" адпачывае. Фіса ліверку са сваёй місачкі ніколі не есць. А вось залезці да сабакі ў будку, з'есці яго ліверку і горда выйсці — гэта ў яе рэпертуары. Можа, сапраўды адносіны гаспадароў уплываюць. Ніколі ў жыцці нашы суседзі не чулі, каб мы, як той казаў, з мужам лаяліся па-сур'ёзнаму. Мілыя сварацца — толькі цешацца. Зацяжныя канфлікты да дабра не прыводзяць. Павінна быць разуменне, што пераможца — не той, хто першы дасягнуў жаданага, а той, хто змог зразумець і саступіць. Трэба ўмець заўважыць ва ўчынках блізкага чалавека добрае, а не акцэнтаваць увагу і пілаваць за промахі. Будзь адвакатам мужа, а не яго следчым. Жанчына павінна абараняць мужа, апраўдваць. За сваё жыццё я ніколі не залезла ў кішэню свайго мужа ні ў кішэню, ні ў партаманет, ні ў перапіску. Нават жадання не было. Нельга рушыць, лезці нахрапам у асабісты свет. І потым, не сакрэт, што забаронены плод — салодкі.
Бліц-апытанка
— Калі дзіця задасць вам пытанне, на якое вы не зможаце адказаць, што вы зробіце?
— Адкрыта скажу, што не ведаю. "Нават цікава. Пайшлі шукаць у энцыклапедыі разам".
— Кажуць, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік...
— Не магу сказаць, што гатаванне — маё хобі. Часу на гэта не заўсёды хапае. Але пры ўсёй занятасці, сасіскі і пельмені — гэта не тое, чым я буду карміць сваю сям'ю. Калі не прыгатавала нешта вечарам, то падымуся а пятай гадзіне раніцы, але сняданак зраблю.
— Якія якасці ў людзях вас раздражняюць?
— Крывадушнасць і хлусня. Усё астатняе можна перажыць. Для мяне лепш горкая праўда, чым салодкая хлусня. У адносінах самае галоўнае - шчырасць. І рыкаць трэба шчыра (бывае ж усякае).
— Самыя складаныя рашэнні, якія даводзіцца прымаць?
— Кадравыя. Пераканана, што кожнаму работніку трэба даць шанц выправіцца, бо мы ўсе жывыя людзі, кожны можа аступіцца. Ніводнага чалавека я не звольніла, каб не прапанаваць яму ўзамен іншыя варыянты.
— Пярсцёнак у форме бясконцасці — гэта нейкі сімвал?
— Яго мне падарыла на дзень народзінаў (я нарадзілася 8 сакавіка) мая сястра — як сімвал бясконцага шчасця. Нягледзячы на тое, што на адзін дзень у мяне прыпадае два святы, муж і сын заўсёды мне дораць два падарункі. Нават у самыя цяжкія часы.
— Адным з першых пунктаў у маленькай кнізе вялікіх парад для сына вы б тлустым колерам вылучылі?
— Вер у сябе. І ўсё атрымаецца.
— Апынуўшыся перад Богам, што вы яму скажыце?
— Дзякуй. Няхай у мяне няма яхты ды дома ля мора... Затое ў мяне ёсць рукі, ногі, галава, любімая сям'я і праца... Трэба даражыць тым, што ў цябе ёсць. Памятаеце словы паравозіка з Рамашкава, які казаў: калі мы не ўбачым світанак (не навучымся радавацца малому), мы можам спазніцца на ўсё жыццё.
Надзея ДРЫЛА.
Фота Надзеі БУЖАН і з архіва Ірыны ДАЎГАЛА.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.