Вы тут

Лявон Гмырак – нашанівец


Мяне заўсёды бянтэжыла ў нашым літаратуразнаўстве схільнасць да зухаватых абагульненняў. Калі савецкі час яшчэ ствараў для такой метадалогіі падставы, імкнучыся засунуць увесь светапарадак пад адну накрыўку марксісцка-ленінскай тэорыі фармацый і класавай барацьбы, то сёння сінтэтычныя выкладкі выглядаюць больш чым дзіўна. Прынамсі, у нас, у нашай філалагічнай навуцы, якая, у адрозненне ад многіх іншых, не прайшла фазу франтальнага збору, каталагізацыі і публікацыі фактычнага матэрыялу па гісторыі літаратуры. Дагэтуль яшчэ можна знайсці невядомыя аўтографы Купалы, Коласа, Багдановіча, а тыя пісьменнікі, якім менш пашчасціла з міфалагізацыяй і бронзавымі пастаментамі, наогул застаюцца ў глыбокім падполлі, амаль не даследуюцца і прышпільваюцца толькі праз коску – як падмацаванне да чыйгосьці чарговага абагульнення па пэўным перыядзе развіцця літаратуры.

Так вядзецца справа нават у найбольш “зорным” і “пастаментавым” перыядзе – “нашаніўстве”. Кожны, хто займее 5 выпускаў факсімільнай “Нашай Нівы”, уразіцца колькасці незнаёмых прозвішчаў і псеўданімаў пад апавяданнямі, нарысамі, вершамі. Можна, канечне, усміхнуцца і сказаць, што многія з гэтых аўтараў “заслужана забытыя”, але, гаворачы пра нашаніўства, трэба разумець усю важнасць гэтага часу, у якім фактычна адбывалася нараджэнне рэгулярнай літаратуры і нараджэнне праекту незалежнай Беларусі, завершанага ў 1991 годзе. Кірункі, якія прапаноўвалі малавядомыя цяпер нашаніўцы (не з першых шэрагаў), патэнцыйна маглі стаць дамінантамі новай беларускай эстэтыкі і ўсяго беларускага руху. Творчыя метады Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Бядулі, якія праз “Нашу Ніву” працялі ўсю беларускую літаратуру ХХ стагоддзя, атачалі менш уплывовыя, як казаў Максім Багдановіч, “слаі”. І даследаванне гэтых слаёў дагэтуль працягвае ісці вельмі марудна: і цяпер застаюцца ў архівах неапублікаваныя іх творы, лісты, матэрыялы да біяграфіі. Маю цвёрдае перакананне, што толькі тады, калі будуць сабраныя ў персанальныя кніжкі, уведзеныя ў навуковы ўжытак усе творы і лісты нашаніўцаў, філалогія атрымае магчымасць зразумець гэты найважнейшы для нацыянальнай літаратуры перыяд ў поўным сэнсе гэтага слова. Да таго часу рабіць абагульненні я б паасцярогся.

Лявону Гмыраку (псеўданім Мечыслава Бабровіча, 1891-1915), у адрозненне ад астатніх “другарадных” крыху пашанцавала: яго спадчына выйшла ў 1992 годзе кніжкай, і рыхтаваў тое выданне адзін з лепшых тагачасных беларускіх філосафаў Уладзімір Міхайлавіч Конан. Ёсць у кнізе і грунтоўная прадмова, дзе сабрана практычна ўсё, што было вядома пра Бабровіча на той час. Але з пункту гледжання філалагічнага кніга мае пэўныя недахопы, і, бадай, галоўны з іх – рэдагаванне тэкстаў Уладзімірам Конанам. Імкнучыся, наблізіць мову аўтара да сучаснай беларускай мовы, укладальнік замяняў русізмы ў Лявона Гмырака уласнабеларускай лексікай, а часам і не толькі русізмы, а і малаўжывальныя каларытныя беларускія слоўцы. Праз гэта томік Гмырака 1992 года, пры ўсёй сваёй гжэчнасці і прывабнасці, не можа лічыцца ідэальным. Да таго ж, ёсць у кніжцы і істотная лакуна: укладальнік не змог (ці не было яму дазволена) уключыць туды лісты Лявона Гмырака. Эпісталярый Гмырака, які захаваўся ў віленскай акадэмічнай бібліятэцы імя Урублеўскіх, шчодра цытаваўся Конанам у прадмове да выдання (з такім жа, пурыстычным і, бадай што, ненавуковым падыходам), але ў арыгінальным выглядзе змешчаны не быў. Шкадуючы, што гэткі цікавы і параўнальна аб’ёмны эпісталярны комплекс дагэтуль не публікаваўся ў поўным аб’ёме, я пры нагодзе, будучы ў Вільні, перадрукаваў яго з рукапісных арыгіналаў. Гэта 6 лістоў, напісаных у першай палове 1914 года, калі Гмырак актыўна супрацоўнічаў з “Нашай Нівай”…

Лісты публікуюцца з захаваннем усіх асаблівасцей аўтарскага напісання. Гэта патрэбна не толькі для адчування “духу часу”, але і для даследчыкаў гісторыі беларускай літаратурнай мовы. Перапраўленне аўтарскага напісання пазбаўляе філолагаў магчымасці зразумець станаўленне мовы ў “датарашкевічаўскі” перыяд.

№ 1

31/ХІІ – 11 г.

Пересылаючы пры гэтым 2 р. 85 к грошы, маю гонар прасіць Высокоповажаемую Редакцію высылаць мне ціраз поўгода (да 1 ліпня значыць) “Нашу Ніву” рускімі літэрамі. Акром таго прашу переслаць мне такія выданьня 1) Лучына – Вязанка – 4 к, 2) Паўловіч Снапок – 15 к, 3) Купала – Гусьляр – 50 к. 4) Бурачок – Дудка беларуская – 25 к 5) Реўка – Смык беларускі – 20 к. 6) Віткевіч – Дзядзька Голад – 2 к 7) Казкі – 6 к. 8) “Аб гаспадарцы на хутары і шнюрох” – 5 к усіо разам 1 р. 27 к. Дзілі таго што подпіска каштуе 1 25 – на пірасылку значыць астаецца яшчэ 33 к. Спадзеваюсе што гэтаго будзе досыць, каліж пірасылка болій будзе каштаваць будзьце добры напішыце: я гэтые расходы з удячнасьцьцю Вам зьвярну. Усе кніжкі рускімі літэрамі – акром тых што істнуюць толькі у лац. друку. Я ужо пісаў што голас свой даю за друкаваньне “Н.Н.” рускімі літерамі

З пошаною М. Бобровіч

№2

Высокоповажаемы Паночку!

Пасылаю Вам рукапісы дзьвух стацьцей. Адну з іх (“Ешчэ аб лясным голадзе”) надрукуйця у каторым з бліжэйшых намяроў газэты, як хочыця ці у формі стацьці ці у формі коррэспондэнціі з Міншчыны. Здаецца нічога надта востраго у ей німа і хіба надрукаваць можна. Калі якое мейсцэ завострае што ж рабіць… выкіньце яго. Надрукуйце у такім намяры дзе ня будзе ніякай другой маей стацьці, бо падпісаў я яе так – яе заўсягды стацьці падпісываю т.е. Лявон Гмырак.

Другая стацьця (“Вялікая гадоўшчына”) напісана для таго каб надрукаваць яе у № найблізшым да 19 лютаго. Праўда, сёлета німа юбілея гэтаго дня, а толькі 53 гадоўшчына, але мне здаралося спатыкаць у расейскіх газэтах стацьці аб гэтым дні і у такіе гады калі німа юбілею яго (напр. у Совр. Слов. за 1909 г.) – вось па моему зусім уместна будзе калі у 53 гадоўшчыну скасаваньня прігону надрукуе Н.Н. гэту стацьцю.

Востраго нічога німа тамака – усё гэдкае пішецца цяпер нават і у календарах выданьня Сытіна, спадзяюся што надрукуіця гэту стацьцю без ніякіх пірамен.

Скора я ужо выеду у Прывісляншчыну. Свайго майбутняго тамашняго адрэса пакуль што ня ведаю, як даведаюся напішу. Пакуль што газэты на “Полочаны Рачково” – мне не высылайця – калі прішлю свій новы адрэс – прышліця тады усе выйшаўшые намяры пачынаючы з №1 за 1914 г. Калі Вам будзе вядомы мой новы адрэс – напішыця – ці надрукуіця “Вялікую гадоўшчыну” ці не, – калі не – дык чаму? Ад пары да пары да Вас я буду стацьці прісылаць. Калі нагадаіця якую тэму каторая павэдле Вас падходзіла бы мне – напішыця аб гэтым можэ я яе выкарыстаю. У “Маладую Беларусь” адну стацьцю я ужо паслаў, калі пачне выхадзіць “Лучынка” треба будзе што небудзь напісаць і туды.

Трошку крыўдую я за тое што у “Каляднай пісанцы” Вы надрукавалі стацьцю Багдановіча, а не надрукавалі маю, тут ужо трошку самолюбіе закранута – ды і сумна тое што відаць ужо у “Нашай нівай” зусім запанавала крытычная манера a la Богдановіч (у 50 №№ нейкі І.Л. напісаў “Агляд кніг” як раз гэдкім фасонам як пішэ крытычные стацьці Багдановіч, не ужыв убываіцца неяк у Вас реальная крітыка, а шкада).

Максім Іванавіч – як відаць добра стацьці пішець по крайней мере аб беларускім тэатры напісаў дужа добра. Паганяйце яго каб пісаў болій.

У Каляднай жэ Пісанцы я ізноў пабачыў спаткаўся з творам Аўрэйцэвіча. Дужа рад што у тым кутку дзе я пражыў гадоў около 20 і каторы знаю бадай ці ня лепей як бацька родны Докшыцкую воласьць аткуль мы вядзёмся – завёўся гэдкі важны пісьменнік.

Пакуль што бывайця здаровенькі. Паклон Купале, Бядулі, Гарэцкаму і усім знайомым беларусам якіе цяпер лі Вас ёсьць. Калі буду ведаць новы адрэс і прішлю яго Вам, будзьця ласкавы аткажыця на моі пытаньня.

З пашанаю М. Бабровіч

P.S. Цяпер я працую над вялікай стацьцёй “Белорусское національное возрожденіе”. Як кончу пашлю яе у “Русское богатство” можэ надрукуюць.

3/І - 1914 г.

Каментары

Вельмі цікава. Дзякуй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».