У наступным годзе абітурыенты, якія збіраюцца паступаць на спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя», будуць здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні біялогію і гісторыю Беларусі. Раней яны здавалі матэматыку і гісторыю Беларусі. Прычым галоўнай профільнай дысцыплінай была менавіта матэматыка. Абітурыенты, якія пажадаюць вучыцца ў ВНУ на юрыста, павінны будуць здаць экзамены па грамадазнаўстве і замежнай мове. Раней яны здавалі грамадазнаўства і матэматыку. Новыя нормы замацаваны ў Пастанове Міністэрства адукацыі «Аб уступных іспытах пры паступленні на І ступень вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе».
12-20
Змяненні ў пераліку профільных іспытаў закранулі таксама і шэраг іншых спецыяльнасцяў. Напрыклад, для паступаючых на спецыяльнасці «Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва. Абслуговая праца і прадпрымальніцтва», «Тэхнічная праца і тэхнічная творчасць. Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва» прадугледжаны іспыты па творчасці і гісторыі Беларусі (ЦТ).
Таксама па некаторых спецыяльнасцях змяніліся профільныя прыярытэты. Скажам, на спецыяльнасці «Фармацыя» галоўнай профільнай дысцыплінай будзе лічыцца хімія, а другой — біялогія, у той час як па ўсіх іншых медыцынскіх спецыяльнасцях галоўным профільным прадметам з'яўляецца біялогія, а хімія — толькі другім. Для тых, хто будзе паступаць на спецыяльнасць «Выдавецкая справа», першай профільнай дысцыплінай з'яўляецца замежная мова, а другой — матэматыка. Нагадаем, што пры агульнай роўнай колькасці балаў пераважнае права на залічэнне маюць абітурыенты, якія атрымалі больш высокі бал па першым прадмеце профільных іспытаў.
Правіламі прыёму прадугледжваецца, што абітурыенты здаюць пры паступленні тры ўступныя іспыты: рускую або беларускую мову (на выбар) і два профільныя прадметы, якія адпавядаюць пэўнай групе ці профілю (кірунку) вышэйшай адукацыі першай ступені.
Але на спецыяльнасцях «Беларуская мова і літаратура», «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова», «Беларуская філалогія» абітурыенты не выбіраюць адну з дзяржаўных моў, а здаюць у абавязковым парадку ЦТ па беларускай мове. Тое ж тычыцца спецыяльнасцяў «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура. Замежная мова» і «Руская філалогія», дзе абітурыенты абавязкова здаюць тэст па рускай мове.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах, прадугледжаных для грамадзян Рэспублікі Беларусь. Але паколькі гэтая катэгорыя грамадзян не вывучала гісторыю Беларусі, яны могуць замяніць вышэйназваную дысцыпліну на сусветную гісторыю найноўшага часу. Але такая палёгка для замежнікаў не распаўсюджваецца на групу спецыяльнасцяў «Выкладанне гістарычных дысцыплін», «Гістарычныя навукі», на спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны», «Гісторыка-, архівазнаўства» і кірунак «Дакументазнаўства» (інфармацыйнае забеспячэнне кіравання), дзе профільнымі прадметамі з'яўляюцца абедзве гісторыі — гісторыя Беларусі і сусветная найноўшага часу.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.