Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Салагуб перамагла ў конкурсе навуковых праектаў, які праводзіўся ў рамках 2‑й летняй школы Рускага геаграфічнага таварыства.
Летняя школа ўяўляе сабой пляцоўку для абмену вопытам і перадачы ведаў аб сучасным стане геаграфічнай навукі маладым навукоўцам, аспірантам і магістрантам. У ролі педагогаў выступаюць акадэмікі, прафесары, вядомыя вучоныя, знакамітыя фатографы — натуралісты, даследчыкі і вандроўнікі.
Паўдзельнічаць у 2‑й летняй школе змаглі 30 маладых навукоўцаў ва ўзросце да 35 гадоў з Расіі і яшчэ пяць іх калег з краін блізкага замежжа, якія прайшлі конкурсны адбор. Беларусь прадстаўляла старшы выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі факультэта прыродазнаўства БДПУ імя М. Танка Наталля Салагуб. Слухачы школы прадставілі на суд экспертнага журы свае праекты, над якімі яны працавалі не адзін год. Для зручнасці ацэньвання праекты былі падзелены на тры блокі. Журы ацэньвала не толькі атрыманыя навуковыя вынікі і перспектывы рэалізацыі праекта, але і тое, наколькі папулярна была выкладзена работа. У блоку «Экалогія і прыродакарыстанне, геаграфічная і экалагічная адукацыя» журы вылучыла дзве работы, у тым ліку і праект «Рэалізацыя электроннага практыкуму як сродак развіцця медыяпісьменнасці будучага настаўніка геаграфіі», падрыхтаваны Наталляй Салагуб. Як адзначылі члены журы, гэта прадукт, ужо гатовы да выкарыстання на практыцы.
У гэтай перамогі ёсць яшчэ некалькі прыемных «бонусаў». Па-першае, удзельнікі 2‑й летняй школы ў далейшым могуць быць прыняты ў члены Рускага геаграфічнага таварыства па спрошчанай схеме. Маладым навукоўцам будзе прапанавана прыняць удзел у экспедыцыях і міжнародных праектах. Акрамя таго, пераможцы 2‑й летняй школы атрымаюць рэкамендацыі для ўдзелу ў грантавым конкурсе Рускага геаграфічнага таварыства ў 2015 годзе.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».