350 гатункаў гладыёлусаў і 120 гатункаў лілей вырошчвае на сваім прысядзібным участку аматар-кветкавод з пружанскай вёскі
Муж ніколі не дорыць ёй кветак таму, што... яна больш за ўсё на свеце любіць кветкі. Але цярпець не можа зрэзаных. І ўжо нават на вочы ёй не паказвайце прывезеных з Галандыі, нашпігаваных рознымі кансервантамі, каб доўга захоўваліся. Людміла любіць кветкі, якія растуць, і найбольш тыя, якія яна сама вырасціла.
Спадарыня Кудрэйка жыве ў Калядзічах Пружанскага раёна. Хто з вяскоўцаў на сваім прысядзібным участку садзіць бульбу, хто займаецца агуркамі або клубніцамі, а яна амаль усю зямлю каля дома адвяла пад кветкі. Нават у знаёмай у суседнім Дабучыне «пазычыла» дзве соткі ўчастка і засадзіла іх гладыёлусамі. Не, у яе таксама ёсць града з зелянінай, цыбуляй і памідорамі. Не купляць жа пучок пятрушкі, жывучы ў вёсцы! Але агарод — гэта так, паміж справамі.
Галоўнае — гладыёлусы. Яны так прыгожа зацвітаюць зараз рознымі колерамі: ад ярка-чырвонага да вытанчана-белага. Гатунак «Белы ветразь» адзін з яе любімых. Людміла кажа, што яна аддае перавагу няяркім попельным адценням кветак. Любіць тыя з іх, якія адразу ў вочы не кідаюцца, да якіх трэба яшчэ прыгледзецца, каб адчуць прыгажосць. А ўсяго на яе невялікай па памеры плантацыі расце 350 гатункаў гладыёлусаў.
— Хіба вы не ведаеце легенду пра з'яўленне гладыёлусаў? — здзіўлена глядзіць на мяне пружанскі кветкавод. — Дык слухайце: калісьці ў старажытнасці двух рабоў, якія былі вялікімі сябрамі, пад страхам смяротнай кары прымушалі біцца на шпагах. Паядынак быў задуманы на пацеху правіцелю, а пераможцу абяцалі свабоду. Юнакі выйшлі на поле бою, узнялі кожны сваю зброю, але не змаглі яе прымяніць. Адначасова яны ўваткнулі шпагі ў зямлю і абняліся. Іх забілі. А на месцы, дзе былі шпагі, выраслі высокія расліны з крывава-чырвонымі кветкамі. Так з'явіўся гладыёлус, яго яшчэ часта называюць шпажнікам, кветкай гладыятараў. Але насамрэч нічога ваяўнічага ў гэтых кветках няма. Наадварот, яны вельмі прыгожыя, нават пяшчотныя і мілыя.
Людміла таксама вырошчвае лілеі. Але яны не такія любімчыкі, як гладыёлусы. Пара цвіцення лілей ужо прайшла. Хутка наступіць сезон збору «ўраджаю». Значыць, трэба будзе выкопваць цыбуліны, сартаваць, перабіраць. Наогул работа кветкавода цяжкая. Як яна сама вызначыла: месяц пасадкі, месяц праполкі, месяц выкопвання. Астатняе догляд раслін, апрацоўка і захаванне насення. Агратэхніка і культура земляробства ў Людмілы Кудрэйкі (яна працуе па адукацыі) стаяць не на апошнім месцы.
Дзяцінства Люды нельга назваць бязвоблачным і шчаслівым. Калі памерла мама, ёй споўнілася толькі пяць гадоў. Дзяўчынку фактычна гадавала і выхоўвала бабуля. Яшчэ ў школьныя гады яна палюбіла вазіцца з раслінамі, колькі сябе помніць, нешта эксперыментавала на бабуліных градках. У старшых класах на яе асабістай градзе расло некалькі дзясяткаў гатункаў памідораў. Яна выпісвала насенне па пошце, купляла ў звычайных крамах. Тады бабуля і сказала: «Быць табе, дзіцятка, аграномам». Люда паступіла ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, паспяхова скончыла яго. Папрацавала і па спецыяльнасці. Захапленне кветкамі прыйшло пазней, калі ўжо займела сваю сям'ю, калі нарадзілася дачушка. Спачатку гэта былі невялікія градкі. З часам кветак станавілася больш. Было цікава працаваць з рознымі гатункамі, эксперыментаваць. Тады і прыйшло разуменне, што хобі можа стаць яе работай, якая прынясе капейку ў сям'ю.
Тады яна адвяла практычна ўвесь свой прысядзібны ўчастак пад кветкі. Цяпер па інтэрнэце можна хутка спісацца з калекцыянерамі-кветкаводамі з розных краін, даведацца пра навінкі ў сваёй галіне. Так у Калядзічах сталі з'яўляцца самыя прыгожыя — ад класічных да зусім экзатычных — гладыёлусы і лілеі. Кожны год калекцыя абнаўляецца, да паўсотні гатункаў выбракоўваецца. Аказваецца, далёка не кожная патрабавальная кветка раскрые сваю прыгажосць на нашай зямлі. Таму, напрыклад, пра галандскія, разрэкламаваныя гатункі Людміла нават гаварыць не хоча. Галандыя — маленькая краіна, і многія тамтэйшыя кветкаводы трымаюць свае плантацыі ў Афрыцы. А калі прывезці да нас расліну, якая ўзрасла ў афрыканскім клімаце, то не трэба быць спецыялістам, каб зразумець, як «засумуе» яна на нашай зямлі. Калі не загіне ад хвароб, то будзе марнець ды чахнуць. Так што ў нас трэба разводзіць кветкі, загартаваныя ў падобных з нашымі шыротах.
Цяпер за гады работы ў яе з'явілася шмат сваіх сакрэтаў і напрацовак, правераных часам. Каб не шкодзіла кветкам пустазелле, гладыёлусы лепш садзіць у глебу, верхні слой якой пакрыты рачным пяском. Сёлета яна замаўляла пясок аж у Брэсцкім рачным порце, адтуль прывезлі вялікі грузавік. Таму нідзе ў радах і паміж радоў не відаць непатрэбных раслін. І толькі прыгожыя рознакаляровыя кветкі гладыятараў пачынаюць сваё цвіценне. Цікаўлюся, ці прадае Людміла Кудрэйка букеты. Вельмі мала, — адказвае яна. — Калі б побач быў вялікі горад, можна было б гэтым займацца. У нашай правінцыі асаблівых рынкаў збыту няма. Ну хіба толькі вось пад 1 верасня». Галоўны заробак будзе зімой, калі яна адправіць па пошце сваім кліентам насенне. А да гэтага трэба перабраць 20 тысяч цыбулін адных толькі гладыёлусаў — адным словам, нялёгкая праца. Але гэтую работу Людміла выконвае з задавальненнем, бо гэта і яе хобі. З усім яна спраўляецца сама. Мужу, інжынеру сельгаспрадпрыемства, асабліва няма калі дапамагаць. Толькі як трэба, скажам, пераараць зямлю ці падвезці бочку з вадой. Дочкі (старэйшай 13, а малодшай 6 гадоў) захапленне маці асабліва не падзяляюць. А яна і не настойвае, лічыць, што нічога дзецям навязваць не варта.
Людміле дастаткова таго, што яна займаецца любімай справай, робіць жыццё многіх і многіх людзей трохі прыгажэйшым. «Толькі што патэлефанавала жанчына з іншай вобласці і шчыра дзякавала за кветкі, сказала, што і надалей будзе замаўляць толькі ў мяне. Такія водгукі даюць стымул працаваць далей».
Святлана ЯСКЕВІЧ,
фота аўтара.
Пружанскі раён
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.