Вы тут

Футбалісты БАТЭ згулялі ўнічыю з браціслаўскім "Слованам" у першым матчы плэй-оф Лігі чэмпіёнаў


На працягу ўсёй сустрэчы абодва сапернікі гулялі ў невысокім тэмпе, толькі зрэдку уключаючы максімальныя хуткасці. У сярэдзіне першай паловы матчу гаспадары поля пасля памылак абаронцаў барысаўчан атрымалі пару шанцаў паразіць вароты Сяргея Чэрніка, але наш галкіпер быў на высаце.

Безымянный-2

Госці таксама маглі вызначыцца, але ўдары Сяргея Крыўца і Віталя Радзівонава мэты не дасягнулі. Толькі ў самым канцы першага тайма адна з контратак беларусаў завяршылася голам - пасля прастрэлу Крыўца з левага фланга атакі ў барацьбе з Радзівонавым памыліўся абаронца гаспадароў Яблонскі, які паслаў мяч ва ўласныя вароты.

Пасля перапынку футбалісты "Слована" спрабавалі адыграцца, але доўгі час падапечныя Аляксандра Ермаковіча без асаблівага напружання адводзілі пагрозы ад сваіх варот. Мабыць, вырашыўшы, што справа зроблена і перамога ў кішэні, барысаўчане бліжэй да фінальнага свістку страцілі пільнасць, і ў канцоўцы маглі не толькі ўпусціць перамогу, але і прайграць. Спачатку, за 10 хвілін да заканчэння сустрэчы, ветэран браціслаўскай дружыны Роберт Вітэк удала распарадзіўся мячом у штрафной барысаўчан і аднавіў раўнавагу, а яшчэ праз 3 хвіліны ў другі раз адправіў мяч у сетку, але, на шчасце для гасцей, арбітры справядліва зафіксавалі становішча па-за гульнёй. Вынік 1:1 пакідае дзесяціразовым чэмпіёнам Беларусі добрыя шанцы на поспех па суме двух паядынкаў і выхад у групавы этап самага прэстыжнага кантынентальнага турніру. Гульня ў адказ адбудзецца 26 жніўня на полі "Барысаў-Арэны".

Склады каманд:

"Слован": Перніш, Чыкаш, Яблонскі, Гарасіта, Гудак, Грэндэль, Жофчак (Галенар, 59), Мілінкавіч, Штэфанік (Ласік, 45), Сума, Форжт (Вітэк, 72).

БАТЭ: Чэрнік, Хагуш, Філіпенка, Младэнавіч, Палякоў, Ліхтаровіч (Карніцкі, 68), А. Валадзько, Крывец, Аляхновіч, Гардзяйчук, Радзіёнаў (Сігневіч, 86).

Галы: 0: 1 - Яблонскі (44, аўтагол), 1: 1 - Вітэк (80).

Папярэджанні: Гудак, Сума, Ласік; Хагуш, Крывец, Валадзько.

На прэс-канферэнцыі пасля матчу БАТЭ ў Браціславе супраць "Слована" настаўнік барысаўчан Аляксандр Ермаковіч вельмі стрымана ацаніў выязную дзейсную нічыю, злёгку пашкадаваў пра ўпушчаную перамогуе, але назваў вынік сустрэчы справядлівым, паведамляе афіцыйны сайт БАТЭ.

Футбалісты БАТЭ згулялі ўнічыю з браціслаўскім "Слованам" у першым матчы плэй-оф Лігі чэмпіёнаў

- Ці задаволеныя вы вынікам?

- Мы найгралі на тое, на што найгралі. Ужо выбачайце за каламбур. Лічу, нічыя - заканамерны вынік сённяшняга паядынку. Хоць гульня складвалася так, што мы былі блізкія да перамогі. У цэлым мы добра абараняліся, але здарылася секундная страта канцэнтрацыі, і сапернік стварыў момант, які і рэалізаваў. У гэтым эпізодзе мы недапрацавалі. Ад гэтага і ёсць некаторая незадаволенасць нічыёй. Мы не расстроіліся ёй, але і падстаў для асаблівай радасці не знаходзім.

- Ці стала гульня "Слована" для вас сюрпрызам, ці ўбачылі вы ў выкананні славацкай каманды менавіта тое, чаго чакалі напярэдадні?

- Не, сюрпрызаў не было. Прыкладна такіх дзеянняў саперніка мы і чакалі. Былі гатовыя да такога ходу паядынку. Паўтаруся, ёсць невялікае засмучэнне, што не змаглі ўтрымаць перамогу.

- Хто з ігракоў "Слован" вам спадабаўся больш за ўсё?

- Мы стараемся пазбягаць публічных ацэнак, як ігракоў сваёй каманды, так і футбалістаў саперніка. Не стану адыходзіць ад гэтага правіла і цяпер. Тым больш "Слован" гуляў у камандны футбол, і варта адзначаць перш за ўсё гэта.

- Выніковая выязная нічыя дае вам некаторую перавагу ў выбары тактыкі на паядынак у адказ. Але ж вы не будзеце дома, пры сваіх балельшчыках, гуляць у абарончы футбол?

- У нас ёсць шэсць дзён на тое, каб як след абдумаць, як гуляць, якую лінію паводзін лепш за ўсё абраць. Спяшацца з такога роду заявамі не варта.

А вось што сказаў галоўны трэнер "Слована" Францішак Страка:

straka_frantisek

- Я расчараваны, што мы не згулялі на нуль ззаду. Але мы павінны прызнаць якасную гульню БАТЭ. Гэта каманда, якая кожны год выступае ў Лізе чэмпіёнаў. Я цаню сваіх ігракоў, якія біліся да канца, бо ў шмат якіх выпадках самааддача мае вялікае значэнне. Лік 1:1 з'яўляецца для нас некаторым расчараваннем, але мы павінны прызнаць, што БАТЭ - добрая каманда.

У нас быў шанец дамагчыся ў гэтым матчы перамогі, калі б не аўтагол. Што тычыцца гэтага аўтагола Яблонскага, такое здараецца. Мы ўсе робім памылкі. На шчасце, Роберт Вітэк быў дакладны, яму не патрэбны дзвесце шанцаў, каб забіць гол. Яго мяч пакінуў нас у гульні.

Паўтару яшчэ раз: наш праціўнік знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме. Я казаў сваім ігракам набрацца цярпення. Але раз мы згулялі ўнічыю, то шанец дамагчыся прымальнага для нас выніку ў гульні ў адказ яшчэ ёсць, - прыводзіць словы Страка сайт Profutbal.sk.

Футбалісты БАТЭ згулялі ўнічыю з браціслаўскім "Слованам" у першым матчы плэй-оф Лігі чэмпіёнаў

У той жа вечар прайшлі і астатнія матчы кваліфікацыі.

Футбалісты піцерскага "Зеніта" выйгралі ў Льежы у бельгійскага "Стандарда". Аўтарам адзінага гола ў гэтым няпростым для піцерцаў паядынку стаў Алег Шатаў, які з цэнтра штрафной замкнуў ювелірны пас Халка з левага краю. Напрыканцы першага тайма расіяне маглі падвоіць перавагу, але мяч пасля аднаго з удараў адбіла перакладзіна. А ў другім тайме капітан піцерцаў Дані трапіў у штангу. Хоць перад гэтым выдатны шанец зраўняць лік ўпусцілі гаспадары, калі паўабаронца зборнай Расіі Віктар Файзулін выклаў дакладны пас саперніку, і шатландскі форвард "Стандард" Тоні Уотт выходзіў на вароты гасцей, але прамарудзіў, і яго нагналі гульцы "Зеніта".

"Ліль" (Францыя) - "Порту" (Партугалія) - 0:1.

"Марыбор" (Славенія) - "Селтык" (Глазга, Шатландыя) - 1:1.

"Ольбарг" (Данія) - АПОЭЛ (Нікасія, Кіпр) - 1: 1.

 

Яшчэ пяць першых матчаў накаўт-раўнда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў адбыліся 19 жніўня:

"Зальцбург" (Аўстрыя) - "Мальмё" (Швецыя) - 2:1.

"Сцяўа" (Бухарэст, Румынія) - "Лудагорац" (Разград, Балгарыя) - 1:0.

"Капенгаген" (Данія) - "Баер" (Леверкузен, Германія) - 2:3.

"Напалі" (Неапаль, Італія) - "Атлетык" (Більбао, Іспанія) - 1:1.

"Бешыкташ" (Стамбул, Турцыя) - "Арсенал" (Лондан, Англія) - 0:0.

Матчы ў адказ пройдуць 26-27 жніўня.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.