Вы тут

Чалавек у шыракаполым капелюшы,


альбо Любімыя вобразы «нетыповага» мастака

Сяргей Балянок. Мастак з інтэлігенцкай прафесарскай сям'і. Беларускі графік, выставы якога маюць прыемна шырокую геаграфію: Польшча, Швецыя, Галандыя, Літва і, вядома ж, Беларусь. У Беларусі мастак, які нарадзіўся ва Украіне, упершыню выставіўся ў 1987 годзе і з тых часоў неаднойчы прадставіў свае працы публіцы. Мастак, які не піша на заказ. Чалавек, які не шукае натхнення, не працуе ў майстэрні з разлітымі фарбамі і творчай бязладзіцай, не шукае муз на Геліконе і не пакутуе ад творчага крызісу — у чым «нетыповасць».
А «нетыповы» — самы тыповы прыметнік у дачыненні да мастака.

На днях Музей сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыў персанальную выставу Сяргея Балянка пад назвай «… Нічога іншага не прапануецца…» адпаведна з подпісам пад адной з яго работ.

Графіка, акрамя як з персанальнай выставай, можна павіншаваць яшчэ і з круглай датай: мастаку 60 гадоў, у якія выглядае ён па-хлапечы жыва і з запалам. Стыльны касцюм, вузкі гальштук, завушніца ў вуху і дзесьці не бачная воку (але яна ёсць) татуіроўка. Трэба прызнацца, гэтая амаль хіповасць кантрастуе з яго любоўю да ценяў, меланхалічным сэнсам яго прац і выказваннямі накшталт «Мы ўсе апрыёры адзінокія». І хоць нешта тут не чыста (разыходжанне вобразаў), творчасць Балянка жыве нейкім сваім жыццём і малюе ў галаве выгляд зусім іншага чалавека, не падобнага на «поўнага нечаканасцяў» графіка.

Работы Балянка, гэтыя задумлівыя філасофскія афорты, разышліся па музеях і прыватных калекцыях усяго свету. Швейцарыя, Італія, ЗША, Францыя, Германія і іншыя краіны ім скарыліся, калі дазволіць сабе трошкі гіпербалізацыі.

Сяргей Балянок любіць горад: яго пустыя вокны, вуліцы, на якіх ні душы, ліхтары, як маякі, у закінутай цемры. Ён любіць вобразы жывёл: велізарныя птушкі, рыбы, зубасты воўк, ускудлачаны кот. Але гэта не антрапамарфізм (адушаўленне або ачалавечванне жывёл), а паказ чалавека (а магчыма, і самога сябе) у вобразе жывёлы. Ён любіць шыракаполыя капелюшы як нешта, што абараняе ад знешняга свету і адасабляе ад яго (мая здагадка). І ўсё гэта не вымучаная, выпакутаваная творчасць, не «натхнёная» алкаголем, тым, што мацней. А падобна на гэта: атрымалася — напісаў; не атрымалася — не напісаў, адклаў і пайшоў далей. Прыкладна так. Яго майстэрня — гэта кухня. Каталізатары — кава, тытунь і катлеты. Музы — невядома. Магчыма, горад — муза, і жыццё.

30-4

Графік адрозніваецца сваімі доўгімі подпісамі, якія можна вылучыць у паралельную асобную сферу творчасці. Кажуць, на тое, каб прыдумаць подпіс, Сяргею Балянку можа спатрэбіцца паўгода.

«Гэта сапраўды цудоўны мастак. Я шмат гадоў знаёма з яго творчасцю, і ён для мяне заўжды непрадказальны. Больш за тое: гэта не толькі цудоўны мастак, алё і ўжо некалькі гадоў супрацоўнік музея. У Сяргея ёсць нейкая якасць, якая нівеліруе любы ўзрост. Як мастак, гэты чалавек будзе цікавы заўсёды. У 1980–1990‑я гады, калі мы бачылі яго творы, то знаходзілі ў іх часцінку той будзённасці, якую не заўважалі самі. Сёння я прайшлася па гэтай выстаўцы і зразумела, што Сяргей Балянок застаўся такім жа непрадказальным, шчырым, эмацыйным. Ён гэтакжа любіць доўгія подпісы, і мне прыемна, што ў гэтых подпісах з цягам часу не з'явілася ніякай павучальнасці. У гэтых працах я бачу наша асяроддзе, нашых людзей і яго самога», — сказала на адкрыцці дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч.

Выказалася і дырэктар аўтарскай канцэптуальнай галерэі «Брама» Ларыса Фінкельштэйн: «Калі працы Балянка з'яўляліся на выстаўках, гэта быў такі камертон часу, кантрапункт спачуванняў. Гэта было тое, што балела, але пра што ніхто іншы не гаварыў. Вастрыня і філасофская глыбіня заўсёды існавалі ў кожнай лініі, кожнай кропцы, у кожным аркушы паперы мастака».

Сам графік замест вітальнага слова, якое ён павінен быў агучыць, проста ўключыў песню Тома Вэйтса «Bіg іn Jараn». Пад драйвовы рок, якому так пасуе завушніца ў вуху мастака і нябачная татуіроўка, дзверы ў вялікую залу адчыніліся, нібыта «таямніца» яго творчасці.

Усе вобразы, пустынныя вуліцы і людзі ў шыракаполых капелюшах без твараў сталі даступныя вачам наведвальнікаў. Але яшчэ пытанне, ці даступным стаў сэнс афортаў Сяргея Балянка.

Праверыць гэта можна ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва да 6 верасня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.