Вы тут

Пакаранні — адмяніць?


А наогул, што ж гэта такое — пакаранне дзіцяці?

Я не кажу аб мерах фізічнага ўздзеяння на дзіця: з гэтым усё зразумела і такія меры пакарання не трэба дапускаць ні ў якім разе. Але ж ёсць іншыя спосабы...

Калі бацькі ставяць дзіця ў куток — гэта, вядома ж, пакаранне. Альбо калі не пускаюць гуляць з сябрамі, пакідаюць без салодкага, не размаўляюць з ім па некалькі гадзін — гэта ўсё меры пакарання. І яны, вядома ж, нейкім чынам уздзейнічаюць на дзіця...

Вось толькі што прыносіць гэтае ўздзеянне: карысць альбо шкоду?

Калі бацькі ставяць сваё дзіця ў куток альбо пакідаюць без абяцаных раней ласункаў, яны нават не задумваюцца, што ў гэты час творыцца ў душы маленькага чалавечка. Бо ён жа яшчэ мала задумваецца над сваімі дзеяннямі і ў пакаранні (справядлівым з пункту гледжання бацькоў) можа ўбачыць толькі гвалт і несправядлівасць да сваёй маленькай асобы з боку самых родных і блізкіх яму людзей. І гэта, вядома ж, падарве давер і шчырыя ўзаемаадносіны, якія заўсёды павінны існаваць паміж бацькамі і дзецьмі...

Дык што, адмяніць пакаранні наогул?

Ведаеце, гэта быў бы найлепшы варыянт. Але, на жаль, у жыцці ўсялякае бывае. І дзеці, якім усё дазваляецца, у будучым могуць даставіць шмат клопатаў бацькам, ды і не толькі. Таму пакаранні былі, ёсць і будуць. Вось толькі прымяняць іх трэба правільна і як мага радзей.

Пакаранне для дзіцяці азначае, што ім парушаны нейкія правілы, якія парушаць нельга. Але, перш чым караць дзіця за парушэнні тых ці іншых правілаў, неабходна ўпэўніцца ў тым, што яму аб гэтых самых правілах вядома. Бо калі дзіця не ведае, што тое ці іншае рабіць нельга, дык ці можна караць за няведанне?

А яшчэ бацькі павінны быць паслядоўнымі. Бо калі ўчора за нейкі праступак дзіця пакаралі, а сёння ён зрабіў тое ж самае і ўсё сышло з рук (проста ў бацькоў учора быў кепскі настрой, а сёння ён значна лепшы), то карысці ад такога пакарання не будзе ніякай. А вось шкода будзе, і вялікая, бо дзіця элементарна заблытаецца ва ўласнай ацэнцы сваіх паводзін...

Вельмі важна, каб пакаранне было «прапарцыянальным» праступку, і не трэба зрываць на дзіцяці ўласнае раздражненне, злосць альбо элементарную стомленасць. І ні ў якім разе нельга зневажаць дзіця, здзекавацца альбо насміхацца з яго. Маленькі чалавечак павінен добра разумець, што бацькі лічаць дрэнным не яго самога, а толькі яго кепскі ўчынак...

Не трэба кідацца і ў іншую крайнасць: спачатку прызначыць пакаранне, а потым, уступаючы жаласнаму плачу дзіцяці, гэтае ж пакаранне адмяніць. Дзеці такое вельмі хутка схопліваюць і пачынаюць разумець, як сябе паводзіць у падобнай сітуацыі. Крыху слёз, жаласлівы выгляд — і можна свавольнічаць колькі душа пажадае, не баючыся наступстваў.

І, вядома ж, пакаранне павінна быць своечасовым, як кажуць, «па гарачых слядах», інакш дзіця можа паспець забыцца аб сваім праступку і шчыра не будзе разумець, за што ж гэта бацькі яго караюць. Яшчэ важна, каб пакаранне за нейкі канкрэтны праступак азначала, што бацькі з гэтым праступкам ужо разабраліся канчаткова, і не трэба праз нейкі час пасля пакарання зноўку і зноўку напамінаць дзіцяці аб яго «ранейшых грахах», штодня папракаць гэтым.

Паўтараю, усё вышэйпералічанае адносіцца да пакаранняў, якія не прадугледжваюць фізічнага ўздзеяння на дзяцей. Бо такія віды пакарання наогул не павінны прымяняцца ні ў якім выпадку!

Мы здзіўляемся, чаму так шмат злосці і агрэсіўнасці ў некаторых сучасных дзецях. А яна, гэтая дзіцячая агрэсіўнасць — проста заканамерны адказ на агрэсіўнасць дарослую...

 30-35

Але ж ці ўсе бацькі з гэтым згодны?

Дарослае жыццё няпростае, і ў ім заўсёды прысутнічаюць нейкія праблемы, стрэсы, незадаволенасць сваім жыццёвым становішчам. І тут уласнае дзіця можа стаць «казлом адпушчэння». Яно заўсёды пад рукой, яно маленькае і безабароннае. І на ім так лёгка зрываць уласнае раздражненне і злосць. Часам дастаткова самага бяскрыўднага капрызу альбо непаслухмянасці з боку маленькага чалавечка, каб бацька альбо маці згубілі над сабой усялякі кантроль і...

Так, ударыць дзіцяці куды прасцей, чым цярпліва пагаварыць з ім, паспрабаваць растлумачыць, што ж ён толькі што зрабіў не так і чаму гэтага рабіць не трэба было. Але ж для такога падрабязнага тлумачэння патрэбна вялікае цярпенне, а яшчэ — час... А дзе ж яго ўзяць, гэты час, калі прыходзіш з работы стомлены, ды і дома цябе чакае шмат нявырашаных праблем і пытанняў.

А потым мы здзіўляемся, чаму так шмат злосці і агрэсіўнасці ў некаторых сучасных дзецях. А яна, гэтая дзіцячая агрэсіўнасць — проста заканамерны адказ на агрэсіўнасць дарослую...

Тыя, каго ў дзяцінстве часта і моцна білі, ніколі не даруюць гэтага сваім крыўдзіцелям. І на ўсё жыццё застанецца ў іх душах псіхалагічная траўма, якая потым будзе вельмі перашкаджаць ім у дарослым жыцці. І вельмі часта такія, дарослыя ўжо людзі свядома будуць зрываюць злосць і крыўду за ўсе свае дзіцячыя слёзы і пакуты на ўласных дзецях. І так будзе доўжыцца і доўжыцца ланцуг зла, ад якога мы, людзі, ніяк не можам канчаткова адмовіцца.

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».