Незаконная перапланіроўка ледзь не прывяла да трагедыі
У кватэры на другім паверсе двухпавярховага цаглянага васьмікватэрнага дома, што ў Хойніках, столь упала на падлогу. Здарэнне адбылося позна вечарам, але, на шчасце, людзі знаходзіліся ў суседнім пакоі і не пацярпелі. У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС расказалі, што столь абвалілася на плошчы 9 квадратных метраў.
Дом, які знаходзіцца на балансе КЖУП «Хойніцкі Камунальнік», пабудаваны амаль 60 гадоў таму і спачатку быў абсталяваны пячным ацяпленнем. Аднак ужо гадоў 20 цяпло ў двухпавярховік падаецца цэнтралізавана — ад кацельні. Намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Анатоль Гура патлумачыў, што гаспадары без узгаднення з адпаведнай службай дэманціравалі частку печкі ў сваёй кватэры, але не ўлічылі, што частка цаглянай трубы знаходзіцца на гарышчы. Як лічаць спецыялісты, гэта і справакавала абвальванне драўлянага перакрыцця.
Дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргей Несцярэнка расказаў, што правераны не толькі кватэры ў гэтым доме, але і ў двух суседніх, якія маюць аналагічныя асаблівасці.
—Мы пераканаліся, што такіх парушэнняў больш няма. У кватэры па вуліцы Нікалаева, дзе адбылося здарэнне, жыхары прыбралі сярэднюю частку грубкі, каб на гэтым месцы ўладкаваць камп'ютарны стол для дзіцяці.
Жанчына, якая выхоўвае дзвюх дзяўчынак 8 і 12 гадоў (адна з іх — інвалід), ад размовы адмовілася, спасылаючыся на тое, што перанесла шок падчас здарэння. Зараз сям'і прадастаўлена часовае жыллё з манеўровага фонду горада. Адселены таксама жыхары з кватэры на першым паверсе. Камунальнікі праводзяць неабходныя рамонтныя работы, заплаціць за якія давядзецца гаспадыні кватэры. Між іншым, яе чакае і вялізны штраф за самавольную перапланіроўку.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.