Вы тут

«Навукаманія»: адарвацца ад экрана немагчыма


Як вырошчваюцца ствалавыя клеткі? Што ўяўляюць сабой ДНК-пашпарты? Чым выклікана неабходнасць будаўніцтва Беларускай АЭС? Як Беларусь стала касмічнай дзяржавай? На гэтыя і многія іншыя пытанні беларускія гледачы змогуць знайсці адказ на тэлеканале «Беларусь 3», дзе 7 верасня стартуе прэм'ерны паказ цыкла «Навукаманія».

Прэс-прэзентацыя новага праекта прайшла ў штабе беларускай навукі — Акадэміі навук з удзелам членаў прэзідыума акадэміі, якія не ўтойвалі сваёй удзячнасці за зробленую журналістамі работу.

—Гэта вялікае мастацтва — казаць простай і даступнай мовай пра складанае, — лічыць галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук, доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт Аляксандр КІЛЬЧЭЎСКІ. — За апошнія гады прэстыж прафесіі вучонага моцна пахіснуўся ў беларускім грамадстве. Але, калі мы фарміруем эканоміку ведаў, то як можам гэта зрабіць без вучонага? Вельмі важна, каб у навуку прыходзіла моладзь. А прыцягнуць туды маладых людзей можна не толькі заробкам, але і магчымасцю самарэалізавацца ў любімай справе. Мы павінны ствараць для іх такія ўмовы, адкрываць перад імі захапляльны свет беларускай навукі, каб «заразіць» іх вірусам даследаванняў.

—Праграма пра навуку ні ў якім разе не можа быць сумнай, хоць для многіх навука і нуда — словы-сінонімы. Насамрэч, такое меркаванне трэба разбураць, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь ДАВЫДЗЬКА. — Навука — гэта прыгоды, азарт, пагоня, дэтэктыў і не інакш. Мы жывём у час барацьбы розумаў: раней на планеце была барацьба ўзбраенняў і палітычных ідэй, а сёння ўсе войны выйграюць не палітыкі і ваенныя, а навукоўцы. Стварэнне цыкла перадач пра дасягненні беларускай навукі і яе перспектывы было прамым даручэннем кіраўніка нашай дзяржавы. Трэба, каб беларусы ведалі не толькі выбітных беларускіх спартсменаў ці дзеячаў культуры, але і тых, хто рухае наперад прагрэс, хто ўзвы-
шае нашу нацыю.

У апошнія дзесяць ці нават дваццаць гадоў навука і вучоныя неяк зніклі з тэлевізійнай прасторы, прычым не толькі ў нашай краіне, але і ў суседніх. І сёння навукоўцы з сумам прыгадваюць перадачу «Відавочнае — неверагоднае», якую віртуозна ствараў акадэмік Сяргей Капіца. Знік з расійскага тэлебачання і тэлепраект «Цывілізацыя».

«Навука — гэта прыгоды, азарт, пагоня, дэтэктыў і не інакш. Сёння ўсе войны выйграюць не палітыкі і ваенныя, а навукоўцы...»

Цыкл праграм «Навукаманія» ствараўся ў жанры журналісцкага расследавання, каб захапіць увагу гледачоў і не адпускаць яе да канца. Кожная з 12 праграм цыкла прысвечана аднаму з кірункаў у беларускай навуцы. Трансплантацыя органаў і высокія тэхналогіі, фармацэўтыка і трансгенныя расліны, космас і першая атамная электрастанцыя — вось далёка не поўны спіс тэм перадач.

Гледачы канала змогуць адкрываць для сябе свет беларускай навукі раз на тыдзень, па нядзелях. Першая праграма «Праз церніі да зорак» выйдзе 7 верасня ў 12.55. Яна раскажа пра поспехі беларускай навукі: даследаванні космасу, распрацоўку медыцынскіх прэпаратаў, новыя спосабы перапрацоўкі нафтапрадуктаў, стварэнне імпартазамяшчальнай прадукцыі, будаўніцтва Беларускай АЭС, прымяненне навуковых адкрыццяў для захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у тым ліку і пра тэхналогію стварэння слуцкіх паясоў.

Немалаважна, што паглядзець цыкл «Навукаманія» змогуць і гледачы спадарожнікавага тэлеканала «Беларусь 24», які вяшчае за межы краіны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?