Вы тут

Мары колеру cонца


Сотня жоўтых паветраных шароў расквеціла неба над сталічным паркам імя Горкага. Гэтая, ужо традыцыйная, цырымонія абазначала не толькі развітанне з летам, але і вітанне новага жыцця. Бо галоўнымі ўдзельнікамі адмысловага свята «Пуз-парад 2014» сталі будучыя мамы і таты, гатовыя падзяліцца сваёй радасцю з іншымі.

9-7

«Гэта адзін з самых светлых і добрых нашых праектаў, і мяне асабіста вельмі радуе, што з кожным годам ён павялічвае маштаб, — падзялілася арганізатарка свята, кіраўніца партала prazdnіk.by Алеся Какошнікава. — Першы раз да нас прыйшлі 36 будучых мам, а цяпер, на чацвёртым па ліку парадзе, іх ужо больш за сто, прычым многія прыехалі з рэгіёнаў, а некаторыя далучыліся да нас спантанна, проста гуляючы па парку з сям'ёй».

Вылучыць удзельніц парада сярод вялікай колькасці прысутных гасцей было нескладана нават здалёк — па ярка-жоўтых, сонечных майках, нагавіцах, сукенках, сумках і падораных арганізатарамі стыльных жоўтых парасонах. У жоўтае апрануліся не толькі жанчыны, але і многія мужы і дзеці тых удзельніц, хто ўдзельнічае ў «Пуз-парадзе» не ўпершыню. Такі своеасаблівы дрэс-код выбраны невыпадкова: як сімвал цеплыні і радасці, а таксама, па некаторых звестках, як пазітыўны колер адзення, які найчасцей выбіраюць менавіта цяжарныя.

9-8

На гэты раз свята мацярынства атрымалася надзвычай багатым на падзеі. Так, у канцэртна-забаўляльнай праграме для гасцей выступалі вядомыя беларускія артысты, дзіцячы клуб эстэтычнай гімнастыкі «Сільфіда», клоўн Моці і яго забаўныя дрэсіраваныя сабачкі, а таксама маэстра захапляльнай хіміі Леапольд Мазгакруцікаў. Без пяці хвілін мамы з задавальненнем удзельнічалі ў шматлікіх тэматычных конкурсах: вучыліся гатаваць карысныя супчыкі і пюрэ, адгадваць на смак інгрэдыенты дзіцячага харчавання, узгадвалі факты пра ўплыў розных прадуктаў на развіццё немаўляці, вучыліся складаць бурымэ і дэманстравалі «мастацкую экспазіцыю» малюнкаў на жывоціках. Шмат каго зацікавілі таксама майстар-класы па выкарыстанні слінгаў і адкрытыя ўрокі ёгі для цяжарных. І, натуральна, асобна рыхтаваліся ўдзельніцы да прафесійнай фотасесіі, якую атрымалі ў падарунак ад арганізатараў «Пуз-парада». Тым часам дзеці малявалі на асфальце дом, кветкі і шчаслівых бацькоў — кожны сваіх.

9-6

Не давялося сумаваць і будучым татам: самыя смелыя з іх праверылі на сабе, ці проста «з жыватом» выконваць такія нескладаныя, здавалася б, дзеянні, як завязаць шнуркі ці падмесці падлогу. «Пасля гэтых конкурсаў я яшчэ раз зразумеў, што цяжарнасць, безумоўна, не хвароба, але такі стан, які патрабуе асаблівага клопату і ўвагі з боку навакольных, і пачаў яшчэ больш любіць і шанаваць сваю жонку, якая на восьмым месяцы ўсё паспявае па гаспадарцы і яшчэ нас падбадзёрвае», — прызнаўся мінчанін Аляксей.

Тым жа сямейным парам, якія толькі плануюць нарадзіць дзіця ў будучыні, прапаноўвалі павязаць ружовыя ці блакітныя стужкі на сімвалічных «дрэвах жаданняў» — так бы мовіць, для ўзмацнення пасылу да рэалізацыі мары. У фінале ж свята па традыцыі прагучаў яго гімн — песня «У чаканні цуду», напісаная таленавітай спявачкай і ўжо двойчы мамай Нінай Багданавай.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота аўтара
і Сяргея Нікановіча.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?