Вы тут

З караваем і песняй


адзначылі галоўнае свята хлебаробаў Брэстчыны ў Пінску

Крыху больш за тыдзень таму давялося быць у Пінску і назіраць, як шчыруюць будаўнікі на вуліцах горада. Думалася тады: няўжо паспеюць да свята? Але ж паспелі. Старажытны горад сустрэў гасцей раніцай 6 верасня — памаладзелы і пасвяжэлы. І нездарма Пінск так прыхарошваўся да «дажынак». Яны прайшлі з размахам, ніколькі не меншым, чым рэспубліканскае свята. І гэта было не толькі афіцыйнае, але і сапраўды народнае святкаванне.

9-12

Напачатку хлебаробаў блаславіў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Каля галоўнага праваслаўнага храма горада прайшоў урачысты малебен у гонар працаўнікоў вёскі.

Вялікі кірмаш разгарнуў свае шатры на некалькіх вуліцах адразу. Спецыялісты адзначылі, што агульная плошча гандлёвых радоў склала каля 12 тысяч квадратных метраў. Чаго тут толькі ні было! Як брэндавыя прадпрыемствы Брэстчыны, так і невялікія прыватныя фірмы здзіўлялі фантазіяй, навізной у падыходах да простай на першы погляд справы гандлю. У палатках многіх спажыўтаварыстваў кожны пакупнік разам з пакупкай атрымліваў памятны сувенір. А ў павільёне «Савушкавага прадукту» можна было пагуляць кубкамі са смятанай на дошцы — але не ў шахматы, а ў «смяшашкі», і выйграць смачную прадукцыю.

9-13

Парадавалі разнастайнымі сувенірамі народныя майстры і рамеснікі. Некаторыя з іх не толькі прадавалі прадукцыю, але і праводзілі майстар-класы, напрыклад, па ганчарнай справе альбо па ткацтве.

Пінск — вялікі горад, гэта таксама наклала свой адбітак на свята. У адным месцы сабралася шмат людзей, таму было разгорнута і шмат выязных вулічных кавярняў, дзе гараджане і госці сядзелі, адпачывалі, слухалі музыку. Тых, хто на падобных мерапрыемствах прывык падаваць сябе не толькі кубкам кавы або чаго мацнейшага, чакала культурная праграма. І не толькі на пляцоўках «дажынак». Працавалі ўсе шматлікія музеі горада. А яны ў Пінску даволі цікавыя. Так, Музей беларускага Палесся спецыяльна да свята прымеркаваў адкрыццё выставы музычных інструментаў майстроў Піншчыны. Аматары славутасцяў маглі пайсці, напрыклад, на стары мост праз Піну, дзе з'явілася велізарная копія старадаўняй гравюры з выглядам Пінска мастака Яўгена Сасюры.

З сёлетніх «дажынак», дарэчы, адным помнікам у сталіцы Палесся стала больш. На вуліцы Леніна ўрачыста адкрылі помнік хлебу.

—Сёння на Берасцейшчыне з'явіўся першы помнік хлебу, — сказаў пры яго адкрыцці старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР. Дарэчы, губернатар спрычыніўся да эскіза помніка на этапе яго вырабу. Падчас аднаго з наведванняў Пінска кіраўнік вобласці забракаваў эскіз, які быў падрыхтаваны, і намаляваў свой. Па гэтым малюнку і быў зроблены бронзавы бохан з нарэзанымі кавалкамі побач са снапом жытнёвых каласоў. Каравай ляжыць на пастаменце, дзе прымацавана таблічка з вершаваным прысвячэннем працаўнікам-хлебаробам.

 

 

 

9-11

Іх і ўшаноўвалі на галоўнай сцэне абласных дажынак. Герояў дня павіншавалі віцэ-прэм'ер краіны Пётр ПРАКАПОВІЧ, міністр сельскай гаспадаркі Леанід ЗАЯЦ. У сваёй вітальнай прамове Канстанцін Сумар адзначыў, што сёлета сабраны рэкордны ўраджай збожжавых — 1 мільён 452 тоны. Абсалютным лідарам па ўраджайнасці стала ААТ «Агра-Кобрынскае»: 75 цэнтнераў з гектара збажыны! Па валавым зборы сярод гаспадарак вызначыліся птушкафабрыка «Дружба» і Баранавіцкая птушкафабрыка, а таксама СВК «Узыходзячая зара» Кобрынскага раёна. Чатыры экіпажы камбайнераў намалацілі больш за тры тысячы тон кожны. Усе яны, як і хлебаробы вобласці ў цэлым, сталі героямі дня на гэтым свяце.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.