Завяршылася першая выязная серыя мінскага «Дынама» ў новым сезоне КХЛ
З дзевяці магчымых ачкоў беларускія «зубры» ўзялі толькі два. Першым сапернікам у новым сезоне для мінчан стаў фінскі «Ёкерыт», дэбютантаў КХЛ нашы хакеісты абыгралі ў авертайме 4:5. Сапраўдным героем паядынку стаў навічок «Дынама» Джонатан Чычу: ён закінуў тры шайбы і аддаў дзве галявыя перадачы. Вырашальны гол у вароты «Ёкерыта» ў дадатковы час забіў яшчэ адзін дынамаўскі легіянер Мэт Элісан. Каманда паказала добрую гульню, асабліва ў няроўных складах, што і адзначыў пасля матча галоўны трэнер «зуброў» Любамір Покавіч.
— Пачатак аказаўся вельмі цяжкім: две меншасці запар, у адной з якіх мы прапусцілі гол. Але мы ўсё роўна чапляліся да канца. Перш за ўсё, нам дапамагла наша большасць. У канцы ў авертайме ў саперніка быў шанц усё вырашыць, калі гаспадары мелі перавагу. Але потым на аднаго гульца болей было ў нас, і мы вырашылі зыход сустрэчы.
Наступны прыпынак мінчан адбыўся ў Рызе. На лёд з мясцовым «Дынама» выйшаў наш капітан Аляксей Калюжны, які аднавіўся пасля складанай аперацыі. Паядынак атрымаўся роўны, абедзве каманды мелі шмат галявых момантаў, аднак рыжане рэалізавалі іх лепш, таму і перамаглі з лікам 4:2. На лёдзе ў складзе мінскага «Дынама» зноў саліравалі легіянеры, шайбы ў вароты рыжан закінулі Джонатан Чычу і Пол Шчэхура. Лідар «зуброў» Джонатан Чычу быў прызнаны лепшым нападаючым першага тыдня КХЛ.
— Дзіўны матч. Быццам бы пачалі добра, закінулі, вялі ў ліку. Гулялі выдатна, але затым пачалі зарабляць выдаленні, і гаспадары скарысталіся большасцю. Другі гол рыжан стаў для іх самым важным, але ключавую ролю, лічу, адыгралі гэтыя самыя выдаленні. Яны надалі саперніку імпульс, і рыжане закінулі пару шайбаў. Наогул, лічу, у стартавых матчах «Дынама» глядзелася добра. Цяжка супрацьстаяць камандам, якія праводзяць першыя хатнія матчы сезона — гэта дае сапернікам дадатковую энергію. У стартавых перыядах абедзвюх сустрэч гулялі ўпэўнена. У Хельсінкі выдатна выступілі ў большасці, таму і перамаглі. А ў Рызе ў колькаснай перавазе паспяхова дзейнічалі гаспадары. Часам вырашальнымі аказваюцца менавіта такія фактары, — адзначыў Джонатан Чычу.
Апошні паядынак першай выязной серыі хакеісты мінскага «Дынама» правялі з піцерскім СКА. У гэтым матчы сваё слова нарэшце сказалі і беларускія гульцы. У КХЛ за «Дынама» дэбютаваў Арцём Волкаў, вароты выдатна абараняў Дзмітрый Мільчакоў, а шайбы на рахунку Дзмітрыя Мялешкі і Артура Гаўруса. Аднак гэта не дапамагло зарабіць мінчанам яшчэ тры ачкі. Пры ліку 3:2 на карысць піцерцаў Любамір Покавіч зняў варатара, што дазволіла гаспадарам закінуць яшчэ дзве шайбы. Часу на тое, каб адыграцца, ужо не заставалася.
— Думаю, што гульня была цікавая не толькі для заўзятараў, але і для камандаў. Вынік доўга быў роўным, мы да апошніх секундаў спрабавалі зраўняць. У нас было некалькі вельмі добрых момантаў, нават у пустыя маглі забіць, але не атрымалася. Мы рыхтаваліся да гульні ўшасцёх у канцы матча, у нас было некалькі добрых момантаў, калі завяршалі камбінацыю кідком, два разы амаль пацэлілі, але не атрымалася ў выніку, — адзначыў Покавіч.
Наступныя матчы «Дынама» правядзе ў Мінску: 12 верасня нашы хакеісты сустрэнуцца з «Атлантам», 14‑га — з ЦСКА, 18‑га — з «Поўначсталлю»; завершаць хатнюю серыю мінчане гульнёй супраць «Тарпеда» з Ніжняга Ноўгарада.
Як праявілі сябе іншыя беларусы
ў першы тыдзень новага сезона КХЛ
Андрэй Сцяпанаў стаў аўтарам першага беларускага гола ў новым сезоне КХЛ, пазней яго ж шайба дапамагла «Нафтахіміку» перамагчы «Трактар».
Андрэй Стась у гульні супраць «Дынама» з Масквы каньком адправіў шайбу ў вароты свайго армейскага клуба.
Джэф Плат закінуў дзве шайбы і аддаў галявы пас у гульні з рыжскім «Дынама», што дапамагло «Лакаматыву» перамагчы.
Дзве шайбы Андрэя Касціцына дапамаглі «Трактару» абыграць «Тарпеда».
Дар'я Лабажэвіч.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.