Вы тут

Дзяўчына з італьянскім тэмпераментам


Вядучая Вольга Рыжыкава лічыць,  што ў кадры і за кадрам галоўнае — заставацца чалавекам

Яна вось ужо амаль тры гады дзеліцца добрым настроем з гледачамі «Добрай раніцы, Беларусь» на тэлеканале «Беларусь 1». Не першы год вітае прыхільнікаў і гасцей фестывалю «Славянскі базар» на канцэртнай сцэне. Піша песні і спявае сама ў гурце Da Vіncі. А некалькі месяцаў таму адкрыла ўласную справу. І, як яна сама заўважае, працяг абавязкова будзе!..

—Вольга, якімі падзеямі парадавала лета ў гэтым годзе?

—Думаю, сёлета яно было ў мяне знакавым. Самая яркая падзея ў маёй асабістай біяграфіі — адкрыццё кавярні ў сценах Белтэлерадыёкампаніі. Я рыхтавалася да гэтага паўгода і так супала, што менавіта летам мы з камандай аказаліся гатовымі, каб прымаць людзей. Безумоўна, яскравай падзеяй застаецца «Славянскі базар». Гэтым разам мне даверылі весці канцэрт адкрыцця фестывалю… Яшчэ, як ні дзіўна, я шмат ездзіла па свеце, але ніколі не была ў Іспаніі. І вось нарэшце туды паехала. Перад паездкай крыху засмуцілася, бо гэтае лета там палічылі самым халодным за апошнія 30 гадоў, але, як высветлілася, не знайсці лепшага надвор'я для славянскага чалавека. Сонца свеціць, 30 градусаў, прачынаешся ўвесь час у добрым настроі — і цябе чакае мора. Выходзь і з асалодай бяры ад жыцця ўсё…

Канцэрт доўжыцца і тры, і чатыры гадзіны, а трэба не губляць градусу настрою і разумець: ты як гаспадар у доме, які, прымаючы гасцей, дакладна ведае, каму зрабіць чай, а каго можна ўжо спаць пакласці.

12-1

—Як вам у ролі бізнесвумен?

—Яна для мяне абсалютна новая. Усім займаюся самастойна, але ёсць добрая каманда, дзе і бармен, і кухар, і адміністратар — словам, поўны штат людзей, каб наша ўстанова жыла. Лічу, кожны павінен займацца сваёй справай, аднак у многія нюансы справы за гэты час ужо ўнікла. Зразумела, не магу, напрыклад, адсочваць усе змены ў заканадаўстве ў гэтай сферы, таму не абысціся без дапамогі юрыста. Са свайго боку, як чалавек, які шмат вандраваў, я дакладна разумею, чаго патрабаваць ад сваёй каманды, і маю ўяўленне, што спадабаецца нашым наведвальнікам. Не ўсё можна зрабіць адразу, і мы дапрацоўваем нейкія моманты.

—Вандруючы па свеце, як ставіцеся да кухні той ці іншай мясцовасці?

—Дзе б я ні была, не раблю з ежы культу, а ўспрымаю яе проста як сродак для падтрымання жыццядзейнасці арганізму. Знаходзячыся недзе за мяжой, зразумела адну рэч: хочаш паесці сытна — выбірай італьянскую альбо нямецкую кухню. Кажуць, для чалавека наогул найбольш карысныя тыя прадукты, якія растуць альбо вырабляюцца ў мясцовасці, дзе ён нарадзіўся. Таму ў вандроўках, напрыклад, па Азіі альбо Афрыцы іншы раз, магчыма, не варта эксперыментаваць са стравамі, каб не сапсаваць падарожжа дрэнным самаадчуваннем.

—Тое, што ваш дзень пачынаецца з ранішніх эфіраў, неяк уплывае на яго працяг?

—Мой працоўны дзень пачынаецца а пятай раніцы, а ў дзевяць гадзін, калі многія толькі ідуць на працу, я ўжо вяртаюся адтуль. Часам знаёмыя цікавяцца, ці адаптавалася я да такога графіку? Да такога нельга прывыкнуць, хоць і працую на праграме я ўжо амаль тры гады. Але я люблю сваю працу, мне падабаюцца прамыя эфіры. Экран — як лакмусавая паперка, дзе адразу відаць, які ты. Тут самае галоўнае, ці зможаш ты застацца перад вокам камеры самім сабой… Калі выходжу з офіса, то нейкі час яшчэ адчуваю бадзёрасць, а потым стараюся планаваць свой дзень так, каб была магчымасць некалькі гадзін паспаць. А там гадзін з дзвюх — новы рывок. Адчуванне, быццам за адзін дзень пражываеш два.

—Працяглы час у эфіры «Добрай раніцы» вы былі з Дзянісам Дудзінскім, а з нядаўніх пор побач з вамі ў кадры Глеб Давыдаў…

—З Глебам, як мне здаецца, мы вельмі пасябравалі. У нас няма момантаў, дзе мы б не разумелі адно аднаго. Наколькі мы гарманічна глядзімся ў кадры, лепш відаць збоку. У эфіры ён, як сапраўдны мужчына, сочыць не толькі за сабой, але ў любы момант можа выратаваць свайго партнёра. А за кадрам і каву зварыць, і заўсёды пацікавіцца, як жыццё.

—Што патрэбна вядучаму, каб не адчуваць дыскамфорту? У прыватнасці, на сцэне?

—Калі ў ранішнім эфіры вядучы — гэта хутчэй мадэратар, то канцэрты — зусім іншая гісторыя. На тым жа «Славянскім базары», дзе гук мікрафона разлятаецца па ўсім амфітэатры, трэба працаваць інакш. Аднак галоўнае для вядучага, незалежна ад месца працы, каб ён любіў сваю справу, жыў ёю. Бывае, канцэрт доўжыцца і тры, і чатыры гадзіны, а трэба не губляць градусу настрою і разумець: ты як гаспадар у доме, які, прымаючы гасцей, дакладна ведае, каму зрабіць чай, а каго можна ўжо спаць пакласці. Вядучы задае настрой усяму мерапрыемству, таму для поспеху патрэбен не толькі прыгожы касцюм, макіяж і ўменне правільна назваць прозвішчы артыстаў. Важна ўмець падрыхтаваць гледача да сустрэчы з артыстам, згладзіць нейкі недахоп арганізатараў альбо тэхнічную перашкоду — вось дзе праяўляецца майстэрства! Роля пастаноўшчыка, рэжысёра заканчваецца з пачаткам канцэрта. Далей сцэнарый у тваіх руках: як ты яго данясеш, такой і будзе святочная атмасфера.

—Наколькі важная роля музыкі ў вашым жыцці?

—Як мінімум яна — гэта адна з магчымасцяў зарабляць. Ігры на фартапіяна я прысвяціла 13 гадоў жыцця. Цяпер ужо не іграю на ім, але інструмент пераязджае са мной з месца на месца. І тут, як з людзьмі, нельга проста закрэсліць перыяд свайго жыцця і зрабіць выгляд, што яго не было. Я амаль штодня сутыкаюся з музыкай: калі пішу песні, на канцэртах… Бывае, нават гляджу рэкламу і вызначаю, якая там мелодыя выкарыстана. Таму музыка — такі багаж, які я маю і нясу з сабой па жыцці. Аднойчы здарылася са мной вось якая гісторыя. На «Славянскім базары» ўжо пасля конкурсу мы апынуліся на закрытым прыёме з членамі журы. Тады старшынёй там быў Дунаеўскі. Ён пайшоў на балкон пакурыць, а я села за раяль і пачала іграць. А калі Максім Ісаакавіч непрыкметна вярнуўся і паслухаў мяне, то мы пачалі музіцыраваць у чатыры рукі. Гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі я падумала: варта было столькі вучыцца, каб сыграць з ім.

—Вы ўдзельніца гурта Da Vіncі, які спявае на італьянскай мове. Музыка якіх італьянскіх выканаўцаў вам падабаецца?

—Адрыяна Чэлентана для мяне, мабыць, лідар. У яго адчуваецца свабода ва ўсім: у голасе, у манеры апранацца, у паводзінах. Мне здаецца, што б ён ні зрабіў — гэта будзе глядзецца, бо ў яго свой адметны стыль. На сучаснай італьянскай эстрадзе, на жаль, не заўважаю яркіх выканаўцаў. Нават у «Еўрабачанні» краіна не ўдзельнічала некалькі гадоў. Італія закрытая і самадастатковая, але там умеюць цаніць сваіх і даказваць, што яны лепшыя.

—Вам як жанчыне ўласціва нешта італьянскае?

—Магчыма, падабенства прысутнічае ў тэмпераменце, таму што я таксама люблю жэсты, бываю вельмі эмацыянальнай і імпульсіўнай, калі распавядаю пра нешта. А пра знешнасць магу сказаць, што яна ў мяне ўніверсальная, і нават у замежных краінах (у Еўропе альбо на Усходзе) мяне часта прымаюць за мясцовую.

—Цяга да авантурызму пры выбары спосабу адпачынку па-ранейшаму ўласціва вам?

—Па скалах лазіць перастала пасля ўзыходжання ў Крыме, зразумела — гэта не маё. У рэальных умовах аказалася не гатовай, каб маё жыццё «вісела на вяроўцы». Пад ваду апускалася неаднаразова — люблю дайвінг. Часам задумваюся пра тое, што ў жыцці нас падсцерагае шмат нечаканасцяў, і, можа, праз гэта ў мяне спрацоўвае інстынкт самазахавання. Цяпер жыву іншымі інтарэсамі: вучуся танцаваць лаціну, хацела б працягваць развіваць бізнес, рэалізоўваць сябе ў напісанні песень. Такія рэчы вельмі захапляюць, узнікае жаданне спрабаваць увесь час нешта новае.

—Ці верыце вы ў лёс?

—Веру, а цяпер асабліва, бо гэты год быў дастаткова складаным у многіх момантах. У жыцці, калі нешта страчваецца ў адным месцы, дадаецца ў іншым. Сёння я адчуваю сябе абсалютна шчаслівай, таму што ёсць праца, якая мне падабаецца, магчымасць рэалізоўваць свае ідэі, нягледзячы ні на што. Побач ёсць людзі, якія заўсёды падтрымаюць. Думаю, усё гэта падарункі лёсу. Мы іх атрымліваем часцей за ўсё ў тыя моманты, калі не чакаем. І ўсё наладжваецца.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?