Соль


Калі забівалі парсюка і назаўтра накроенае сала дастаткова застывала, бацька гукаў маці і прасіў прынесці соль. Матуля хуценька паварочвалася і праз колькі хвілінак прыносіла з кладоўкі поўна насыпаны гарнец. Гэтая няхітрая дзея паўтаралася з году ў год. Здавалася, соль у нас невыводная, нібыта радовішча якое ў той кладовачцы месціцца. Калі памёр бацька і я наездамі трохі дапамагаў маці па гаспадарцы, дык падчас упарадкавання свежаніны цяпер ужо ў мае рукі перадавала яна соль. Дзе тая соль захоўваецца, у якім кутку, колькі яе, я ніколі не цікавіўся. А потым і наогул нагоды не стала: мама аслабела, катух у хляве, дзе звычайна рохкаў парсючок, каторы год пуставаў. Але аднойчы нечакана зварухнулася стрэмка ў маёй памяці, кальнула — і я папрасіў маці паказаць сваю схованку.

У Бібліі з пераліку галоўных патрэб для жыцця чалавека вось які ланцужок падаецца: вада, агонь, жалеза, соль, пшанічная мука, мёд, малако, вінаградны сок, алей і вопратка.

Соль ляжала ў шчыльнай скрынцы, у папяровым мяшку. Узяў, насыпаў на далонь — буйная, як зоркі ў ясную ноч. Таму і не зляжалася за доўгі час у камень.

— З якіх гадоў яна тут? — спытаўся я ў мамы.

— Мусіць, з саракавых, пасляваенных, ці з пачатку пяцідзясятых...

12-6

Навучаныя вайной, мае бацькі, як і ўсе аднавяскоўцы, рабілі запас «на новае гора» — а раптам грымне з якога боку, растрэскаецца неба, як яечная шкарлупка...

Узяў я тады пару прыгаршчаў матчынай солі з сабой у горад, знайшоў адмысловы шкляны посуд са шчыльнай, таксама празрыстай накрыўкай, напоўніў яго прывезенай соллю і паставіў на пісьмовы стол, каб закрышталізаваная памяць падсольвала душу...

Жыццё пасолена самім Богам — праз акіян, у якім яно зараджалася. Салёная слязіна гора ды чырвоны цурок крыві змагання — красамоўныя знакі вяртання ў той самы, першаісны акіян вечнасці. Мы вяртаемся ў акіян, а ў зямлю — толькі выпетраныя парэшткі.

Жменька солі, распушчаная ў кіпені, зноў з'яўляецца пасля выпарэння вады — драбок да драбка, колькі й было. Нязводнасцю, неабсяжнасцю запасаў у свеце соль прымерваецца да вечнасці.

Дасведчаныя людзі падлічылі: запас солі на зямлі такі, што ёю можна засыпаць тэрыторыю ЗША слоем вышынёй у дзесяць кіламетраў. Во колькі яшчэ людзей на нашай блаславёнай планеце насоляць сабе гурочкаў, капусткі, воблы ды селядцоў! Калі, вядома, не аддадуць заўчасна Богу душу ў якой-небудзь ліхаманкава развязанай валадарамі свету міжкантынентальнай калатнечы.

А   даўней жа соль была своеасаблівай прысыпкай ад вайны. Падчас панавання смерці, калі кулі, разлётаюцца, як чмялі, не пахарчуешся малымі, купленымі ў краме на дзень кавалачкамі. Штохвілінна трэба думаць аб якіх-кольвечы запасах харчоў. А як іх, тыя запасы, зробіш без солі?.. Да таго ж нішчымныя ацяробкі ў галадуху ці пусты булён без солі папярок горла становяцца. А пасоленыя — які-ніякі, а наедак.

Соль жа, апроч усяго, яшчэ і незаменная прыправа. Дарэчы, заўгодная нават Богу. Старажытныя яўрэі, калі прыносілі свае ахвяры Усемагутнаму, абавязкова падсольвалі іх... (Не падносіць жа яму які праснак.)

Сярод даўнейшых прыкмет беларусаў ёсць і такія: вялікі ўраджай агуркоў, грыбоў хоць касой касі — да вайны. Вялікі запас бяды не чыніць, але бяда, думалі нашы продкі, чуе яго, гэты запас, як хорт звера. Глядзіш, і загрымела неба жалезным громам... А можа, проста навала за навалай хадзілі па нашай зямлі так часта, што супадала іх чарговае насоўванне з такімі шчодрымі гадамі.

Так або інакш, гартаючы старонкі гісторыі, нас можна назваць народам солі. І не толькі таму, што па краі адна за адной гулялі войны і прывучылі людзей да горка-салёнага жыцця. Асноўным наедкам беларусаў большую частку года здавён былі добра прасоленыя (каб даляжалі да Вялічка, а тады пасівералі пад страхой) кумпякі; кіндзюкі і паляндвіца — каб давіселі на гарышчы да прыпарнай касавіцы, калі іх пакрысе не выпрасяць у маці жарлівыя і ласыя на прысмакі сынкі-падлеткі; костачкі ў кубле, каб з іх зноў і зноў варыць булён ці капусту... Адным словам, соль, соль, соль... А яшчэ ж і тая капуста добра прасолена, каб не ўкісла звыш меры ў дзежцы. Тыя ж агуркі, памідоры, грыбочкі — таксама... І дарма, што цяпер на кухнях вурчаць, як каты, халадзільнікі ды маразільнікі: традыцыю, звычкі, якія ўжо ўеліся ў гены, не задушыць аніякі прагрэс.

Калі я ці жонка згатуем якую страву, дык люблю запытацца ў сваёй 90-гадовай мамы — ці смачна?

— Смачна, — звычайна адказвае яна. — І солька чусцьвіцельна...

От жа, солька — самая першая, звыклая і незаменная прыкмета смаку.

Соль, каб вы ведалі, рэчыва біблейскае. У Святым пісанні яна згадваецца звыш пяцідзесяці разоў. Прарок Елісей ёю выток вады ачышчаў. У той сівой старажытнасці соллю пасыпалі і абціралі нованароджаных дзетак — усё, што пасыпана соллю, не псуецца і не прападае!

У Бібліі з пераліку галоўных патрэб для жыцця чалавека вось які ланцужок падаецца: вада, агонь, жалеза, соль, пшанічная мука, мёд, малако, вінаградны сок, алей і вопратка.

Пры зацвярджэнні ўрачыстых дагавораў служкі прыносілі пасудзіну з соллю, і вяршыцелі дзеі бралі ды з'ядалі па колькі драбкоў. Гэта азначала, што саюз будзе цвёрдым, непарушным. (Пры заснаванні СССР, відаць, не пасалілі ў роце.).

Менавіта соль, а не хлеб з царскага стала сімвалізавала ў старажытнасці набліжанасць да каранаванай асобы, саўдзел у дзяржаўных справах. Можа, і нам гасцей трэба сустракаць па-царску — соллю-хлебам, а не наадварот? Прытым прасіць іх не мачаць адламаны кавалачак каравая ў сальнічку, а пасыпаць яго соллю зверху, бо мачаць — дрэнны знак (так рабіў Іуда на Тайнай Вячэры).

Дзеля справядлівасці мушу сказаць, што соль увабрала ў сябе не толькі блаславёнае дабро і лагоду. Яна даволі шкодная пры некаторых захворваннях, а з'ясі звыш меры колькі дзясяткаў грамаў — і бывай, небарака. Гісторыя ведае выпадкі, калі бязлітасныя заваёўнікі густа засявалі палі пераможаных соллю, каб ніводная жытняя іголачка не прабілася на сонца, каб згарэў зародак у насенні.

Соль быццам бы экзаменуе чалавека: наколькі ён разумны, годны і міралюбны.

А яшчэ яна штодня нагадвае хрысціянам аб іх пачэснай ролі — быць «соллю зямлі», ратуючы свет ад маральнага загнівання, як заклікаў сваіх паслядоўнікаў Збавіцель.

На досвітку Кацярына Шугулей заходзіла па Ірыну Рублеўскую, а потым ужо ўдзвюх — па Васіліну Гамзюк. Яшчэ шарэла, хмызы і дрэвы былі ахутаны цішынёй. Не думаючы пра дальнюю дарогу, яны ішлі таропка і напачатку моўчкі. Але ўсё адно то тут, то там спуджвалі з галін маўклівых, як яны самі, птушак. Паперадзе ішла Васіліна, якая лепш ведала шлях нацянькі — дзе вузкай дарожкай, дзе сцяжынай праз хмызовы гушчар. Важна было скараціць шлях хоць на якіх сто метраў, бо пры вяртанні дамоў, як ужо ведалі жанчыны ад сваіх таварышак, гэты неадрэзаны лішак будзе доўжыцца, нібы цэлы кіламетр.

У кожнай спадарожніцы ў руцэ была перавязаная матузком, акуратна згорнутая вялізная хустка, а ў ёй — адмыслова пашытыя са шчыльнага кужалю невялічкія мяшэчкі (найлепшы пакунак для солі) ды сёе-тое яшчэ.

Пакрысе святлела наваколле, птушкі ўжо не пужаліся і то з адной, то з другой кроны азываліся, хто дробным пошчакам, хто ручаінным цурчаннем...

У Занавінні, якое доўжылася на добры кіламетр, жанчыны загаворвалі, азіраючы сядзібы, цікуючы за тутэйшымі жыхарамі.

— А ў іх во таксама краму яшчэ не адбудавалі, — казала Васіліна. — Мусіць, як і нам, у Полацак па сольку хадзіць даводзіцца...

У Полацку, да якога добрых шэсцьдзесят кіламетраў (а трэба ж было яшчэ вярнуцца дамоў да густой цемры), жанчыны перакручваліся на адной назе — адразу спяшаліся на чыгуначны склад, хуценька накуплівалі солі — і зноў у дарогу.

...Яны ішлі, як паломніцы, з даволі вялікімі хатулямі за спінамі, якія напачатку здаваліся зусім лёгкімі і не замаруджвалі хады. Жанчыны яшчэ не ведалі показкі, якая нарадзілася з цягам часу ў такіх паходах па полацкую соль. Я і сам не ведаў, пакуль не расказаў яе мне мой сябра Петрачок:

Выпраўляюцца жанчыны з хатулямі з Полацка, выходзяць за горад, адна й кажа:

— Мусіць, не даважыў кладаўшчык солі, падмануў, лайтруга...

У Сарочыне, калі пераадолена большая палова дарогі, тая самая кабета зноў пра сваё сумненне, якое стрэмкай засела ў галаве:

— А не, відаць, самую меру насыпаў...

На аселіцы, калі ўжо відзён дах першай хаты роднай вёскі, спадарожніцы чуюць яе заключную выснову:

— А ці не перасыпаў мне той лайтруга солі?.. Далібог, з лішкам прынесла.

...На паўдарозе Кацярына, Ірына і Васіліна садзіліся трохі падсілкавацца. Здымалі хатулі, даставалі з мяшэчкаў вараныя яйкі і бульбу, пёры цыбулі... Развязвалі і які мяшэчак з соллю, усё адно як з дзіцячай пары ласункам. Няспешна, каб хоць крыху адпачыць, аблуплівалі яечкі і акуратненька, каб долу не ўпаў ніводзін драбок, пасыпалі іх соллю. Адна пасыпала, другая тым часам падстаўляла знізу далоньку...

Жанчыны смакавалі даўно не каштаваную соль і не ўсведамлялі, што, узмужнелыя, яны і самі ўжо сталі соллю сваёй зямлі, узаранай снарадамі і самасейна ўпрыгожанай краскамі.

Дамоў спадарожніцы вярталіся запозна, калі ўжо на чыстым небе ледзь бачнымі драбкамі прабіваліся першыя зоркі.

* * *

...Дапісаў радок — і зноў зірнуў на матчыну соль, якая ў шкляной пасудзіне сашчыльнена ў Галактыку Памяці.

Сяргей РУБЛЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.