Вы тут

З радзімай у сэрцы


 

Беларусы замежжа любяць нацыянальныя строі

Што ні кажыце, але цікава паслухаць іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове. А яшчэ яны захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці. Дзіўна?!. Не, бо гэта ж нашы людзі. Ці вось яшчэ ансамбль з французскага Ліёна — майстар народных спеваў. Іх, такіх таленавітых і апантаных сваёй, роднай культурай, па свеце раскідана шмат. І менавіта апынуўшыся ў іншай культурнай рэчаіснасці, як правіла, роднае пачынае адчувацца ярчэй і здавацца неверагодна каштоўным. І яшчэ па ім, аказваецца, можна сумаваць і шукаць сустрэч са сваёй Радзімай.

Такіх сустрэч жадае і Радзіма. Ужо другі раз у Рэспубліцы Беларусь праходзіць фестываль мастацтваў беларусаў свету. Некаторыя яго ўдзельнікі ўжо наведвалі краіну тры гады таму, падчас першага фестывалю, і з задавальненнем прыехалі яшчэ. А ёсць і новыя ўдзельнікі, якія пуцёўку на фестываль у Беларусь заваявалі ў напружаным змаганні з іншымі калектывамі беларускай дыяспары за мяжой. Канкурэнцыя, аднак! За тое, каб прыехаць на радзіму.

13-36

Што казаць, прымаць гасцей Беларусь умее. А тут жа былым суайчыннікам трэба паказаць дасягненні, якія набыла краіна за апошні час (калі іх тут не было). Напрыклад, новы Музей гісторыі Вялікай айчыннай вайны. Помнікі архітэктуры. Аграгарадкі. Ды і крамы, урэшце. Што карыстаецца попытам у замежных беларусаў? Традыцыйныя строі, напрыклад. Беларуска з Казахстана Любоў Іванаўна Богнат прызналася, што, завітаўшы ў «Скарбніцу», не магла пайсці з пустымі рукамі — набыла сабе нацыянальны строй. Любоў Іванаўна вітала ўсіх па-беларуску і распавяла пра тое, як апынулася ў Казахстане:

— Я дачка ўраджэнца вёскі Нечатава Столінскага раёна Брэсцкай вобласці Богната Івана Пятровіча. У сілу пэўных абставін — асваення цаліны — мае бацькі апынуліся ў Казахстане, на Паўладарскай зямлі. Так мы там і аселі, як і шмат якія беларусы, якія пачалі сяліцца там яшчэ ў гады сталыпінскіх рэформаў. Зразумела, што з'яўляліся беларусы там і падчас Вялікай Айчыннай вайны (шмат параненых было ў шпіталях Казахстана, і ў нас у Паўладары быў такі шпіталь), і пасля вайны, асабліва ў 1960-я гады, калі ішло асваенне цаліны. За савецкім часам у Казахстан шмат спецыялістаў прыязджалі з Беларусі па размеркаванні. Сёлета адзначаецца 105 гадоў пасялення беларусаў у Казахстане, што ўстаноўлена паводле архіўных звестак. Казахская зямля гасцінная, таму ўжо некалькі пакаленняў беларусаў жывуць і асвойваюць гэтую прастору. Створана сістэма ўзаемаадносін з Беларуссю. Мудрасцю прэзідэнта Нурсултана Назарбаева быў створаны канстультатыўна-дарадчы орган «Асамблея народаў Казахстана», паколькі ў нас пражывае больш за 130 нацыянальнасцяў.

Людміла Іванаўна расказала, што жывуць беларусы ў Паўладары з блаславеннем святой Еўфрасінні. У кафедральным саборы ўстаноўлены абраз Еўфрасінні Полацкай, які быў напісаны ў Полацку. Па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта даставілі часцінку мошчаў святой Еўфрасінні. І 5 чэрвеня штогод праводзіцца святочная літургія ў памяць пра святую беларускую апякунку. Людзі розных нацыянальнасцяў прыходзяць на гэтае вялікае для беларусаў свята.

Беларусы ў Расіі не менш актыўныя. Таксама ўзгадваюць радзіму і захоўваюць свае традыцыі, дзе б ні жылі. А гістарычныя абставіны (часцей непрыемныя) ды і вечнае жаданне чалавека шукаць сабе лепшай долі заводзілі ў такую глыб Еўразіі, што ўявіць складана, як жа можна было туды дабрацца больш за 100 гадоў таму? Але ж дабраліся, выжылі і нават абжыліся. Цяпер цэлыя вёскі беларусаў можна адшукаць дзе-небудзь у Сібіры.

Уладзімір Шугля, Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Цюмені, гаворыць:

— У нас ёсць цудоўныя калектывы, якія захоўваюць сваю культуру. Калі гэтыя людзі спяваюць, то зразумела: гэта беларусы, бо асаблівасці народных аўтэнтычных спеваў захаваны. І яны захавалі беларускую мову — тую яшчэ, якую прынеслі з сабой іх продкі, што сталі з'яўляцца ў Сібіры яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Напрыклад, напрыканцы гэтага стагоддзя была хваля, якая называецца «самаходы». Людзі ішлі з вазкамі, са сваім скарбам, з дзеткамі ў пошуках лепшай долі, раскарчоўвалі тайгу, і ў выніку ўжо чацвёртае ці пятае пакаленне іх нашчадкаў жыве ў гэтых вёсках.

Уладзімір Фёдаравіч Шугля з гонарам адзначае, што повязь з Радзімай вельмі важная, асабліва калі радзіма адзначае твае справы. Напрыклад, ён выдаў кнігу паэзіі, што было заўважана на днях беларускага пісьменства ў Заслаўі. І цяпер заклапочаны тым, каб паэты беларускага замежжа, якія знаходзяцца ў Расіі (іх каля 12 чалавек), мелі пляцоўку, дзе можна было б выступаць. Ён кажа: «Рух, дынаміка культурнага працэсу такая, што мы ідзём усё далей, і няма мяжы дасканаласці, калі самі людзі імкнуцца расквеціць цяплом зносін сваё жыццё».

Творчасць беларусаў замежжа — гэта і ёсць тая тэма, якая становіцца, бадай, галоўнай падчас фестывалю. Таму што шмат хто з нашых былых суайчыннікаў цяпер стварае ў іншых краінах, робіць унёсак у іх культуру, але тым самым услаўляе і сваю радзіму.

Радзіма гэта адзначае і цэніць. Нездарма Міністэрствам культуры была прынятая дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце» на 2013-2015 гады. Падчас фестывалю пройдзе пасяджэнне кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры.

Уладзімір Ламека, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, падкрэслівае:

— Стасункамі з нашымі суайчыннікамі, якія цяпер жывуць у іншых краінах, развіваюцца не толькі ў культурна-масавым, інфармацыйным, дабрачынным кірунку. Ідзе і плённае наладжванне эканамічных сувязяў, і вяртанне суайчыннікаў у нашу дзяржаву — нам патрэбны рабочыя рукі, таму праца ў гэтым кірунку, відаць, будзе шырыцца. Неўзабаве ў дзеянне ўступіць закон «Аб беларусах замежжа», што нам дасць пэўны стымул для развіцця гэтага супрацоўніцтва.

Ёсць і спадзяванне на фестываль, што ён стане такім стымулам і з цягам часу ператворыцца ў адзін з брэндаў у працы Беларусі з дыяспарай.

— Культура цягне за сабой эканоміку і палітыку. Культура — гэта пачатак вялікіх спраў. І калі мы ставімся да культуры іншых народаў добра, то мы і сябе пачынаем больш паважаць, — адзначыў Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. — Праца, якая праводзіцца ў Беларусі, патрэбна не толькі нам тут, але і нашым суайчыннікам, ім у першую чаргу: і яны адчуваюць, што патрэбны Радзіме, што яны яе частка, што ў іх ёсць карані, якія могуць сілкаваць духоўна, падтрымліваць у справах.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».