Вы тут

Кмен, кроп, каляндра


Як вядома, жанчыны кахаюць вушамі. Бывала, ідзеш з красуняй па тратуары, машыны гудуць, трамваі грымяць жалезам, а твае шапатлівыя словы грамчэйшыя за любы харал. Возьмеш яе подручкі, нахілішся да галавы ды прашэпчаш праз свежа завітыя кудзеркі: «Перапёлачка ты мая даўгацыбенькая…» Глядзіш, праз пару крокаў яна ўжо і сапраўды ўпоравень з табой становіцца — ці то на дыбачкі ўзнялася, ці то цудадзейна падрасла ў адно імгненне…

19-4

Мужчынам таксама слых дапамагае — калі не пакахаць, дык палюбіць. Я вось, напрыклад, куды больш палюбіў кроп, калі аднойчы пачуў па радыё, што ён — надта ўпадабаная славянамі прыправа. А мне, прызнацца, карціць пачуваць сябе не толькі беларусам, але мець і больш-менш выразную самаідэнтыфікацыю ў славянскім свеце, а то мы чужынімся, як браты, якія аніяк не могуць падзяліць бацькаву спадчыну.

Інфармацыйнае агенцтва Reuters аднойчы наракала: мала таго, што расіяне шчодра дабаўляюць кроп у свае нацыянальныя стравы, дык яны яшчэ не менш шчодра падсыпаюць яго ў… грэцкі салат, італьянскую піцу і нават у мексіканскія бурыта. Ага, будзеце ведаць наш славянскі смак, госцейкі!

Чаму кроп? Можа, таму, што з ім не трэба валаводзіцца — расце і расце сабе самасейкаю, ці таму, што яго можна дабаўляць у страву шчодрай рукой: не перадасі — не перац. Шырыню душы нават у дробязях не хочацца заціскаць.

Помню, у нашым гародчыку з барышнога (так на Лепельшчыне называюць грады гуркоў, морквы, капусты, фасолі…) кроп рассяваўся і на дзяляначку бульбы, якая кусцілася побач. Падчас праполкі маці разам з асотам вырывала і калівы кропу. А што рабіць, калі яго процьма і ўжо дуддзём пайшоў. І дзе ты набярэшся столькі гуркоў ды грыбоў для салення, пры якім зверху жмутом кладуць тое дуддзё. Хоць сёння мне вельмі шкада тых страчаных каліў кропу — як маладога часу. Можна было б семя выспеліць…

Як прыправу я больш люблю якраз семя, сыплю яго шчодра ў юшку, вараную капусту, боршч… І так прывык да ўжывання кропу, што міжволі пачаў думаць, у якія стравы яшчэ можна дабавіць яго семя. І прыдумаў — пачаў падсыпаць у грэчневую кашу. Нішто сабе — смачна.

Калі бяру з паліцы слоік з насеннем кропу, дык зноў і зноў пытаюся ў жонкі: «А запас яшчэ вялікі, ёсць адкуль падсыпаць?..»

Але галоўнай вартасцю гэтага семя, як мне здаецца, з'яўляецца тое, што на ім цудоўна настойваць гарэлку. Некаторыя лічаць, што такая гарэліца больш для аматараў. А хто ж тыя аматары, як не мы, славяне? Хіба што яшчэ ірландцы, якіх Бог зрабіў п'яніцамі, каб не заваявалі ўвесь свет.

Тут да месца згадаць вось гэтую рускую показку.

Двое сябрукоў замаўляюць у рэстаране бутэльку гарэлкі. Афіцыянт прыносіць і чакае, якую наведнікі замовяць закуску. Тыя маўчаць. Паўза так задоўжылася, што афіцыянт, не вытрымаўшы, пытаецца:

—А что вы будете кушать?

—Вот её, родимую, и будем кушать! — адказалі ўсмешлівыя сябрукі.

Лепш за іншых для гэтага ім падышла б якраз гарэліца, настоеная на кропе, — як ні круці, а ўсё ж трошкі з закуссю, у адным «флаконе».

Чарачку гарэлкі спрактыкаваныя кухары, як вядома, напрыканцы варкі дабаўляюць у юшку: маўляў, калі ў рыбнай страве ёсць гарэлка — гэта юшка, калі няма — рыбны суп. А калі ўзяць гарэліцу з кропам, дык магічнае кулінарнае дапасаванне магічнага напою спалучаецца з незаменнай прыправай. Усё магічна.

Кроп, як і нас з вамі — тымі, хто прамяняў родную вёску і калгас на гарадское жыццё — можна таксама назваць «адыходнікам». З сям'і парасонавых (а ў нашым полі зроку, як пазначана ў загалоўку, яшчэ кмен і каляндра) толькі кмен застаўся верным задзірванеламу лугу з дзікім разнатраўем. А брат кроп ды сястра каляндра — родныя ці стрыечныя, не ведаю — туляцца ў добра абладжаных катухах дачных гародчыкаў. Распанелі: дождж ім — з лейкі, падсілкаванне, фосфарнае, калійнае — з пакеціка, ды яшчэ лекамі, не раўнуючы, як калісьці капусту дустам, таксама абсыпяць ці падліюць іх пад карэньчык…

А кмену толькі і застаецца, што без спадзявання на якую-кольвечы дапамогу ламіцца да цёплых промняў праз густы суплёт сцяблоў і лісцяў. А праб'ешся, дык і не згледзішся, як разане каса пад самы карэньчык — тады будзеш ляжаць рагаціннем наверсе ўсяго разнатраўя, на самым гарбылі пракоса. Добра, калі ўжо саспелы — сцябліны збярэ ў снапок гаспадыня касца. Але такія выпадкі супадзення спеласці, касьбы, сонечнага надвор'я і сужэнскай лучнасці здараліся нячаста. Звычайна жанчыны вылучалі вольную хвіліну, добрую пару і выпраўляліся рваць кмен на загадзя аблюбаваных лугавінах. А то і, вяртаючыся з поля ўвечары, заверне каторая ў прыгледжаную мясцінку, нарве снапок — і падпаху.

Мая мама была, можна сказаць, самай рупнай збіральніцай кмену ў нашай вёсцы. Таму што любіла калі не жменяй, дык лыжкай сыпаць яго ў саганок з пастаўленай на агонь бульбай, у накрышаную для квашання капусту…

А колькі мне наадсыпала ўзяць з сабой у горад! Яшчэ і сёння, здаецца, запасы не скончыліся, хоць яна ўжо і сама пару гадоў як стала «гарадской»: прыгнула нямогласць — пераехала да мяне. А колькі добрых людзей надзяліла са сваёй кужэльнай торбачкі!..

Калі я бываю на роднай сялібе, да мяне абавязкова падыходзіць прыязная і ветлая ўкраінка Таццяна з суседняй хаты, якую яна са сваім Петраком мае як дачны прытулак (муж у свой час звыштэрмінова служыў тут у войску, дык і засталіся). Пачынае распытваць:

—Ну, як там баба Ірына маецца? Ці не прыедзе яна трошкі ў вёсцы пажыць?

—Наўрад ці, — кажу, — саслабела. Гады ціснуць долу.

—Дык прывітанне перадавайце. Яна ж мяне ў свой час так кменам адорвала, так адорвала… А дзе яна яго збірала, дзе ён тут расце, не ведаеце?

—А вунь там, за былым нашым гародам, пад Глінаўкай… — паказваю я рукой.

А сам тым часам думаю сабе: «Дык, можа, і ў кмене не менш, чым у кропе, сілы, што паядноўвае густы славян?»

А семя каляндры — дробненькі-дробненькі гарошак — больш прыправа для дужых, мужных мужчын, тых, хто не баіцца ні цяжкай працы, ні ратнай справы. Гэта прыправа для чорнага, жытняга, важкага, як плённа пражытыя гады, хлеба, для шчыльна напіханых каўбас, кіндзюкоў, добра вылежанай, падсіверанай, маціцовай на зробленым вострым лязом зрэзе паляндвіцы…

Пару гадоў таму я вырашыў з дапамогай млынка для зярнят кавы паяднаць усіх славян свету — заходніх, усходніх, паўднёвых. Засыпаў той млынок напалам семем кропу і каляндры, дабавіў нюшок кмену, бо калі яго перадаць — загарчыць прыправа. Ды і пах у змолатага кмену рэзкаваты — ведама ж, з засеянага ветрам луга расліна, а не з гародчыка. Панюхаў я водар — і без мяса смачна. Але з мясам, вядома, смачней, а з поўным келіхам — яшчэ і весялей…

Толькі прашу вас, не перапівайце, а то жонкі сварыцца будуць — і беларускі, і расіянкі, і ўкраінкі, і палячкі, хто б ні быў у нас, зухаватых мальцаў, у гэтай пачэснай і трошкі самаахвярнай ролі.

Сяргей Рублеўскі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.