Вы тут

ХТО МЫ Ў ГЛАБАЛЬНЫМ СВЕЦЕ?


Вядома, што гэтае пытанне з рознай ступенню актыўнасці задавалі і задаюць сабе ўсе тыя, хто намагаецца зразумець, асэнсаваць, усвядоміць — хто ж мы, беларусы, у чалавечым космасе, які наш лёс быў і будзе сярод шматаблічнай людской разнастайнасці? Пытанне няпростае і неадназначнае, як складаны і няпросты адказ на яго. Але ж хіба знойдзеш адказ, калі не імкнешся да гэтага? Бо зразумела, што на другі бок дарогі не пяройдзеш, калі не будзеш рухацца. Так і ў нашай сітуацыі. Разуменне нас саміх у глабальным свеце патрабуе і ад кожнага з нас напружанай працы па збіранні і асэнсаванні ўсіх абставін і фактаў нашага мінулага і сённяшняга жыцця як сукупнасці фактараў, якія ўплывалі і на наша месца і ролю ў гісторыі, на пошук сваёй дарогі да нацыянальнага храма.

20-12

20-12

 

На гэтыя развагі падштурхнула мяне кніга І.І. Антановіча «Беларусь у глабальным свеце», якая нядаўна выйшла ў мінскім выдавецтве «Кніжны Дом». Кніга мае і дадатак да сваёй назвы: дыялектыка станаўлення і інтэграцыі. А гэта, безумоўна, дае падставы спадзявацца, што аўтар павядзе чытача не толькі гістарычнымі дарогамі і сцежкамі станаўлення беларускага этнасу, але будзе асэнсоўваць гэты шлях па-філасофску. Так яно на самай справе і адбываецца, мо яшчэ і таму, што аўтар — доктар філасофскіх навук, прафесар. А яшчэ ён — заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Даследаванне прысвечана высвятленню абставін і ўмоў станаўлення не толькі беларускага этнасу, але і нацыянальнай самасвядомасці на працягу нашай тысячагадовай гісторыі; як зазначаецца ў анатацыі, «ад удзельных княстваў у складзе Кіеўскай Русі, у Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і, нарэшце, Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Шлях, бясспрэчна, доўгі і зусім не бязвоблачны, як не беспраблемнае і даследаванне аўтара.

І.І. Антановіч уводзіць у навуковы зварот шматлікія крыніцы, асобныя з якіх альбо былі дагэтуль невядомымі, альбо недастаткова ўважліва даследаваліся. І гэта робіць яго працу яшчэ больш каштоўнай і карыснай, выказанае ім набывае больш шырокі кантэкст. Дасведчанасць не толькі ў нашай гісторыі, а валоданне інфармацыяй і ведамі аб даследаваннях і поглядах замежных аўтараў надаюць большай грунтоўнасці новаму даследаванню І.І. Антановіча. Асаблівае месца ў кнізе займае аналіз дыялектыкі станаўлення беларусаў ва ўмовах трыадзінства ўсходнеславянскага племені — беларусы, украінцы, рускія. Аўтарскае даследаванне дасягае прамежкавай часавай мяжы — абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі ў 1991 годзе. Значыць, можна спадзявацца, што будзе працяг, бо нашы стасункі з глабальным светам не заканчваюцца гэтым перыядам. Новы час таксама вымагае ад Беларусі і беларусаў новых дзеянняў, новых намаганняў па асэнсаванні сваёй ролі ў сённяшнім небеспраблемным чалавечым хаўрусе.

Каб зразумець абсягі аўтарскага пошуку беларускага шляху, дастаткова назваць хоць бы некаторыя яго напрамкі. А гэта — пачатак дзяржаўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, беларускі пачатак у Кіеўскай Русі, Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, развіццё нацыянальнай самасвядомасці ва ўмовах заходнерусізму і, вядома ж, рэвалюцыйныя і паслярэвалюцыйныя гады развіцця не толькі савецкіх рэспублік, а і ўсяго іншага свету, які гэтымі рэвалюцыямі быў зменены.

У І.І Антановіча заўсёды быў свой погляд, свой падыход, сваё бачанне беларускіх рэалій у іх гістарычным развіцці і ў суадносінах з гісторыяй іншых народаў. Не мяняецца такі падыход і ў новай кнізе. Магчыма, тут яшчэ больш, чым у іншых выданнях, палемічнасці і знарочыстай завостаранасці некаторых пытанняў, асабліва тых, якія выклікалі раней і выклікаюць сёння неадназначныя ацэнкі і спрэчкі (адно хацелася б пажадаць, каб больш пільнымі былі вочы і аўтара, і выдаўцоў адносна памылак і недакладнасцяў, якія, на жаль, закраліся ў кнігу). А гэта азначае, што часта аўтар ідзе па цаліку, дзе яго падпільноўваюць розныя нечаканасці і складанасці. Але ён, маючы дастатковы вопыт даследаванняў, бо выдаў ужо не адну кнігу, звязаную з гісторыяй беларускага этнасу, умее іх пераадольваць (на яго творчым рахунку 20 манаграфій і больш за 300 навуковых публікацый як у айчыннай, так і замежнай перыёдыцы). А такі падыход, дзе бачыцца няпростая і небясхмарная дарога да ісціны, якраз і прываблівае чытача, робіць яго далучаным да пошуку гэтай самай ісціны, часам нават у спрэчках з пазіцыяй аўтара. Але ў тым і каштоўнасць любога даследавання, што яно — не безэмацыйны і гладкі тэкст, а зацікаўленыя развагі, няхай сабе нават супярэчлівыя, бо гэта падштурхоўвае і чытача да роздуму, да разваг, да пошуку ісціны — ці то разам з аўтарам, ці то сваім асабістым, не заўсёды згодным з аўтарскім, шляхам. Асабліва калі даследуюцца новыя факты і аспекты альбо даецца новы погляд на, здавалася б, вядомае і звыклае.

Так і ў новым даследаванні прафесара І.І. Антановіча. Яго асэнсаванне Беларусі ў глабальным свеце заклікае чытача ў суразмоўцы. І такое сумоўе, такі дыялог прыводзіць кожнага да больш глыбокага разумення, што і як адбывалася на нашым гістарычным шляху і што трэба рабіць сёння, каб наш далейшы рух не быў бязмэтным і хаатычным.

І яшчэ адна асаблівасць новай кнігі І.І. Антановіча — перакананасць у сваіх высновах і развагах. Нават тады, калі некаторыя моманты нашага быцця рознымі аўтарамі разглядваюцца па-рознаму, даследчык імкнецца доказна і пераканаўча абгрунтаваць сваю пазіцыю. Уяўляю, што такі падыход не заўсёды знойдзе адэкватны водгук у чытача. Але і гэта патрэбна сённяшняму ўдумліваму шукальніку ісціны, бо яна, як вядома, нараджаецца ў спрэчках. Асабліва ў наш глабальны і глабалізаваны час, калі і беларусам, і Беларусі не заўсёды ў ім утульна і камфортна. Але ж беларусы здаўна загартаваны ў розных суровых выпрабаваннях, годна прайшлі праз усе нягоды і беды і засталіся на сваёй зямлі беларусамі. Дык чаму ж нам не распарадзіцца па-гаспадарску тым, што маем, чым надзяліла нас гісторыя, што з'яўляецца нашым набыткам, які неабходна не толькі шанаваць, але і ўдумліва аналізаваць, асэнсоўваць, перадаваць нашым наступнікам. На гэтым шляху асэнсавання кніга І.І. Антановіча «Беларусь у глабальным свеце», бясспрэчна, будзе тым патрэбным каталізатарам, які не дасць нашай думцы заспакоіцца, суцішыцца і заснуць.

Анатоль БУТЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.