Вы тут

Ідзе каза рагатая...


Я, безумоўна, Казярог, але не ў гэтым сутнасць. Так, упартая, як тры з паловай Казярогі адначасова, і нават магу бадануць рогам, калі справа таго вартая, але не пра тое, зноў жа, размова.

Яе завуць Мара. Яна мяккая, цёплая, далікатная і ўтульная — быццам воблачка. Але не белая, як чысты аркуш, не плямістая, як жыццё, а спрэс шэрая — як маё ўяўленне аб сапраўднасці. Завуць яе, я сказала ўжо, Марай, і яна існуе — пакуль што! — выключна як мара. Вось бывае ж такое: супраць усіх законаў фізікі, логікі і матэматыкі неіснуючае — існуе! І нават мае назву. Мая Мара — гэта мая мара. Мара — шэрая каза з крывым рогам. Яна будзе пасвіцца на зялёнай (колер надзеі!) траўцы (у якой будуць сям-там пракідвацца дзьмухаўцы або лубін — не важна), адпачываць у жоўтым хлеўчыку з карычневым чарапічным дахам, пазіраць у акенца з блакітнымі аканіцамі, піць ваду з чырвонага вядзерца і даваць белае-белае малако. Уся рэч у тым, што я апошнім часам не магу спакойна, без асабліва яскравых эмоцый пазіраць на коз, якія або пасвяцца, паважна водзячы рожкамі, дзе-небудзь пры дарозе, або суседнічаюць з нашай дачай (такіх ажно тры — чорная, белая і шэранькая), або пазіраюць вачыма гарэзаў з экрана тэлевізара, не ведаючы нават, што пазіраюць на мяне і што я іх таксама бачу. Апошняе — зноў жа, здавалася б, супраць вядомых нашаму свету законаў. Але свет гэты тым і прывабны, што ёсць у яго насельнікаў сякія-такія магчымасці сёе-тое паабвяргаць. Або ўсталяваць нешта новае. Што прыводзіць мяне да ўпэўненасці, што мая мара спраўдзіцца адназначна і ўсё будзе менавіта так, як я намалявала ў сваіх думках? Закон Жоўтага Кракадзіла. Ніякіх прыдумак! Закон Жоўтага Кракадзіла існуе! Гэта адзін з самых любімых маіх законаў, якія вывучаюцца навукай пад назвай шчасцезнаўства. Мне абсалютна не важна, што такой навукі няма ў афіцыйным рэестры сусветных навук, галоўнае — што яна ўваходзіць у пералік дысцыплін, якія абавязкова разглядаюцца Вышэйшай Атэстацыйнай Камісіяй Свету. Закон гэты закранае такую важкую катэгорыю, як час, і коратка фармулюецца наступным чынам: мінулае ўяўляецца, будучыня ўспамінаецца. Аўтарства належыць — я зараз не магу не адчуваць асаблівага гонару за свет, у якім жыву — псіхолагу Нэлі Ксяневіч. Фармулёўка для падручніка: у дараванай нам бясконцасці з вычарпальнай доляй верагоднасці можа рэалізавацца якая заўгодна думка, падмацаваная моцнымі эмоцыямі. Гэта трэба вывучыць і час ад часу паўтараць. Уголас, гледзячыся ў люстэрка. Будучыня — успамінаецца. У час, калі я паступала ва ўніверсітэт, у мяне з'явілася новая белая сумка. Я была ёй рада не таму, што яна новая або белая. Я церабіла «маланку», уяўляючы, як буду напаўняць сумку канспектамі. «Ружовы сшытак — «неарганіка», блакітны — фізіка, зялёны — інфарматыка». Можна падумаць, што паступіла, бо надта добра рыхтавалася. Нічога падобнага: з мужам, дзіцем, жыццём у інтэрнаце, праз шэсць гадоў пасля заканчэння школы... Я проста марыла, і ў гэтай сваёй мары ні ў чым ні на кроплю сабе не адмовіла. Я не ведаю, як і калі мая Мара спраўдзіцца. Проста ўяўляю яе. Як гераіню казкі, дзе ёсць яшчэ дзед, баба і малая ўнучка. Можа, гэта з-за таго, што і я ўжо бабуля? І ў нас з Ім ёсць маленечкая ўнучка — ружовенькі цікаўны камячок... Мая Мара — спраўдзіцца. Мы з унучкаю яшчэ і новы гатунак сыру вынайдзем, вось пабачыце.

Святлана Дзянісава,  галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.