Вы тут

Дом, дзе яднаюцца сэрцы


Пошукі спадчыны Янкі Купалы не спыняюцца ўжо 70 гадоў

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы жыве даўжэй, чым працягвалася жыццё самога паэта — установе сёлета спаўняецца 70 гадоў. Гэты юбілей азначае, што спадчына незвычайнага таленту нашага земляка больш магутная, чым адчувальнае, рэальнае жыццё. Гэта значыць, што паэзія, драматургія і пераклады Купалы — невыпадковыя, і яны нязменна ўплецены ў беларускую культуру і свядомасць. Гэта значыць, што музею, нягледзячы на крыўдныя страты архіваў і бібліятэкі песняра, да гэтага часу ёсць што паказаць унікальнага, аўтэнтычнага, таго, да чаго дакранаўся класік.

20-21

У свой час Янка Купала быў магнітам, цэнтрам, вакол якога арганізоўвалася літаратурнае жыццё краіны. Яго паэзія захапляла, натхняла і давала пачуццё ўпэўненасці ў сваім беларускім самавызначэнні. І зараз дом-музей у цэнтры жывапіснага сталічнага парку не перастае сустракаць гасцей, збіраць у сваіх сценах майстроў слова і яго аматараў.

Ёсць падстава зноў зазірнуць у літаратурны музей дзеля выстаўкі «Майго жыцця бяссмертны цень», якая прысвечана 70-годдзю з дня заснавання літаратурнага музея Янкі Купалы. Адкрыццё, якое адбылося 19 верасня, прымеркавана да юбілейных урачыстасцяў «Яшчэ адзін крок наперад!». Трэба ўзгадаць, што прыгожы ўзноўлены дом — гэта не першапачатковае месца ўшанавання паэта. Рэтраспектыўны раздзел выстаўкі пакажа першую стацыянарную экспазіцыю музея Янкі Купалы, што была адкрыта ў 1945 годзе на трэцім паверсе Дома прафсаюзаў: прыжыццёвыя выданні твораў класіка, аўтографы, арыгінальныя фотаздымкі і асабістыя рэчы паэта. Асобна можна ўбачыць рэчы, некалі знойдзеныя на папялішчы купалавага дома, які згарэў яшчэ ў пачатку вайны.

Раздзел выставы «Збіральнікі і захавальнікі» раскажа пра тых, хто стаў паслядоўнікамі Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі паэта і самага адданага чалавека справе захавання спадчыны. Сярод людзей, якія заўсёды стваралі з музея культурна-асветніцкі цэнтр, былі навукоўцы і пісьменнікі Іосіф Жыдовіч, Янка Шарахоўскі, літаратуразнавец і крытык Уладзімір Юрэвіч, Аляксандр Есакоў, Алесь Бажко, Аляксей Кулакоўскі, траюрадная пляменніца паэта Жанна Дапкюнас.

Раздзел «Дзень сённяшні» пакажа, што пошукі слядоў класіка не павінны быць спынены: апошнія паступленні ў літаратурны музей Янкі Купалы ўключаюць кнігі з аўтографамі Янкі Купалы, адшуканыя ў 2012 годзе, падарункі мастакоў, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў ды проста неабыякавых людзей.

Гісторыя жыцця паэта абрасла шматлікімі легендамі, якім можна верыць ці не выказваць здагадкі, версіі; у біяграфіі класіка для нас шмат прабелаў, шмат інтрыгуючых, загадкавых месцаў, таму праца музея яшчэ больш каштоўная: яна можа паказаць нам тое нямногае — жывое, матэрыяльнае, шматзначнае — што захавалася.

«Музей
як родны дом»

Вячаслаў Рагойша, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — вядучая ўстанова Беларусі сярод літаратурных музеяў. Ён быў такім на пачатку, і такім жа застаецца цяпер. Хоць і пасля яго стварэння ўзніклі іншыя музеі, у прыватнасці, літаратурны музей Якуба Коласа ці музей гісторыі беларускай літаратуры. Памятаю, калі я быў студэнтам, на адным курсе са мной вучылася Жанна Казіміраўна Каспяровіч (Дапкюнас), будучая супрацоўніца і дырэктар музея амаль на працягу дваццаці гадоў. Яна ж траюрадная пляменніца Янкі Купалы, блізкая сваячка цёткі Уладзі, то бок Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Купалы. У 1958 годзе праз Жанну Казіміраўну мы звязаліся з Уладзіславай Францаўнай і яна зрабіла так, што на суботніках (а тады ў студэнтаў пастаянна ладзіліся суботнікі) мы сталі працаваць на будоўлі дома-музея Янкі Купалы. На жаль, цётка Уладзя не дажыла да адкрыцця музея, а мы там былі. Бачылі Пятра Глебку, Івана Шамякіна і іншых выдатных пісьменнікаў. Так сталася, што з музеем я кантактаваў увесь гэты час. У 1996 годзе стварыўся міжнародны фонд Янкі Купалы, мяне выбралі старшынёй фонду, намесніцай стала Жанна Казіміраўна. Музей з дапамогай фонду выдаў у свой час цікавыя каталогі рукапісаў Янкі Купалы. Толькі гэты музей у Беларусі можа пахваліцца такімі каталогамі, ды і іншымі набыткамі таксама. У апошнія гады ў музеі створаны зусім новыя экспазіцыі, зробленыя з дапамогай найноўшых тэхналогій. Калі прыязджаюць госці, яны ў захапленні, бо мала дзе літаратурныя матэрыялы экспануюцца на такім тэхнічным узроўні і з такой любоўю. Я лічу, што не толькі ў музейнай, але і ў культурнай прасторы Беларусі літаратурны музей Янкі Купалы — выдатны асяродак, якім можа ганарыцца ўся Беларусь.

Віктар Шніп, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Музей імя Янкі Купалы для мяне як родны дом. Я нарадзіўся ў дзесяці кіламетрах ад Вязынкі, адкуль родам паэт, там жа знаходзіцца філіял музея Янкі Купалы, а ў ім — яго калыска. Сам жа музей таксама родны для ўсіх беларусаў, якія ганарацца імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча... Яго стварэнне 70 гадоў таму — гэта вялікая заслуга цёткі Уладзі, жонкі паэта, таксама маёй зямлячкі, чым я ганаруся. Усе нашы дарогі рана ці позна праходзяць праз гэтае месца. А хто тут не быў — павінен пабываць, і неаднойчы, каб зразумець, хто мы такія.

Я заўсёды з радасцю прыходжу і ўдзельнічаю ў імпрэзах, якія адбываюцца ў музеі. Тут працуюць людзі, адданыя сваёй прафесіі, яны беражліва адносяцца да твораў, спадчыны класіка, да яго імя. У нас ёсць тры кіты: музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Зразумела, ёсць музей гісторыі літаратуры, але калі б не было Купалы...

Літаратурны музей імя Янкі Купалы будзе і 700 гадоў існаваць, бо гэтая спадчына не страчвае, а толькі набывае каштоўнасць. Тут карані нашай паэзіі, культуры, класікі. Пройдзе 100, 200, 300 гадоў, але музей не знікне: будзе пашырацца, узбагачацца, а імя Купалы будзе вышэй і вышэй.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».