Вы тут

Аляксандр Марчанка: “Не ўсе драматургі гатовыя да дыялогаў”


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" №37

___________________________________________________________________________

IV Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» — 2014, які пройдзе ў Мінску з 27 верасня па 22 кастрычніка, адкрыецца дадатковай off-праграмай BelarusOpen. У межах праекта будуць прадстаўлены больш як дваццаць пастановак. Пра тое, якія спектаклі ўбачаць гледачы ў беларускім блоку форуму, а таксама пра новыя творчыя праекты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі чытачам “ЛіМа” распавядае акцёр, рэжысёр і кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка.

Аляксандр Марчанка

 

— Наш тэатр возьме ўдзел у Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» у другі раз. Летась беларускую праграму складалі толькі чатыры прэм'еры паводле сучасных айчынных аўтараў, у 2014-м — ужо дванаццаць спектакляў, у тым ліку і вядомыя гледачу п'есы «Сумны хакеіст» Паўла Пражко, «Ціхі шэпат cыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага, «PATRIS» Сяргея Анцалевіча, Дзмітрыя Багаслаўскага і Віктара Красоўскага. Адметна, што на сёлетнім фэсце ўпершыню будуць праводзіцца сцэнічныя чытанні сучаснай беларускай драматургіі, а таксама спектаклі студэнтаў-рэжысёраў Цэнтра сучаснай рэжысуры пры Акадэміі мастацтваў. Напрыклад, гледачы змогуць пазнаёміцца з п'есай Дзмітрыя Багаслаўскага «Калі заўтра няма...», якая атрымала Гран-пры на VI Міжнародным фестывалі тэатральных школ «АПАРТ» у Санкт-Пецярбургу.

— Кожны спектакль, прадстаўлены ў беларускай праграме форуму «ТЭАРТ», па-свойму ўнікальны. І ўсё ж які з іх выклікае найбольшую цікавасць?

— Пастаноўкі фэсту розныя і па жанры, і па светапоглядзе. Да кожнага матэрыялу ў мяне пазітыўнае стаўленне. Напрыклад, магу вылучыць спектакль «PATRIS», створаны ў жанры дакументальнага тэатра. Ён цікавы тым, што аўтары аднаўляюць атмасферу, знаёмую жыхарам Мінска, выводзяць на тэатральную сцэну цэлую галерэю вобразаў сучаснікаў. Цікавы і спектакль па матэрыяле Альгерда Бахарэвіча «Шабаны». Акрамя таго, у межах сцэнічных чытанняў гледачы пазнаёмяцца з п'есай, створанай падчас штогадовай Лабараторыі беларускай драматургіі, — «Гэта ўсё яна» Андрэя Іванова. Характэрна, што спектакль сёння ідзе ў многіх замежных тэатрах і выклікае вялікую цікавасць публікі. Латвійскі спектакль Даўгаўпілскага тэатра (рэжысёр — Георгій Суркоў) прэтэндуе адразу на некалькі намінацый латвійскай нацыянальнай прэміі "SPĒLMAŅU Nakts 2014".

Асаблівую ўвагу ў праграме форуму прыцягвае п'еса «Эшало№0» (ці «Вагон») Віктара Красоўскага і Ірыны Гарэц (Украіна). Нягледзячы на тое, што канчатковы варыянт сцэнарыя быў напісаны некалькі месяцаў таму, пастаноўка ўжо паспела трапіць у лонг-ліст ХІІ Міжнароднага літаратурнага Валошынскага конкурсу (Расія). Сцэнічнае чытанне п'есы пройдзе ў антуражы Мемарыяльнага музея-майстэрні З. Азгура. У спектаклі «Эшало№0» (рэжысёр — Віктар Красоўскі) уздымаецца тэма вайны як з'явы, а мараль закладзена ў кароткім дыялогу двух салдатаў: «Ты з якой вайны?» — «А якая розніца?» Гэта якраз той выпадак, калі сучасныя аўтары закладваюць у спектаклі ўніверсальны пасыл, які, напрыклад, ёсць у п'есе Андрэя Саўчанкі «Бі-Лінгвы, ці Кураня з сэрцам». Выкарыстоўваючы прынцып дакументальнага тэатра, аўтар на аснове маналогаў суайчыннікаў стварае зборны вобраз чалавека, які жыве ў двухмоўі, як вынік, выходзіць на абагульненне пра дваістасць і амбівалентнасць чалавечага быцця.

Цікавы і спектакль «Сумны хакеіст» па п'есе Паўла Пражко. Візуальна прыгожая пастаноўка «Дзяды» па Адаму Міцкевічу (рэжысёр Рамуне Кудзманайтэ (Літва). На форуме будуць прадстаўлены адразу два харэаграфічныях спектаклі: «Адзін у квадраце» Вольгі Лабоўкінай і «Секунда» Вольгі Скварцовай. На мой погляд, заўсёды сучасныя і актуальныя працы беларускага харэографа Вольгі Скварцовай могуць скласці канкурэнцыю любому замежнаму калектыву.

У межах фестывалю гледачы ўбачаць праекты Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Беларускай акадэміі мастацтваў: спектакль «Па імені Гаспадар» Філіпа Лёле (рэжысёр Наталля Леванава) і галерэю аб'ектаў пад адкрытым небам «Стрытвокер» сумесна з эксперыментальным тэатрам «KUD LJUD» (Славенія). Завершыцца форум прэм'ерай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектаклем «Бацька» паводле п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шэпат cыходзячых крокаў» у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай.

— Цэнтр беларускай драматургіі шмат працуе па папулярызацыю айчыннай драматургіі. Якіх навінак можна чакаць бліжэйшым часам?

У новым сезоне гледачы РТБД пазнаёмяцца адразу з некалькімі п'есамі сучасных беларускіх аўтараў. Нядаўна мы пачалі рэпетыраваць спектакль “Мабыць” у жанры дакументальнага тэатра. П’еса створана на аснове інтэрв'ю, якоя акцёры праводзілі з людзьмі розных прафесій і сацыяльных слаёў. Дзмітрый Багаслаўскі зрабіў літаратурную апрацоўку матэрыялу. Рабочай гіпотэзай праекта было пацвердзіць або абвергнуць пэўныя стэрэатыпы і міфы паняцця «беларус». Гэта калектыўная праца, дзе акцёр выступае яшчэ і ў якасці журналіста, які бярэ інтэрв'ю ў прататыпа будучага персанажа. Хутка пачнуцца рэпетыцыі п'есы Мікалая Рудкоўскага «Вялікае перасяленне вырадкаў». Пастаноўка касмапалітычная, нацыянальныя пытанні ўздымаюцца праз прызму глабалізацыі. Але галоўнае  — гумар, хоць і даволі спецыфічны.

Завершыцца тэатральны сезон прэм'ерай «Каханне людзей» паводле п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Тэатра беларускай драматургіі Аляксандра Гарцуева.

— Чаму сёння не кожны рэжысёр праяўляе жаданне працаваць з матэрыяламі сучасных драматургаў? Чаго не хапае айчыннай драматургіі?

— Справа ў тым, што сапраўды чагосьці не хапае кожнай асобнай п'есе маладых драматургаў. Недзе мы не можам знайсці арыстоцелеўскую канструкцыю, недзе знаходзім толькі яе частку і г. д. Ммне здаецца, істотны тут аспект творчых узаемаадносін рэжысёра і драматурга: яшчэ не ўсе гатовыя да адкрытага дыялогу і супрацоўніцтва. Ёсць і іншая пазіцыя, калі ў п'есе рэжысёр не бачыць пэўных аспектаў і па гэтай прычыне яму нецікава працаваць з матэрыялам — ён чакае новага. Тым не менш гэтыя адносіны не ўзаемавыключальныя і не з'яўляюцца перашкодай для развіцця сучаснай беларускай драматургіі. Ніхто не адмяняў любоў да твораў, напрыклад, Чэхава, які для каго-небудзь больш зразумелы і патрэбны. Альбо прыхільнасць да вялікіх маштабных тэатральных праектаў, дзе тэатр становіцца музеем — гэта таксама знаходзіць свайго гледача. РТБД заўсёды працаваў з маладымі аўтарамі, і сёння беларуская драматургія адлюстроўвае жыццё, пачуцці і рэаліі сучасных людзей. Характэрна, што пытанні, якія закранаюцца ў пастаноўках, гучаць без агрэсіі і раздражнення — а з пазіцыі разабрацца. Неабходна ствараць умовы для таго, каб маладыя аўтары (і ўсе мы разам з імі) мелі магчымасць расці і атрымліваць інфармацыю пра сучасныя тэатральныя працэсы звонку: на творчых лабараторыях, майстар-класах, фестывалях.

Вераніка РУСАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?