Вы тут

Магія абруса


Толькі абрус на стале быў незвычайны,
вельмі цяжкі, сіні з золатам.
Звісаў ён да самай падлогі…

У.Караткевіч.
Дзікае паляванне караля Стаха.

23-12

Мы ўжо размаўлялі ў нашай рубрыцы пра відэльцы ды паўміскі, пра рознае экзатычнае начынне для пітва, але забыліся пра тое, на чым усё гэта, як і ўся ўвогуле ежа, ляжала, пра аснову-падставу, у самым простым сэнсе слова, любога застолля — пра абрус! Гэта сёння абрус падаецца нам самым звыклым прадметам побыту, мы не схільныя бачыць у ім нейкай асаблівай вартасці, пэўны сімвалізм. Але раней абрус займаў важнае месца ў сімвалічнай сістэме побыту. Як, зрэшты, і стол, на які яго слалі. Як сцвярджаюць этнографы, нават у бедных сем'ях, якія хацелі захаваць пэўную годнасць, стол мусіў быць увесь час засланым чыстым выбеленым абрусам, на якім мусіў ляжаць хлеб. Лічылася, што голы стол непазбежна прывядзе сям'ю да нястачы і беднасці.

Асабліва чуллівым да адсутнасці абруса на стале было прывілеяванае саслоўе. Падчас нейкіх дыпламатычных перамоў паслоў ВКЛ у Маскве ў XVІ стагоддзі высветлілася, што стол не засланы абрусам. І хаця ніякай ежы спажываць на той сустрэчы і не планавалася, літвіны палічылі абражанымі сябе, дзяржаву ды манарха, якіх прадстаўлялі. Весці перамовы ў такіх умовах яны адмовіліся катэгарычна — пакуль абрус не з'явіўся на стале.

Сталы ў простых прыдарожных корчмах, добра калі гладка габляваныя, рэдка былі засланы абрусамі. Але калі іх гаспадар не хацеў страціць важную кліентуру, дык мусіў трымаць у запасе хаця б адзін, для важных падарожнікаў. Бо яны ні ў якім разе не селі б за «голы» стол: не пакрыты абрусам стол паводле этыкету лічыўся «голым» і ўспрымаўся не менш непрыстойным, чым голы чалавек.

А вось яшчэ адзін шляхецкі звычай, звязаны з абрусам, які існаваў у эпоху сарматызму, надзвычай уважлівую да разнастайных жэстаў: на тым месцы, дзе павінна была сесці асоба, што мела ў таварыстве рэпутацыю хлуса, абрус часам дэманстратыўна разразалі каля краю. Магчыма, такім чынам хацелі падкрэсліць, што хлусня быццам разрывае саму сімвалічную тканіну жыцця, створанага Богам у праўдзе.

Калі такая ўвага надавалася сталам звычайным, дык што казаць пра царкоўны алтар, ахвярнік і ўсе іншыя сталовыя паверхні, звязаныя з хрысціянскім культам, якія абавязкова мусілі быць пакрытымі — бо інакш бы непавага адрасавалася ўжо самому Творцу.

Багатыя шляхцянкі або вышывалі касцёльныя абрусы ўласнаручна або замаўлялі гэта прафесійным майстрыцам. Гэтая традыцыя пашаны дажыла і да нашых дзён, калі ўжо і шляхта звялася. Але для набожных бабулек і сёння лічыцца вялікім гонарам: вышыць абрус для царкоўнага ўжытку.

Бывалі абрусы і грамадскімі рэліквіямі: вялікія абрусы для цэхавых цырымоній захоўваліся ў цэхавых скрынках разам з пячаткамі, прывілеямі, брацкім воскам і іншай каштоўнай маёмасцю цэхаў. Не забываліся згадаць абрусы ў інвентарах кляштараў і маёнткаў, як і ў тэстаментах. У масонскіх цырымоніях абрусы з вышытымі на іх цыркулем і нарожнікам таксама былі абавязковым атрыбутам.

Дарэчы, адзін даволі празаічны аспект ужытку абруса ў рамесніцтве дае ключ да магчымага паходжання назвы гэтага прадмету ў польскай і беларускай мовах, хаця і рэзка кантрастуе з той магічнай сакральнай роляй абруса, якую мы акрэслілі вышэй. Польскае obrus паходзіць ад старапольскага дзеяслова brusіc, а ён, у сваю чаргу, ад слова «брусок». Маецца на ўвазе той самы брусок, якім востраць нажы і іншыя аналагічныя прадметы. Кавалям, якім часта даводзілася выціраць рукі (і ўнутраныя, і знешнія бакі далоняў аб кавалак тканіны), гэты неабходны ў іх рамястве жэст падаваўся падобным на заточку нажоў аб брусок. Так і ўзнікла, спачатку ў кавальскім прафесійным жаргоне, слова «абрус», а ўжо потым распаўсюдзілася ў пашыраным (але пры тым у значна больш узвышаным) значэнні, па ўсёй Рэчы Паспалітай.

Але ёсць і іншая версія паходжання слова. У царкоўнаславянскай мове ёсць слова «убрус» (ад дзеяслова бръснти, брысати — «церці», «выціраць», — тое самае, што і польскае brusіc). Так на Русі некалі называлі палатно кшталту вялікага ручніка (або плашчаніцы), на фоне якога на абразах пэўнага канона была выява Ісуса, а таксама старажытны жаночы галаўны ўбор — вялікае палатно, часцей за ўсё льняное, да 2 метраў даўжынёй і каля 40–50 сантыметраў шырынёй, у якое шчыльна ўхутвалі галаву і плечы. Так што, магчыма, да таго як набыць вялікае сімвалічнае значэнне, характэрнае для культуры ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя, абрус не аддзяляўся паслядоўна ад хусткі або ручніка. На шляхецкіх бяседах «сармацкай» эпохі не лічылася ганьбай выціраць аб яго брудныя рукі або нават нос.

(Заканчэнне матэрыяла чытайце тут):

Кухмістр Верашчака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».