Вы тут

«Гуляла пава…»


У народным строі жанчына выглядае асабліва статнай і прывабнай

«У ляску-ляску на жоўтым пяску пава гуляла, пер'е раняла. Мар'ечка ішла, пер'е збірала, у калысачку клала, вяночак звівала, у царкву ішла…» Такую велічальную песню ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна на Каляды спявалі маладой дзяўчыне. Бо, заходзячы ў дом, калядоўшчыкі, як вядома, кожнаму ў сям'і спявалі асобную песню — і гаспадару, і гаспадыні, і маладому хлопцу, і дзеўцы з пажаданнямі выйсці замуж (ёй і прысвечана гэтая песня). Але хто ж такая пава, пра якую спяваюць калядоўшчыкі?..

23-11

Пава — гэта персанаж з беларускага фальклору, птах, падобны да паўліна. Аднак нельга сказаць, што гэта паўлін, бо пава — агульны вобраз казачнай птушкі. У той жа час пава ўвасабляе жанчыну, прыгожую, статную, ідэальную, а таксама прывабную дзяўчыну-нявесту. Гэта адзін з асноўных вобразаў неглюбскага строю, таму менавіта яго пастараліся ўвасобіць стваральнікі выставы «Гуляла пава…», якая адкрылася ў сталічным Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.

На выставе адлюстравана трансфармацыя касцюмаў вёскі Неглюбкі ад XІX да сярэдзіны XX стагоддзя. На ёй добра відаць, што касцюм не быў статычным. Змяняліся пэўныя ўплывы, вясковая мода, а разам з імі трансфармаваўся нацыянальны строй. Тое, што ўдалося ўбачыць там, абсалютна разбіла мае стэрэатыпы адносна беларускага касцюма як чагосьці звыклага — белай ільняной тканіны з чырвонай вышыўкай. Якой жа рознай, па кроі, колеры, аздабленні, была вопратка беларусаў, якія жылі 100–200 гадоў таму!..

23-10

Я звярнулася да аднаго з куратараў выставы, Ірыны Смірновай, з просьбай патлумачыць, што агульнага было ў неглюбскага строю з іншымі беларускімі ўбраннямі і што яго вылучала:

—Аснову неглюбскага строю, як і ўсіх іншых, складае льняная кашуля. Яго пояс падобны да іншых палескіх паясоў і зроблены ў тэхніцы пляцення на сцяне. Гарсэт, які з'явіўся ў пачатку XX стагоддзя, таксама быў распаўсюджаны шмат дзе ў Беларусі (аднак меў розны крой і па-рознаму аздабляўся). Такім чынам, агульнае — гэта той набор рэчаў, з якіх звычайна складаўся традыцыйны касцюм. Асноўныя адрозненні былі ў аздабленні, аднак не толькі гэта… Неглюбскі строй вылучаецца тым, што ў ім ёсць панёва — нясшытае паясное адзенне. Калі яго разгарнуць, то яно ўяўляе сабой вялікае палотнішча: два кавалкі тканіны, сшытыя ўздоўж паміж сабой да сярэдзіны — яно складалася папалам, каля таліі падтыкалася. Адметнымі былі і тканыя хусткі (у Неглюбцы іх называюць «платкі»). Сустракаліся яны і на Магілёўшчыне, і на гомельска-бранскім памежжы, аднак толькі ў Неглюбцы так складана завязваліся. Адметныя і дзявочыя высокія галаўныя ўборы са стужак, якія называліся «кубкі». Яны выконвалі ролю і шлюбнага галаўнога ўбору, і святочнага для дзяўчат. Цікава бачыць у такіх касцюмах і пушыстыя ўпрыгажэнні, якія рабіліся з гусінага пуху і называліся «пушкі».

IMG_1773

Убранні, якія прадстаўлены на выставе, часткова аўтэнтычныя, прывезеныя з вёсак, а часткова адноўленыя. Ірына Смірнова дадала, што сплеценыя з бісеру «павязкі-ланцужкі» на шыю таксама былі адметнасцю Неглюбкі. Любілі там насіць і шкляныя пацеркі з металічным бляскам. Адметна, што на адным манекене прадстаўлены аўтэнтычныя ўпрыгажэнні са шкла і бісеру, на іншым — падабраныя ўжо ў наш час (калі будзеце на выставе і захочаце іх адрозніць, то тыя, што крыху пабітыя, з'яўляюцца старажытнымі). Этнограф расказала, што характэрнымі былі і бурштынавыя завушніцы, аднак іх падабраць не ўдалося. «Бурштын ёсць. Але ж хто сёння зробіць тое, што патрэбна?.. А натуральных рэчаў няма», — дадала яна.

23-15

Сапраўды пашанцавала тым, хто быў на адкрыцці выставы. Там удалося ўбачыць рэканструяваныя строі некаторых іншых раёнаў Беларусі, зробленыя на навукова-вытворчым прадпрыемстве «Скарбніца» пад навуковым кіраўніцтвам Марыі Віннікавай, другога куратара выставы «Гуляла пава…» Калі на імправізаваную сцэну музея пачалі выходзіць дзяўчаты ў такіх убраннях, да таго ж у суправаджэнні шчымлівых песень фальклорнага гурта «Горынь» Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, прысутных адразу апанавалі думкі: «Як жа гэта прыгожа…». Каментавала дзейства Марыя ВІННІКАВА:

—Строі сапраўды адпавядаюць нашым традыцыйным касцюмам канца XІX — пачатку XX стагоддзя, розных рэгіёнаў. Але выкананы яны рукамі майстроў, мастакоў «Скарбніцы» ў нашы дні, з улікам традыцыйных тэхналогій. Некаторыя з гэтых строяў вы не пабачыце ні ў адным музеі. Бо матэрыял для іх стварэння збіраўся па крупіначках, па частачках у розных музеях. Некаторыя арыгіналы адшукаліся нават не ў нас, а ў Расіі. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургскім музеі антрапалогіі і этнаграфіі знойдзена такая «галовачка» давыд-гарадоцкага строю (яна трапіла туды ў канцы XІX стагоддзя). Я разгледзела яе, зафіксавала на фота, і дзякуючы гэтаму вы цяпер бачыце яе адноўленай. Супрацоўнікі «Скарбніцы» тут вельмі пастараліся і аднавілі нават тоненькую намітку-серпанок, якая завіваецца паверх каркаса. Таксама не ўбачыце пакуль у музеях добрушскага строю (арыгінальны галаўны ўбор удалося знайсці ў Санкт-Пецярбургу, у двух музеях).

23-13

Такім чынам, наведвальнікі выставы змаглі ўбачыць клецкі, мотальскі, чэрскі, рагачоўскі, добрушскі, давыд-гарадоцкі і неглюбскі строі. Што адметна, у кожнага з іх быў свой асаблівы, адметны галаўны ўбор (таксама рэканструяваны, зроблены па матэрыялах музеяў і па архіўных фотаздымках).

Гледзячы на іх, я падумала, што ўвогуле нашэнне галаўных убораў (калі гэта не люты мароз) — яскравы паказчык індывідуальнасці. Бо толькі чалавек, які дакладна ведае свой стыль, можа смела надзець галаўны ўбор. Пакрыўшы галаву, — адразу мяняеш вобраз, ён набывае завершанасць. А тут у кожнай мадэлі — адметныя, выразныя рэчы паверх валасоў.

Дзявочыя высокія галаўныя ўборы са стужак мелі назву «кубкі». А пушыстыя ўпрыгажэнні, зробленыя з гусінага пуху, называліся «пушкі».

23-14

Падалося гэта цікавым і ў тым сэнсе, што цяпер многія з нас могуць ганарыцца тым, што яны, напрыклад, маладзечанскія, мінскія, мазырскія, — аднак знешне гэта ніяк не выражаецца. Толькі разгаварыўшыся, можна даведацца, адкуль той ці іншы чалавек, знайсці земляка. А каб быў кожны з нас апрануты ў мясцовы строй, адметны галаўны ўбор, сваіх бы мы бачылі яшчэ здаля…

Пабачыўшы такую разнастайнасць народных строяў, упрыгажэнняў і галаўных убораў, я падумала, што мы нацыя таленавітых, творчых асоб. Захаваўшы пэўныя агульныя рысы, жыхары розных раёнаў вынайшлі штосьці сваё, прыдумалі, упрыгожылі, не пабаяліся апрануць які-небудзь дзіўны каптур. Прыйсці ў такім жа строі, што і сусед, было б проста недарэчна!

Думалася і пра тое, што мы, пакаленне сініх джынсаў і світараў у палоску ці клетку, верагодна, значна прайграем у арыгінальнасці знешняга выгляду, а можа, і багацці ўнутранага свету, нашым прапрабабулям і прапрадзядулям. Трэба не баяцца адрознівацца і не ленавацца вынаходзіць сваё…

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.