Вы тут

АДНОЎЛЕНАЯ СВЯТЫНЯ


Праз мядзельскую Кальварыю на… Галгофу

У адну з нядзель верасня на паўночна-заходняй ускраіне Мядзела было надзвычай шматлюдна і святочна. Тут сабраліся святары і вернікі-каталікі, жыхары Мядзельшчыны і суседніх раёнаў, паломнікі з іншых краёў на ўрачыстасць адкрыцця і асвячэння адноўленай «Беларускай Кальварыі» — адзінай у нашай краіне падобнай святыні (у свеце іх некалькі). Падзея адбылася менавіта ў свята Узвіжання Святога Крыжа і прымеркавана да 260‑годдзя мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай. Узначальваў урачысты чын Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Удзельнікі мерапрыемства з малітвамі і песнямі прайшлі сімвалічны крыжовы шлях Езуса Хрыста па дарозе на Галгофу. Пачынаецца гэты шлях ад уваходнай «Брамы прабачэння», якая ўзведзена пры дарозе Мядзел — Паставы. Над ёй пад стрэшкай — пазалочаная скульптура Езуса Хрыста, што ў паставе пакаяння сустракае чалавека, які гатовы прайсці і свой крыжовы шлях. На мураванай аснове брамы ўмацавана шыльда з каменем са Святой Зямлі, аб чым сведчыць надпіс: «Камень са Святой Зямлі, узяты ў кляштары кармелітаў босых «Stella Marіs» на гары Кармель у горадзе Хайфа ў Ізраілі, ахвяраваны парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі ў Беларусі пад адбудову мядзельскай Кальварыі як знак духоўнай еднасці. 12 ліпеня 2014».

Ад «Брамы прабачэння» крыжовы шлях, працягласць якога каля двух кіламетраў, пралягае па ўзгорках сярод прыгожага змяшанага лесу. Тут знаходзіцца 14 капліц памерам 2,5 на 3 метры, якія пабудаваны з цэглы, каменю і дрэва. Кошт кожнай з іх — каля дзвюх тысяч долараў. Узведзены яны на ахвяраванні парафіян і фундатараў. «Беларускую Кальварыю» ў Мядзеле аднавілі айцы з ордэна кармелітаў босых пры падтрымцы іншых святароў Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі.

Тэрмін «кальварыя» паходзіць ад лацінскага слова kalva, што азначае «чэрап». У каталікоў Польшчы, Літвы і Беларусі так называецца святое месца, куды сцякаліся натоўпы вернікаў на пакаянне. Першапачаткова ўзніклі ў 2‑й палове XVІ стагоддзя на ўзгорках ці ў лясах, часта на былых язычніцкіх капішчах. Найстарэйшая Кальварыя каля Вільні заснавана ў 1564 годзе.

Гісторыя мядзельскай Кальварыі сягае ў сярэдзіну XVІІІ стагоддзя. Пасля ўзвядзення ў Старым Мядзеле мураванага касцёла Маці Божай Шкаплернай (1754 г.) манахі-кармеліты пачалі будаваць капліцы і брамы на поўнач ад храма. Верагодна, гэтая работа вялася пад патранажам Кошчыцаў, уладароў мястэчка. Да 1772 года на палях каля касцёла і рынку ўжо размяшчалася 21 капліца і 8 брам, якія нагадвалі крыжовы шлях у Іерусаліме. Капліцы будаваліся з дрэва на каменным падмурку. Унутры былі драўляныя абразы і скульптуры. 8 жніўня 1772 года пачалося свята асвячэння Кальварыі, якое доўжылася чатыры дні. Увесь гэты час шматлікія запрошаныя госці частаваліся ў маёнтку Кошчыцаў у Старым Мядзеле. Асвяціў Кальварыю беларускі біскуп-суфраган Фелікс Тавянскі.

Пасля таго, як касцёл і парафія ў 1866 годзе былі перададзены праваслаўнаму духавенству, святое месца прыйшло ў заняпад.

У міжваенны час, у 1927–1929 гг., па ініцыятыве айца Браніслава Ярасінскага пачалося аднаўленне Кальварыі. Тагачасны ўладар Старога Мядзела Генрык Паклеўскі-Козел, якому належала мясцовасць на поўнач ад мястэчка, выдзеліў пад капліцы ўчастак зямлі пад назвай Гуркі. З дапамогай мясцовых жыхароў айцец Браніслаў вызначыў месца для пабудоў, узяўшы за ўзор план Кальварыі Зэбжыдоўскай, што ў Польшчы. Там былі пастаўлены драўляныя крыжы.

Пасля смерці Паклеўскага-Козела кармеліты купілі ў Валадковіча 50 гектараў зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварка Мікасецк. У 1933–1938 гг. рупнасцю айца Ігнацыя Быліцы вернікамі з цэглы і каменю было пабудавана 15 капліц, якія перакрываліся бляхай.

23-9

Летам Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай манахаў-кармелітаў. Далейшую работу па аднаўленні святога месца перапыніла Другая сусветная вайна. 2 лістапада 1942 года Кальварыя, у якой у той час налічвалася каля 40 капліц, была разабрана і знішчана.

З 1995 года пачалося паступовае аднаўленне культу Кальварыі. З кожным годам усё больш і больш людзей збіралася на гэтым святым месцы. Былі пастаўлены крыжы на месцы рэшткаў былых капліц, а таксама на Галгофе — гары Трох крыжоў.

Кальварыя ў Мядзеле — найперш каталіцкая святыня, да якой штогод у ліпені на ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай і ў верасні на свята Узвіжання Святога Крыжа будуць збірацца шматлікія вернікі і пілігрымы. Разам з тым, адноўлены комплекс з'яўляецца духоўнай, гістарычнай і культурнай каштоўнасцю Беларусі, якую, думаецца, варта наведаць кожнаму, каб прайсці шляхам Хрыста, ачысціцца душой і падумаць аб месцы і прызначэнні сваім на Зямлі.

Ігар Пракаповіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.