Вы тут

У трэндзе — мясцовыя навіны


або Што шукаюць чытачы ў шведскіх «раёнках»

Шэсць гадзін раніцы — самы разгар «працоўнага дня» паштальёна ў Швецыі. Назіраю, як чалавек не еўрапейскай знешнасці на веласіпедзе спяшаецца даставіць свой груз падпісчыкам да ранішняй кавы. Гэта традыцыя: свежая прэса праглядаецца шведамі яшчэ да пачатку працоўнага дня. Магчыма, калі знікне гэтая традыцыя, а дакладней, калі зменіцца пакаленне, то пагроза знікнення, якая навісла над усімі друкаванымі СМІ, пераўтворыцца ў рэальнасць. Таксама, як і ў большасці іншых краін, платныя друкаваныя выданні ў Швецыі губляюць сваіх чытачоў, якія пераходзяць на бясплатныя штодзённыя газеты і навіны ў «сетцы».

Напісаць пра кожнага

«Барометр» — рэгіянальная штодзённая шведская газета (па нашых мерках — раённая, бо тэрыторыя Швецыі падзелена на 21 лен, а лен Кальмар — адзін з іх). Газета выходзіць шэсць разоў на тыдзень, акрамя нядзелі. У 1841 годзе яе заснаваў Юнг Энстрэйм.

— Яго галоўнай мэтай было «шчоўкнуць па носе» ўлады. Сёння ён, напэўна, стаў бы блогерам, — жартуе галоўны рэдактар газеты Андэрс ЭНСТРАМ, — але ў тыя часы ў яго была адзіная магчымасць — стварыць уласную газету. Мы з'яўляемся часткай канцэрна, які ахоплівае ўсю паўднёвую частку Швецыі. Канцэрн належыць фонду, а распарадчыкі гэтага фонду прытрымліваюцца даволі незвычайнай думкі. «Мы друкуем газеты не для таго, каб зарабляць. Мы зарабляем грошы для таго, каб мець магчымасць выпускаць газеты», — кажуць яны. Таму галоўная мэта нашага выдання — быць дэмакратычным інструментам і працаваць на карысць грамадства.

Тыраж «Барометра» складае 40 тысяч экзэмпляраў. А колькасць насельніцтва ў зоне ўплыву газеты — 240 тысяч чалавек. Калі ўлічыць, што ў сям'і як мінімум два-тры чалавекі чытаюць або праглядаюць газету, то атрымліваецца зусім неблагая арыфметыка. 99 працэнтаў усяго тыражу распаўсюджваецца па падпісцы, якая прыносіць. 55 працэнтаў даходаў. Астатнія 45 працэнтаў даходаў — размяшчэнне рэкламы.

Галоўная стаўка ў газеце робіцца на мясцовыя навіны, якія займаюць 95% агульнага інфармацыйнага кантэнту. Сусветныя падзеі, перш чым трапіць на старонкі «Барометра», аналізуюцца на прадмет таго, ці ўплываюць яны на мясцовае насельніцтва. Калі выражанай сувязі не назіраецца, то на старонкі нацыянальных газет навіны сусветнага маштабу не выходзяць. Здавалася б, як вайна ў Сірыі можа адбіцца на шведах? Аднак, высвятляецца, што падзеі ў Сірыі закранулі і Кальмар: горад, у якім размяшчаецца галоўная рэдакцыя «Барометра», рыхтаваўся прыняць 100 бежанцаў з гэтай краіны.

Шведы вельмі ганарацца Законам аб свабодзе друку, які яны прынялі першымі ў свеце яшчэ ў 1766 годзе. Журналіст лічыцца галоўным прадстаўніком народа ва ўладзе. Любыя дзверы перад работнікамі СМІ адчыняюцца пасля прад'яўлення пасведчання.

— Наша газета распаўсюджваецца ў 10 з 12 муніцыпальных акруг. І кожная акруга мае па меншай меры адну паласу для адлюстравання сваіх навін, — тлумачыць рэдактар аддзела навін Пеле ЮХАНСАН. — Востраву Эланд адводзіцца дзве паласы, а ў летні сезон нават тры-чатыры, паколькі туды прыязджае да паўмільёна турыстаў. Імкнёмся захоўваць прапорцыю паміж сур'ёзнымі навінамі, рэпартажамі і кароткімі замалёўкамі.

[caption id="attachment_54057" align="alignnone" width="600"]23-16 Выпускнікі гуляюць, а журналісты пішуць...[/caption]

Напрыклад, у дзень нашага наведвання рэдакцыі галоўнай навіной былі выпускныя вечары ў гімназіях. Таму «Барометр» планаваў адвесці пад гэтую тэму тры паласы і публікаваць фатаграфіі выпускнікоў і прозвішчы выпускнікоў-стыпендыятаў. У муніцыпальных рэдакцый нават ёсць задача — напісаць пра кожнага жыхара хоць бы адзін раз у год. Мясцовыя жыхары, у сваю чаргу, могуць уплываць праз газету на тое, што адбываецца, выказваць сваё меркаванне.

Не перашкаджайце журналісту!

Шведы вельмі ганарацца Законам аб свабодзе друку, які яны прынялі першымі ў свеце яшчэ ў 1766 годзе. Журналіст лічыцца галоўным прадстаўніком народа ва ўладзе. Любыя дзверы перад работнікамі СМІ адчыняюцца пасля прад'яўлення пасведчання, а адказ на афіцыйны запыт дзяржаўная ўстанова павінна даць у 24-гадзінны тэрмін. Увогуле ў Швецыі дзейнічае прынцып усеагульнага доступу да інфармацыі, або публічнасці дакументаў. Гэта азначае, што ўсе афіцыйныя дакументы (за выключэннем тых, што ўключаны ў разрад сакрэтных), даступныя для любога, хто хацеў бы з імі азнаёміцца. Натуральна, што журналісты, маючы такую прафесію, часцей за іншых карыстаюцца гэтым правам. У выніку ўсе тры ўлады — заканадаўчая, выканаўчая і судовая — знаходзяцца ў Швецыі пад шчыльнымі назіраннем чацвёртай улады — сродкаў масавай інфармацыі.

Шведскі закон забараняе пошук або раскрыццё крыніцы журналісцкай інфармацыі. Да слова, усю адказнасць за інфармацыю, выкладзеную ў артыкулах журналістаў, у лістах чытачоў і нават у рэкламе, нясе адказны выдавец. Уладальнік перыядычнага выдання абавязаны прызначыць чалавека, які нясе адказнасць за ўсё, што друкуецца ў газеце (часцей за ўсё, гэта галоўны рэдактар). Магчыма, такая сістэма можа падацца не зусім справядлівай, але яна дазваляе журналісту свабодна весці расследаванне нават тады, калі яно закранае інтарэсы буйных фігур у бізнесе або палітыцы.

23-18

Цікава ведаць:

Па колькасці чытачоў газет самыя высокія пазіцыі ў свеце займаюць краіны Скандынавіі і Японія.

Звычайная шведская сям'я падпісваецца на некалькі штодзённых газет.

Паводле статыстыкі, сярэднестатыстычны швед паспявае прачытаць больш як тры друкаваныя выданні штодня. Ранішнія газеты па выхадных днях чытаюць 64% шведаў.

35% шведаў сцвярджаюць, што кожны дзень наведваюць сайты навін.

У 2012 годзе агульны тыраж штодзённых газет (платных і бясплатных ) складаў 3,8 млн асобнікаў.

Калі ў Швецыю прыязджаюць «зоркі» сусветнага шоу-бізнесу і заяўляюць, што іх нельга фатаграфаваць, журналісты смела ігнаруюць «зорныя» забароны: прыезд такой персоны — гэта навіна, а асвятляць навіны — галоўны прафесійны абавязак журналіста...

Да слова, у Швецыі журналіст — гэта, хутчэй, «расказчык гісторыі»: яго задача — інфармаваць і эмацыянальна ўздзейнічаць на чытача, даць яму магчымасць паразважаць і самастойна вызначыцца са сваёй пазіцыяй.

Шведскія ўлады заахвочваюць стварэнне новых газет і, па магчымасці, стараюцца папярэдзіць банкруцтва існуючых. Тым, хто прайграе ў канкурэнтнай барацьбе, прадастаўляюцца субсідыі. Дзяржава ўмешваецца ў рыначны працэс, паколькі тут упэўнены, што інфармацыю грамадзяне павінны атрымліваць з розных крыніц. Акрамя таго, дзяржаўныя субсідыі дапамагаюць папярэдзіць паглынанне слабых моцнымі і папярэдзіць манапалізм на рынку сродкаў масавай інфармацыі. У тым жа Кальмары выпускаецца яшчэ адна, куды менш уплывовая газета, якая адлюстроўвае палітыку апазіцыйнай партыі.

Газета ў смартфоне?

У «Барометры» працуюць каля 120 служачых, з іх 70 — непасрэдна ў Кальмары (адміністрацыйны цэнтр лена), астатнія — у муніцыпальных акругах. Трапіць на пастаянную работу ў газету — справа няпростая. У сувязі з эканамічным крызісам многія працадаўцы былі вымушаны скараціць свае выдаткі і штаты, таму рынак беспрацоўных журналістаў у краіне вельмі разросся. Маладых журналістаў могуць запрасіць у рэдакцыю ў летні час, калі пастаянныя работнікі ідуць у водпуск. Для маладых гэта магчымасць сябе зарэкамендаваць, каб іх запрасілі ў штат.

— Так было і ў маім выпадку, — расказвае рэдактар аддзела навін Пеле Юхансан. — Месячны заробак журналіста-пачаткоўца складае без выліку падатку каля 23 тысяч шведскіх крон (1 еўра — гэта прыкладна 9 шведскіх крон. — Аўт.).

Сярэдні ўзрост падпісчыка «Барометра» — 60 гадоў. Жанчыны, як высветлілася, з'яўляюцца больш актыўнымі чытачамі. Калі мужчыны вывучаюць галоўным чынам спартыўную старонку газеты, то жанчын цікавяць мясцовыя навіны, і нават рэклама. У шведскім грамадстве, якое змагаецца за гендарную роўнасць, часта папракаюць сродкі масавай інфармацыі ў тым, што мужчынам на старонках газет надаецца значна больш увагі.

— Але мы павінны адлюстроўваць грамадства такім, якое яно ёсць, — упэўнены Андэрс Энстрам. — Калі большасць пастоў кіраўнікоў займаюць у Швецыі мужчыны, мы не можам гэта змяніць. Але і жанчын мы не крыўдзім: па суботах у нас выходзіць для іх спецыяльны дадатак. А для мужчын, у сваю чаргу, рыхтуем спартыўны дадатак.

Рэклама можа займаць у газеце ад 20 да 40 працэнтаў плошчы. Каб чытачы не абураліся вялікай колькасцю непатрэбнай ім інфармацыі, «таўшчыня» газеты гібка рэгулюецца ў залежнасці ад аб'ёму рэкламы — каб дагадзіць і рэкламадаўцам, якімі тут вельмі даражаць, і чытачам, якімі даражаць не ў меншай ступені.

Галоўную канкурэнцыю газеце, як канстатуе галоўны рэдактар Андэрс Энстрам, складаюць інтэрнэт-рэсурсы. «На жаль, мы не заўсёды ведаем сваіх канкурэнтаў», — канстатуе ён.

Паколькі друкаваныя СМІ вымушаны «выжываць» у лічбавым грамадстве, то ўявіць сабе газету без інтэрнэт-версіі сёння немагчыма.

[caption id="attachment_54058" align="alignnone" width="600"]23-17 Рэдактар аддзела навін газеты "Барометр" Пеле ЮХАНСАН: "Планёркі ў нас цяпер праходзяць тройчы на дзень".[/caption]

— Раней на вэб-сайце мы размяшчалі толькі невялікую частку інфармацыйнага кантэнту, але, пачынаючы з восені, будзем размяшчаць там усё, — тлумачыць Андэрс Энстрам. — Аднак доступ да поўнага кантэнту будзе толькі ў падпісчыкаў. Узнікае заканамернае пытанне: а ці не адбудзецца адток нашых чытачоў на бясплатныя сайты навін? Лічым, што на нашай тэрыторыі ўплыву ніхто не зможа спаборнічаць з «Барометрам» у адлюстраванні навін, таму нашы чытачы застануцца з намі. З іншага боку, мы павінны паляпшаць тэхніку падачы матэрыялаў праз вэб-сайт — зрабіць нашу газету даступнай як на смартфонах, так і на іншых платформах. Моладзь сёння не чытае папяровую версію, а пра ўсе навіны даведваецца са смартфонаў.

Кожны чытач зможа зрабіць індывідуальную падборку тых навін, якія яго цікавяць. Да таго ж і рэкламадаўцы змогуць дзейнічаць больш «кропкава» і эфектыўна, і адрасаваць сваю рэкламу тым людзям, на якіх яна была першапачаткова разлічана.

— Будзем працаваць у анлайн-рэжыме. Няма сэнсу трымаць навіны да заўтрашняга дня, — дадае рэдактар аддзела навін Пеле Юхансан. — А на апасенні, што чытачы не гатовы плаціць за інфармацыю ў інтэрнэце, скажу так: «Мы не можам увесь час бясплатна частаваць людзей сваёй працай».

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота аўтара.

Мінск—Кальмар—Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?